На мінулым тыдні прадстаўнік Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі па замежных справах Валер Кавалеўскі знаходзіўся ў Кіеве з працоўным візітам. Напярэдадні ад’езду ён даў адкрытую прэс-канферэнцыю ў медыяцэнтры «Україна – Укрінформ». Для радыё Ўнэт спадар Кавалеўскі распавёў пра вынікі паездкі, рэакцыю на спробы дыскрэдытацыі дэмакратычных палітыкаў, планы надалей і меру адказнасці беларусаў перад Украінай.
Мэта візіту — праінфармаваць украінскі бок пра дзейнасць Кабінета і абмеркаваць прапанову Святланы Ціханоўскай стварыць альянс паміж дэмакратычнай Беларуссю і Украінай, а таксама высветліць супольныя інтарэсы і абмеркаваць, што сёння можна зрабіць для вырашэння бягучых праблемаў і для супольнай будучыні.
Кантэкст паездкі супаў з абвастрэннем сітуацыі вакол Беларусі. І на гэтым этапе падаецца, што роля Беларусі будзе ўзрастаць праз удзел Лукашэнкі ў гэтай вайне.
І гэта закранае інтарэсы Украіны і пагражае незалежнасці Беларусі.
Валер Кавалеўскі лічыць паездку выніковай, бо на агучаныя прапановы прагучаў канструктыўны і карысны водгук — і на ідэі, і на структуру Кабінету, на тое, якія мэты перад ім ставяцца.
Усе сустрэчы былі закрытымі, гэта была адна з умоў іх правядзення. Таму імён і пасад палітыкаў, з якімі сустракаўся Валер Кавалеўскі, даведацца не атрымалася. Але прадстаўнік Кабінета адзначыў, што гэта былі сустрэчы на годным узроўні ў Вярхоўнай Радзе з прадстаўнікамі выканаўчай улады.
Апошнія некалькі тыдняў вакол Беларусі з украінскага боку назіраецца адмоўная інфармацыйная хваля. Некаторыя ўкраінскія палітыкі выказаліся, што не варта ўсталёўваць палітычныя стасункі са Святланай Ціханоўскай, а лепш гэта рабіць з прадстаўнікамі Палка Каліноўскага.
Гэтыя заявы супалі са знаходжаннем ва Украіне Валера Кавалеўскага. Прадстаўнік дэмакратычных сіл з паразуменнем ставіцца да гэтага, бо натуральна, што ва ўмовах вайны ўкраінскі бок ацэньвае партнёрства па практычных учынках і дзеяннях.
І ў гэтым сэнсе Полк Каліноўскага з’яўляецца абсалютным беларускім лідарам. Унёсак беларускіх ваяроў у змаганне Украіны варты пашаны і гонару. Кабінет са свайго боку адкрыты для супрацы і робіць усё магчымае, каб яна пашыралася.
Дакоры і абвінавачванні з украінскага боку звычайна датычацца двух пытанняў – прызнання Крыма і выказвання Святланы Ціханоўскай падчас інтэрв’ю ў 2021 на расійскам радыё «Эха Масквы», калі яна назвала Уладзіміра Пуціна мудрым палітыкам.
На гэта Валер Кавалеўскі нагадаў, што пазіцыя Святланы Ціханоўскай і яе Офісу датычна Крыма была агучана яшчэ ў 2021 годзе і з таго часу не мянялася. Крым — гэта частка Украіны, і ён павінен ёй належыць не толькі дэ-юра, але і дэ-факта.
Што да выказвання ў бок Пуціна, то ў свой час шмат лідараў розных краін свету выказвалася за канструктыўную супрацу з Пуціным. І гэтай фразай Святлана Ціханоўская спрабавала схіліць Пуціна на свой бок, не больш за тое. І на той момант нікому не было вядома, які падзеі чакаюць нас наперадзе.
Валер Кавалеўскі лічыць, каб пазбегнуць падобных непаразуменняў, нам трэба дакладней весці тлумачальную працу ў беларускай і ўкраінскай інфармацыйнай прасторах.
Пад час сваёй прэс-канферэнцыі Валер Кавалеўскі некалькі разоў засяродзіўся на тым, што беларусы ўнутры краіны не хочуць ваяваць супраць украінцаў. І беларускія вайсковыя ў тым ліку. На чым грунтуецца такая ўпэўненасць?
Кавалеўскі спасылаецца на апытанні, якія перыядычна праводзяцца сярод беларусаў, а таксама на інсайды ад людзей з беларускага войска, якія працуюць у сістэме і аб якіх з гледзішча бяспекі казаць немагчыма. Але варта прызнаць, што частка беларусаў знаходзіцца пад уплывам прапаганды і не ведае праўды пра гэту вайну. З гэтым таксама трэба працаваць, каб даносіць да людзей праўду.
Як плануецца праца з украінскім бокам на далей?
Наперадзе камунікацыйная праца на экспертным і інфармацыйным узроўні. Таксама будзе працягвацца праца з Вярхоўнай Радай і выканаўчымі структурамі, каб беларуская дэмакратычная супольнасць магла рабіць для Украіны значна больш. Гэта магчыма ва ўмовах супольнай працы і пры падтрымцы на міжнародным, палітычным і дыпламатычным узроўнях.
Таксама ў сваім выступе на брыфінгу Валер Кавалеўскі закрануў пытанне адказнасці Беларусі па заканчэнні вайны перад Украінай за саўдзел у вайне.
Пераходны Кабінет усведамляе важнасць такой адказнасці і не ўхіляецца ад яе. Але падчас вырашэння памераў і спосабаў кампенсацый варта ўлічваць унёсак беларусаў у змаганне Украіны з агрэсарам.
Згодна з міжнародным правам Беларусь падпадае пад вызначэнне агрэсара. Разам з тым варта ўлічваць, што Беларусь знаходзіцца пад унутранай акупацыяй з 2020 года. А з уваходам расійскіх войскаў у Беларусь гэта акупацыя толькі паглыбілася.
Але выкарыстанне тэрыторыі для агрэсіі і іншая дапамога Пуціна адбываецца супраць волі беларускага народа. Бо тыя рашэнні, што зараз прымае рэжым ад імя Беларусі, насамрэч ані гэтае імя, ані нацыянальныя інтарэсы, ані волю народу не адлюстроўваюць. Больш за тое, яны нясуць пагрозу нацыянальнай бяспецы і суверэнітэту Беларусі. І гэтыя фактары важна ўлічваць пры абмеркаванні пытання, якая павінна быць мера адказнасці беларусаў за злачынствы рэжыму супраць Украіны.
Comments are closed.