17 студзеня ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся завочны суд над Святланай Ціханоўскай, Паўлам Латушкам, Вольгай Кавальковай, Сяргеем Дылеўскім і Марыяй Мароз. Усім агулам інкрымінуюць 12 артыкулаў – ад атрымання хабару і перавышэння ўлады, да падрыхтоўкі ўдзелу ў масавых беспарадках, захопу будынкаў, змовы з мэтай захопу ўлады і, канешне, здрады дзяржаве. Адказная за рэформу Каардынацыйнай рады, юрыстка і палітык Вольга Кавалькова пракаментавала гэты суд.
«Ніякіх паведамленняў я не атрымлівала, апроч таго, што публікуецца на сайце Следчага камітэту і ў пабліках. Пра тое, што будзе судовае паседжанне таксама даведалася з сайту Вярхоўнага суда. Кантактаў ніякіх няма. На мой хатні адрас таксама не прыходзіла ніякіх позваў. Праз сацыяльныя сеткі да мяне таксама ніхто не звяртаўся. Ды і сама я гэтага кантакту не шукаю, бо лічу, што мае сэнс гэта рабіць. Як і не лічу, што гэта можна назваць судом.
Незалежных судоў, на жаль, у Беларусі няма. А тое, што адбываецца – паказальны працэс над апанентамі рэжыму, людзьмі, якія выказалі свае меркаванні. Аднак, дзеля захавання Беларусі, дзеля таго, каб людзі маглі развівацца, трэба шукаць, што нас аб’ядноўвае. Трэба шукаць, што мы разам можам зрабіць.
Але з іншага боку пакуль мы не бачым сігналы, што дзеля нас усіх яны гатовыя дамаўляцца і нешта рабіць. Мне шкада, што так адбываецца. Таму што я бачу, як дзеянні рэжыму агулам дрэнна ўплываюць на Беларусь. Інтэграцыйныя працэсы з боку Расійскай Федэрацыі паскараюцца. З’яўляюцца палітычныя актары, якім наш унутраны палітычны крызіс толькі на руку. Праз гэта дрэнна ўсім у Беларусі».
Вольга Кавалькова адзначае, што з іншымі калегамі, якія разам з ёй праходзяць па справе, па гэтай тэме яны адмыслова не кантактавала. Усе яны людзі свядомыя, са сваімі ўстойлівымі меркаваннямі. Усе змагаюцца за Беларусь. Таму стаўленне да гэтага прыкладна аднолькавае ва ўсіх. І асаблівай цікавасці да гэта працэсу няма. Бо ён не першы з тых, што няспынна адбываюцца ў Беларусі. Можа, суд над вядомымі людзьмі прыцягвае больш увагі, але важна помніць, што тысячы беларусаў таксама асуджаныя несправядліва. І суды па палітычных матывах не спыняюцца. Людзі церпяць у турмах за свае перакананні.
«Удзельнікам справы магчыма можа пагражаць пазбаўленне грамадзянства і канфіскацыя маёмасці. Канешне, адчуванне несправядлівасці непрыемнае. Мне, як юрысту, увогуле балюча глядзець, у якім стане зараз знаходзіцца права. У якіх варунках вымушаныя працаваць адвакаты і юрысты ў краіне. У мяне філасофскі погляд на гэтыя рэчы. Мяне гэта наадварот матывуе працягваць змаганне. У пэўны момант хочацца паглядзець у вочы ўсім тым, хто гэта прымае. Хочацца запытацца, хто вы такія, каб пазбаўляць грамадзянства і адбіраць у людзей тое, што яны шчыра зарабілі ці пабудавалі?
Напрыклад, мяне немагчыма пазбавіць грамадзянства, бо для мяне яно выражаецца не толькі ў дакуменце. Гэта маё асабістае самаадчуванне, як я сябе вызначаю. Таму, нельга сказаць, што гэта выклікае пазітыўныя эмоцыі, але без працягу змагання і падтрымкі адзін аднога, не пераможам.
У кожнага падсуднага па законе павінен быць адвакат. Са мной адмыслова ніхто не звязваўся. Можа, паспрабую праз пошту суда спытаць, хто мой адвакат ад дзяржавы. Але адмыслова наймаць чалавека дакладна не буду. Гэта не мае сэнсу і небяспечна для самога адваката. Будзем сачыць за працэсам праз СМІ. Бо інфармацыю можна здабыць толькі праз праўладныя медыя, і тое ў вельмі абрывачным стане».
Поўную размову з Вольгай Кавальковай слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.