Loading

Сёння – Міжнародны дзень абароны дзяцей. Шмат маленькіх беларусаў за апошнія тры гады былі вымушаны пакінуць радзіму, бо іх бацькам пагражалі пераслед і турма. Адна са шматлікіх беларускіх дыяспар – у Беластоку. Дзеці эмігрантаў тут наведваюць школы, ліцэі, дзіцячыя садкі. Як прайшла іх адаптацыя ў новай краіне, праз якія цяжкасці прыйшлося прайсці і ці часта дзеці ўзгадваюць Беларусь? З такімі пытаннямі да бацькоў звярнуўся наш беластоцкі карэспандэнт Уладзімір Лапцэвіч.

Зміцер: прыехаў у Беласток увесну 2021 года са Шклова. Потым да яго далучылася яго шматдзетная сям’я.

— Дзеці вельмі лёгка перанеслі пераезд і ўспрынялі Беласток вельмі добра. Ім падабаецца гэты горад. Можа таму, што мы пажылі ў маленькім горадзе ў Беларусі, і калі пераехалі ў буйны еўрапейскі горад, ім тут вельмі спадабалася. Адаптацыя прайшла даволі лёгка. Ходзяць у школу, добра вучацца, праблем ніякіх няма.

Дзяніс: вымушаны быў пакінуць Шчучын разам з сям’ёй яшчэ ўвосень 2020-га:

— Мы прыехалі напрыканцы кастрычніка 2020 года. Старэйшага сына, якому на той момант было сем гадоў, мы аддалі адразу пасля каранціна ў школу. Ужо праз тыдзень ён вучыўся. З малодшым была праблема. Яму на той момант было чатыры гады, і месцаў у садочках не было. Я абыходзіў літаральна кожны дзіцячы садок, заходзіў да дырэктараў, пытаўся, ці ёсць вольныя месцы. Урэшце пытанне ўдалося вырашыць.

— Як дзеці перажылі тое, што іх вырвалі са знаёмага асяроддзя, са свайго дома?

— У мяне старэйшы толькі-толькі пайшоў у Беларусі ў першы клас, два месяцы адвучыўся там. Для яго гэта было не так складана, і ён праз месяцы паўтары пачаў гаварыць па-польску. Ён разумеў добра, але словы каверкаў. А малодшы дзесьці паўгады не хацеў размаўляць па-польску. Ён з усімі – і з палякамі, і з беларусамі, і з украінцамі – размаўляў па-расейску. А пазней, калі ён пайшоў ужо ў другі садок, мы заўважылі, што з дзецьмі ён размаўляе ўжо па-польску.

Таццяна: перавезла дзяцей падлеткаў (15 і 13 гадоў) з Брэста ўвосень 2022 года.

— Сын скончыў дзевяць класаў, здаў экзамены ў Беларусі, тут ён павінен ісці ў ліцэй. У ліцэі месцаў не было, але ў Беластоку стварылі два класы пробныя для дзяцей з Украіны і з Беларусі, і мы трапілі ў адзін з гэтых класаў. І вось ён зараз заканчвае, і пакуль дырэктар не ведае, што з гэтымі дзецьмі далей рабіць.

Дачку адразу ўзялі ў восьмы клас, але яна не ведала польскай мовы ўвогуле. Пасля восьмага класу тут здаюць экзамены, і яна іх здала. Здала спакойна, без нерваў, вельмі добра ўсе ставяцца. Ёсць для іншаземцаў палёгка на экзаменах.

Аляксандр: пераехаў з Маладзечна ўвосень 2020 года з дзецьмі-падлеткамі.

— Сын і раней вучыўся ў ліцэі ў Польшчы, а дачка, маючы 15 гадоў, пайшла вучыцца ў той жа ліцэй. Малодшая дачка – у сёмы клас падставовай школы. Такім чынам на вучобу дзеці ўладкаваліся нармальна. Дачка вучыцца ў ліцэі, дзе шмат беларусаў. У яе там сяброўкі ёсць з Гародні, з іншых месцаў, але казала, што пасябравала і з полькай. У малодшай таксама ў класе шмат беларусаў, якія пераехалі. Таму ў іх ёсць тут з кім сябраваць, з кім бавіць час. Безумоўна, я бачу, што яны сумуюць па Беларусі, у іх там сябры засталіся. Яны хацелі б туды, прынамсі, на вакацыі ездзіць, але такая сітуацыя, што давядзецца ім тут, як і мне, сядзець і чакаць лепшых часоў.

 

Ліцэй №3 у Беластоку, у якім выкладаюць па-беларуску. Крыніца: wikipedia.org

Comments are closed.