Фільм Агнешкі Холанд «Зялёная мяжа» знайшоў пазітыўны водгук у расійскіх і беларускіх СМІ. Узгадкі пра яго ёсць і ў расійскай блогасфэры. Там стужку выкарыстоўваюць для дыскрэдытацыі Польшчы, яе палітыкі і дзейнасці дзяржаўных інстытутаў.
Яшчэ да выхаду ў польскія пракат «Зялёная мяжа» выклікала ў Польшчы надзвычайна моцную палеміку і эмацыйную рэакцыю. З аднаго боку, фільм нядаўна быў узнагароджаны спецыяльным прызам журы на Венецыянскім міжнародным кінафестывалі. Ён таксама атрымаў прызнанне групы замежных і асобных польскіх кінакрытыкаў і рэцэнзентаў. З іншага боку – зыходзячы з трэйлера і апісання – шмат хто палічыў яго стужкай, якая скажае сітуацыю на ўсходняй мяжы, дзе працягваецца гібрыдная вайна, распачатая беларускім рэжымам.
Надзвычай моцнае абурэнне гэты фільм выклікаў у польскіх памежнікаў. «Рашуча заяўляю, што «Зялёная мяжа» не адлюстроўвае рэальных падзей», – адзначыла ў інтэрв’ю PolskieRadio24.pl прэс-сакратар Памежнай службы Анна Міхальска. Надвіслянскі аддзел памежнай службы незалежнага прафсаюза «Салідарнасць» адрэагаваў яшчэ больш жорстка і выступіў з адмысловай заявай з гэтай нагоды. У ёй карціна называецца скандальнай, антыпольскай прадукцыяй, якая «ўслаўляе паталагічную з’яву нелегальнай міграцыі і ўзводзіць паклёп на польскіх жаўнераў і афіцэраў, якія нясуць самаадданую службу па ахове мяжы. Гэты фільм прадстаўляе польскую дзяржаву як бесчалавечную дыктатуру, а польскіх салдат і афіцэраў як бяздушных ланцуговых сабак рэпрэсіўнага рэжыму».
Адначасова фільм у прапагандысцкіх мэтах выкарысталі беларускія і расійскія СМІ. Упаўнаважаны ўрада Польшчы па бяспецы інфармацыйнай прасторы Станіслаў Жарын адзначыў, што «беларуская прапаганда ў захапленні ад фільма Агнешкі Холанд, таму што там утрымліваецца пасыл, сугучны дзейнасці Беларусі і Расіі супраць Польшчы ў інфармацыйнай прасторы». У якасці прыкладу ён прывёў публікацыю, размешчаную на сайце Белтэлерадыёкампаніі. У гэтым матэрыяле фільм Агнешкі Холанд хваляць, адзначаюць, што ён «заснаваны на рэальных падзеях». Таксама беларусы кажуць пра «нацысцкія практыкі польскай памежнай аховы» і «стварэнне польскімі ўладамі канвеера смерці». Падобны наратыў можна ўбачыць і ў акаўнтах сацыяльных сетак, якія выкарыстоўваюцца для распаўсюджвання беларускай дэзінфармацыі. «Зялёная мяжа» служыць доказам ілжывых сцвярджэнняў, што Польшча нясе адказнасць за крызіс на мяжы і што службы краіны «злачынна паводзяць сябе» у дачыненні да мігрантаў.
Для прапаганды «Зялёную мяжу» таксама выкарыстоўваюць буйныя пракрамлёўскі расійскія СМІ. Яны хваляць фільм Холанд, заяўляючы, што яго заслужана ацанілі ў Венецыі. «Известия» пішуць пра яго, як пра абвінавачанне на адрас Польшчы. Для бежанцаў яна здаецца зямлёй абяцанай і раем на зямлі. Аднак калі яны туды трапляюць, іх, як піша пракрамлёўская газета, «на вачах усяго свету катуюць і забіваюць» польскія памежнікі. Варта дадаць, што выдаўцу «Известий» – Нацыянальную медыягрупу – узначальвае Аліна Кабаева, якую многія лічаць каханкай Пуціна. У сваю чаргу, паводле іншага расійскага СМІ, якое транслюе маскоўскі прапагандысцкі мэсадж, – «Коммерсанта» – фільм паказвае праўдзівы вобраз сённяшняй Еўропы, якая стала месцам «ксенафобіі і папулізму». Бежанцы, якія бягуць ад «пекла» – «вайны, галечы і пераследу» – трапляюць у месца, якое нельга назваць «раем». Яны становяцца «разменнай манетай у палітычных гульнях», і нікога не хвалюе, што яны ў працэсе паміраюць ад голаду і смагі ці тонуць у балотах. Пракрамлёўская газета таксама дадае, што жыхары польскіх гарадоў на памежжы адчуваюць моцны страх перад незнаёмцамі і ўсім іншым. «Зялёную мяжу» таксама прыхільна сустрэлі расійскія крыніцы, якія распаўсюджваюць крамлёўскую прапаганду ў сацыяльных сетках. Там яе назвалі фільмам, які «вельмі праўдападобна» паказвае рэчаіснасць.
Варта адзначыць, што фільм Агнешкі Холанд насамрэч не здымае з Беларусі адказнасці за трагічны лёс мігрантаў, якая іх падманвае, ашуквае і без падрыхтоўкі выкідвае ўглыбіні памежных лясоў. Як напісаў Давід Дудко ў рэцэнзіі на Onet: «Фільм (…) не адмаўляе таго, што загнаныя ў лес людзі – гэта выклік для дэмакратычнай сістэмы.» Гэта заўважаюць нават расійскія прапагандысцкія крыніцы (але не беларускія). «Известия» сцвярджаюць, што фільм вылучае абвінавачванні ў асноўным супраць Польшчы, але таксама і супраць Беларусі. Адзін з прапагандыстаў твітэра сцвярджае, што ў стужцы тым не менш «шмат недакладнасцей». Як саркастычна адзначыў у сваім каментары на партале Х (былы Твітар) Міхал Марэк, экспэрт па адсочванні расійскай дэзінфармацыі з Цэнтра даследаванняў сучаснага асяроддзя бяспекі: «Недакладанасці» хутчэй за ўсё звязаны з тым, што палякі паказаны ў гэтым фільме не так дрэнна, як гэтага хацелася б расіянам і беларусам».
Не кранаючы мастацкіх каштоўнасцей фільма Агнешкі Холанд і неадназначнасці пасылу, хто ў рэшце рэшт вінаваты ў лёсе мігрантаў, стужка тым не менш стала зручнай падставай для беларускіх і расійскіх цэнтраў дэзінфармацыі, каб сфальсіфікаваць вобраз гібрыднай памежнай аперацыі, якую праводзяць Беларусь і Расія і якая накіравана на дэстабілізацыю Польшчы і ўсяго Еўрасаюза. Гэтая зброя зручная яшчэ і тым, што, калі з’явіліся згаданыя прапагандысцкія наратывы, фільм цалкам практычна ніхто не глядзеў.
Comments are closed.