Loading

У Варшаве ў сераду прайшла сустрэча князя Мацея Радзівіла з беларусамі. Мерапрыемства выклікала вялікую цікавасць: на сустрэчу людзі ехалі з іншых гарадоў і нават іншых краін. Заля пляцоўкі “Робім Разам” была запоўненая людзьмі, а жадаючых задаць свае пытанні нашчадку адной з галінаў знакамітага роду Радзівілаў было так шмат, што мерапрыемства зацягнулася ледзь не да ночы. Людзей цікавіла стаўленне спадара Мацея да беларускай улады, да яе дзеянняў па аднаўленні гістарычных будынкаў, у тым ліку і тых, якія некалі належалі славутаму роду. Пыталіся пра  гісторыю рода Радзівілаў,  пра адносіны з нашчадкамі іншых знакамітых шляхецкіх радоў, такіх як, напрыклад, Сапегі, з якімі ў пэўныя моманты гісторыі Радзівілы нават варагавалі.

Асноўная дзейнасць спадара Мацея сёння звязаная з вывучэннем гісторыі нашага рэгіёну і гэтая сустрэча стала часткай яго намаганняў дапамагчы беларускаму народу. Дапамагчы перш за ўсё ў аднаўленні ўласнай гісторыі, а таксама прыцягнуць увагу да важнасці гістарычнай памяці, якая, па меркаванні князя, безумоўна звязана з гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага.  

«Для мяне вельмі важна дапамагаць Беларусі. Пакуль была такая магчымасць, я вельмі часта ездзіў на працягу 35 год. Я быў першым Радзівілам, які пасля вайны паехаў у Беларусь у Нясвіж. І я заўсёды паўтараю, што ўсе беларусы, для якіх важная нацыянальная свядомасць, упісваюцца ў гісторыю Вялікага Княства Літоўскага. А Вялікае Княства гэта і ёсць гісторыя Радзівілаў, Сапегаў. І насамрэч не толькі я з’яўляюся Радзівілам, але як сёння падчас сустрэчы казаў, вы ўсе з’яўляецеся Радзівіламі, Сапегамі, Агінскімі. Бо гэта і ёсць наша агульная культура, наша агульная спадчына».

Беларусы ў сваю чаргу задавалі пытанні перш за ўсё звязаныя са стаўленнем спадара Радзівіла да таго, што зараз адбываецца ў Беларусі са спадчынай яго рода – замкамі, перш за ўсё, вядома, Нясвіжскім. У свой момант, спадар Мацей прымаў актыўны ўдзел у кансультацыях па рэнавацыі замку, каб зрабіць яе максімальна правільна, хоць беларускія ўлады ўсё роўна зрабілі гэта з пэўнымі хібамі.  Тым не менш, Мацей Радзівіл спадзяецца, што ў будучыні, калі Беларусь стане вольнай, у ёй знойдуцца сродкі на аднаўленне іншых будынкаў– замкаў і палацаў, якія маюць вялікую каштоўнасць.

Таксама спадар Радзівіл распавёў, што лічыць Лукашэнку здраднікам Беларусі, бо калісьці, яшчэ да вайны ва Украіне, беларускія ўлады актыўна адгукаліся на прапановы па рэканструкцыі гісторыка-культурных каштоўнасцей. Па меркаванні князя, хутчэй за ўсё гэта рабілася, каб на іх зарабіць грошы, а таксама пэўны палітычны імідж. Але, апошнім часам назіраецца адваротная сітуацыя – беларуская культура і мова ў Беларусі знаходзяцца пад прыгнётам, а гісторыя трактуецца на карысць Расіі.

Дарэчы, на сустрэчы гучалі не толькі сумныя высновы па сённяшняй сітуацыі. Было месца і для жартаў.  

«Адзіны раз я сустракаўся з Лукашэнкам. Гэта было, як раз, адкрыццё замку. І ў цэлым гэта была вельмі дзіўная сустрэча, бо ён там нешта мне казаў, потым пытау: «Нравится замок?», я кажу «Ну так, «нравится»». А потым была такая паўза, чаканне, каб я нешта яму распавёў. Ну і кажу: «Мы тут жылі цягам 500 гадоў. І ніколі не хацелі выязджаць адсюль. Але 17 верасня 1939 года мая сям’я была вывезеная адсюль». А ён пытае: «А што адбылося 17 верасня 39-га?». Я падумаў што ён жартуе. Зараз ён прызначыў на гэтую дату дзяржаўнае свята, дзень народнага адзінства. Але тады ён проста не ведаў, што гэта за дата. І хіба гэта быў Павел Латушка, які яшчэ быў у той момант міністрам культуры, патлумачыў. Ну а потым убаку сказаў, што прэзідэнт паходзіць з усходняй Беларусі і можа нават увогуле не з’яўляецца беларусам, таму не ведае».

Спадар Мацей мяркуе, што недарэчным было б казаць, што Радзівілы гэта польскі род, ці беларускі, ці нейкі іншы. Па ягоных словах, гістарычныя роды і асобы, наконт нацыянальнай прыналежнасці якіх часам здараюцца спрэчкі, не мусяць быць фактарам, які падзяляе народы, а, наадварот, з’яўляюцца часткай нашай агульнай гісторыя, якія нас, менавіта аб’ядноўвае. Сам спадар Мацей падчас размовы з прысутнымі адзначыў, што ўсё жыццё пражыў у Польшчы і даволі позна адкрыў для сябе беларускую частку сваёй гісторыі. Як ён кажа, напэўна яму ўжо позна станавіцца беларусам, але кожнага разу, калі ён прыязджаў у Беларусь і выходзіў на тэрасу Нясвіжскага замку, ён адчуваў сябе на сваім месцы, адчуваў сябе дома. 

«Я лічу, што палякі не мусяць абурацца, калі беларусы кажуць, што Касцюшка, Манюшка, Агінскі – гэта беларусы. Бо гэта тое, што нас звязвае, а не дзеліць. Немагчыма падзяліць напалову Касцюшку ці Манюшку. І яны жылі, відавочна, ў іншых часах. Якую свядомасць мелі яны – гэта ўжо іншае пытанне. Як мы кажам, што палякам быў Капернік, але ці адчуваў сябе палякам? Аб гэтым мы не ў стане сёння сказаць. Але гэта частка нашай агульнай польскай спадчыны. І так жа з Радзівіламі. Гэта частка вашай гісторыі, вашай культуры».

Comments are closed.