Loading

Беларускае выдавецтва «Скарына», якое дзейнічае ў Лондане, прадставілі на фестывалі абужданых «Тутака» яго сузаснавальнік Ігар Іваноў і літаратар Уладзіслаў Гарбацкі. Дзякуючы выкарыстанню новых тэхналогій, свет пабачылі кнігі, якія было дорага выдаваць як у Беларусі, так і ва ўсёй Усходняй Еўропе.

Прэзентуючы сваё выдавецтва, якое з’явілася летась, Ігар Іваноў падкрэсліваў, што пасля 2020 года прыйшло адчуванне, што выдавецкую справу можна рабіць па-іншаму. І гэта не толькі таму, што беларускія выдавецтвы ў Беларусі аказаліся зачыненыя. Былі яшчэ іншыя прычыны, бо, паводле Іванова, калі мы, беларусы, апынаемся ў іншых краінах, то пачынаем глядзець на беларускасць крыху інакш. Мы пачынаем разумець, што яна вельмі шырокая, багатая і разнастайная. Гэта не толькі Беларусь, а цэлы беларускі сусвет, які можам разбудоўваць, у тым ліку дзякуючы таму, што апынаемся ў іншым кантэксце, у нас з’яўляюцца каштоўнасці, якія мы можам прыўнесці ў наша беларускае жыццё.

Яшчэ адной матывацыяй, што падштурхнула да стварэння выдавецтва ў Лондане, гэта тэхналогіі, якіх ёсць на захадзе, але якіх няма ў Беларусі, ды і магчыма, ва Усходняй Еўропе. Напрыклад Print On Demand, якое робіць выданне кніг нашмат прасцей і танней. Таму кнігі, якія камерцыйна не маглі з’явіцца ў Беларусі, зараз стала магчыма выдаць за мяжой.

На фестываль «Тутака» беларускае выдавецтва «Скарына» прадставіла свае выданыя за год творы: «Бэйруцкія апавяданні», «Песні тралейбусных рагуляў», «Артбук Bloodlands 20/22 Belarus/Ukraine» і іншыя.

Што ж тычыцца назвы выдавецтва, то паводле спадара Ігара, беларуская эміграцыя ніколі не саромелася выкарыстоўваць імя Скарыны, тым больш ім ганарыцца, таму было вырашана назваць яго імем нашага першадрукара, тлумачыць Ігар Іваноў.

«І я думаю, мы не памыліліся. Скарына быў авантурыстам. І мы падумалі, што мы таксама хочам быць крутымі як Скарына. Я разумею, што кажу контраверсійныя рэчы, таму што беларускае выдавецтва ў Лондане не можа быць вялікім выдавецтвам. Гэта заўсёды будзе маленечкая ініцыятыва, але Лонданам можна ўшывацца ў такія прагалы, якія існуюць у нашым беларускім свеце, сусвеце і паспрабаваць гэтыя прагалы запаўняць ці, можа, разбудоўваць, каб гэта прастора станавілася шырэй».

З гэтай нагоды я запытаўся ў Ігара Іванова, у чым жа канкурэнтная перавага выдавецтва «Скарына» у параўнанні з тымі беларускімі выдавецтвамі, якія, напрыклад, перанеслі сваю дзейнасць з Беларусі ў Польшчу і працуюць даволі паспяхова.

«Я не бачу беларускія выдавецтвы ў Польшчы ці тыя выдавецтвы, што мусілі выехаць з Беларусі як нашых канкурэнтаў. Нашы канкурэнты гэта расійскія выдавецтвы, якія сёння адцягваюць ад нас аўдыторыю, якая б магла чытаць па-беларуску, таму што ў нас не друкуецца дастаткова разнастайнай літаратуры па-беларуску, і яны чытаюць па-руску. Самы просты прыклад, гэта літаратура пра ЛГБТ, пра людзей, гэта вельмі папулярны жанр. Па-руску адразу некалькі выдавецтваў працуюць у гэтым жанры, а па-беларуску мы адзіныя, хто вырашыўся выдаць некалькі кніжак.

Я б сказаў, што мы дапаўняем тое, што адбываецца ў выдавецкім плане ў Польшчы. Мы, канешне, адрозніваемся, таму што ад самага пачатку мы вырашылі, што мы не выдавецтва ў эміграцыі, таму што мы былі вымушаны быць, наадварот – мы выдавецтва, якое нарадзілася ў эміграцыі і заўсёды будзе ў эміграцыі. У нас няма планаў пераязджаць у Беларусь, нават калі Беларусь стане дэмакратычнай, па вельмі простай прычыне. Калі беларусы жывуць у розных краінах, яны дасвядчаюць сваю беларускасць крышачку інакш, чым беларусы ў Беларусі. Гэта не значыць, лепш ці горш, а крышачку інакш. І калі гэты досвед прынесці ў наш агульны кацёл, то страва будзе смачней, прыгажэй і так далей. Таму, калі атрымалася жыць у Лондане мне, калегам – у Марбургу, у Вільні, трэба скарыстацца гэтай магчымасцю і зрабіць штосьці новае, цікавае для нас, беларусаў», – адказаў спадар Ігар.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.