Loading

Сустрэча-нэтворкінг у фармаце People meet People, што прайшла ў беластоцкім хабе «Новая зямля», прыцягнула ўвагу беларусаў, якія пераехалі ў Польшчу, і мясцовых жыхароў. Яны знаёміліся паміж сабой, распавядалі пра свае інтарэсы і пра акалічнасці жыцця ў абедзьвюх краінах.

«Галоўнае, каб людзі знаёміліся з людзьмі», – кажа прадстаўніца беластоцкай некамерцыйнай арганізацыі OWOP (Ośrodek Wspierania Organizacji Pozarządowych), якая ладзіла нэтворкінг, Ірына Капланішвілі. Паводле яе менавіта OWOP прывёз дадзеную методыку з Нарвегіі, і праводзіць у Беластоку ўжо не першую такую сустрэчу.

«Цыклічныя сустрэчы праводзяцца ў розных месцах не толькі для знаёмства людзей паміж сабой, але і для таго, каб людзі-іншаземцы разумелі, дзе і што знаходзіцца ў Беластоку. Часам мы праводзім такія сустрэчы ў бібліятэцы, галерэе «Арсенал», у Цэнтры грамадскай актыўнасці. Цяпер вырашылі правесці тут, паколькі быў вялікі інтарэс з боку беларусаў, таксама тут добрае месца пад такія мерапрыемствы.

На чым базуецца гэта методыка? Напрыклад, 10 палякаў і 10 іншаземцаў. Мы праводзім з імі размову, яны па чарзе распавядаюць пра сябе, адзін-два сказы, а пасля мы іх падзяляем у пары. І вось гэтыя пары між сабой па паўгадзіны размаўляюць на любыя тэмы. Па інтарэсах яны могуць недзе не супадаць, але знаходзяць агульную мову. З некалькіх сустрэч, якія ўжо адбыліся, было што, напрыклад, жанчына-псіхолаг, якая нядаўна сюды пераехала з Украіны, знайшла сабе працу, дзякуючы знаёмству з полькай. Іншы выпадак быў, калі абітурыентка атрымала інфармацыю аб паступленні і потым паступіла. Трэці выпадак быў, калі я распавяла аднаму чалавеку, які прыехаў сюды, як заняцца індывідуальным прадпрымальніцтвам. Розная тэматыка. Можа быць проста ні пра што, можа быць аб жыцці, аб дзецях, аб вандроўках і так далей».

Ірына Капланішвілі

На сустрэчу ў хабе «Новая зямля» прыйшло больш за 20 чалавек. У асноўным гэта беларусы, прычым не толькі тых, хто нядаўна пераехаў у Польшчу, а таксама і тыя, што жывуць тут апошнія год-два. Палякаў, а дакладней полек, бо ніводнага мужчыны з мясцовых жыхароў не было, не ўсім хапіла для такой польска-беларускай пары. Таму некаторыя беларусы размаўлялі ў парах паміж сабой і перадавалі ўласны досвед жыцця на новым месцы.

Пасля заканчэння сустрэчы, некаторыя яе ўдзельнікі, як польскія, так і беларускія падзяліліся сваімі ўражаннямі.

«Здаецца мне, што свет ёсць прыгожы. І ўсе мы ствараем бар’еры і межы штучныя. У сабе маем вельмі шмат для ахвяравання, і нават у першым кантакце аказваецца, што маем шмат агульных рэчаў».

«Не было ўвогуле ніякіх бар’ераў. Такая свабода маўлення па-польску, па-беларуску, па-расійску. Размаўлялі пра ўсё: пра культуру, пра палітыку, нейкія агульныя мэты. Гэта было файна і цудоўна».

«Лёгкае ўстаноўка адносін з другім чалавекам, якога абсалютна не ведаю, першы раз бачу. Такая лёгкасць размовы. Аказалася, што маем агульныя тэмы, нешта нас аб’ядноўвае – паходжанне ці якія іншыя сямейныя стасункі».

«Я размаўляў з жанчынай. Яна з’яўляецца трэнеркай нефармальнай адукацыі, працуе ў розных недзяржаўных арганізацыях. Сустрэча была вельмі карысная, хоць і кароткая. Абмяняліся кантактамі, досведам. Мы даведаліся пра новыя магчымасці».

Наступную сустрэчу-нэтворкінг палякаў з іншаземцамі OWOP мае намер правесці ў мясцовай галерэі «Арсенал» 19 кастрычніка.

Comments are closed.