Loading

Што такое цяпер беларускі полк «Пагоня»? Якія цяжкасці паўстаюць перад байцамі гэтай адзінкі, а таксама пра параненага ваяра, якому патрэбна дапамога, мы паразмаўлялі з сустваральнікам цяперашняй «Пагоні», 12-разовым чэмпіёнам свету па боксе Віталём Гурковым.

— Як ён ствараўся, я думаю, што шмат хто ведае. Але ж, як ён ужо даўно выглядае, мала хто ведае. Як такога палка «Пагоня», як адзінага падраздзялення, не існуе. Хлопцы, натуральна, ваююць у розных падраздзяленнях, падпарадкоўваюцца Узброеным Сілам Украіны і выконваюць баявыя задачы.

Тыя дзеячы, якія пачыналі стварэнне так званага палка «Пагоня», даўно ўжо не ўдзельнічаюць у жыцці і працэсах, якія адбываюцца ўнутры, і ніяк на іх не ўплываюць. Проста ёсць нашы беларусы, якія нясуць службу, ахвяруюць сваім жыццём, рызыкуюць з гонарам і годнасцю. У маім разуменні гэта так.

Я пазнаёміўся з хлопцамі асабіста. Яны мне распавялі пра сітуацыю, у якой яны аказаліся. І было прынята рашэнне стварыць грамадскае аб’яднанне «Пагоня», каб, па-першае, усё ж, як-небудзь хлопцаў аб’яднаць, аб’яднаць намаганні. І каб рабіць простыя вартыя справы для іх падтрымкі ва ўзаемадзеянні з рознымі валантэрскімі арганізацыямі, вайсковымі часцямі, у якіх яны нясуць службу.

На гэты момант наша грамадская арганізацыя пашырылася. У нас ёсць чальцы, якія ўжо скончылі свой кантракт, як вайскоўцы. І яны займаюцца валантэрскай дзейнасцю. І абсалютна розныя хлопцы з розных беларускіх падраздзяленняў. Не толькі хлопцы, якія былі ў «Пагоні» і з’яўляюцца вайскоўцамі на гэты момант.

Ніякія палітычныя лідары думак, палітычныя дзеячы не маюць ніякага дачынення да гэтай арганізацыі. Мы проста робім нейкія справы. Тое, што ў нашых сілах.

— Ці можна гаварыць пра тое, у якіх аперацыях ці якія задачы выконваюць беларусам, якія неяк звязаныя з арганізацыяй «Пагоня», з былым палком «Пагоня», які спрабаваў стварыцца. Наколькі гэта небяспечныя задачы?

— Хлопцы знаходзяцца ў розных падраздзяленнях Узброеных Сілаў Украіны. І яны бралі ўдзел на такіх напрамках, як Харкаўскі напрамак, Данецкі, Херсонскі, пад Бахмутам, я ведаю, хлопцы былі. Былі і страты, і параненыя былі. Але ж гэта не так, каб моцна афішавалася. Хлопцы нясуць вайсковую службу – вось, што магу сказаць.

— Нядаўна Вы змясцілі пост пра тое, што адзін з байцоў быў атрымаў даволі цяжкія параненні. Ці можна пра гэта распавесці – што за параненні, які зараз стан, якія прагнозы даюць медыкі і якая патрэбна дапамога?

— Магу сказаць, што гэта было кулявое параненне. Куля прайшла ад пляча да страўніка. Баец знаходзіўся 14 гадзін без дапамогі да яго эвакуацыі, бо яго не маглі эвакуяваць. Потым, калі яго змаглі забраць з поля боя, яго даставілі ў лякарню, аказалі медычную дапамогу. Потым на верталёце яго пераправілі далей. Яго аперавалі найлепшыя хірургі.

Зараз стан ягоны стабільны. Ён быў у штучнай коме. Зараз ён ужо адкрыў вочы і знаходзіцца ў прытомнасці. Стан ягоны вельмі цяжкі на гэты момант. Але ж, прагнозы станоўчыя, скажам так.

Тэрмінова мы адкрылі гэты збор. І, дарэчы, хачу шчыра падзякаваць усім, хто далучыўся да гэтага збору, каб падтрымаць гэтага байца, нашага беларуса. Вельмі ўражаны нашымі беларускімі людзьмі, якія так шчыра адгукнуліся і вельмі хутка сабралі неабходную суму. Нават болей, чым мы заяўлялі. Але ж, усе гэтыя грошы патрэбныя і яны трапяць да байца і пойдуць на ягоную рэабілітацыю, падтрымку яго сям’і.

Проста можаце зразумець, што ўсе ўнутраныя органы былі пашкоджаныя. І тое, што чалавек ляжаў на полі боя так працяглы час да ягонай эвакуацыі і ўвогуле выжыў і прыйшоў у прытомнасць – гэта проста нейкі цуд.

— Ці ёсць інфармацыя пра стаўленне ўкраінскай дзяржавы да беларусаў, якія ваююць і якія атрымліваюць параненні?

— Такой інфармацыяй я не валодаю. Але я ведаю, што ўся неабходная медычная дапамога яму нададзена, канешне, на найвышэйшым узроўні. І на гэта скардзіцца проста нельга. Тое, як адпрацавала каманда, якая яго эвакуявала, і лекары, якія шэсць гадзін праводзілі аперацыю – можна проста з вялікім захапленнем і ўдзячнасцю да гэтага паставіцца. Мне здаецца, што стаўленне вельмі і вельмі станоўчае.

— Ці могуць да дапамогі грамадскай арганізацыі «Пагоня» далучацца іншыя беларусы з дыяспар у розных краінах? Ці ёсць нейкія рахункі, куды можна дапамагчы?

— Грамадская арганізацыя ў хуткім часе будзе рухацца асобна – так яно і адбываецца зараз, што грамадская арганізацыя рухаецца асобна ад нейкіх там вайсковых структураў і займаецца падтрымкай нашых хлопцаў. «Нашых» – я маю на ўвазе беларусаў. Не важна хто гэта: «Пагоня», альбо не «Пагоня». У нас ёсць у арганізацыі хлопцы, якія «каліноўцы», ёсць былыя «каліноўцы».

І таксама ў хуткім часе правы на той тэлеграм-канал палка «Пагоня» пяройдуць грамадскаму аб’яднанню і там мы ўжо будзем далей рабіць сваю справу і падтрымліваць нашых ваяроў. Каб не было непаразуменняў сярод розных вайсковых частак. Напрыклад, нават з гэтым зборам – нам яго ўдалося натуральным чынам адстаяць, бо нейкія там байцы звязваліся з тым жа BySolам і казалі, што яны супраць гэтага збору. Я не зразумеў чаму – ці яны не хочуць, каб іх пабрацім атрымаў дапамогу ў гэты цяжкі для яго час? Ці якія там былі прычыны?

Неяк гэтая тэма згладзілася. На наступны дзень я паразмаўляў з начальнікам штаба, дзе праходзіў службу гэты баец. І мне стала неяк так усё зразумела і незразумела адначасова. Але ж, чалавек выбачаўся. Яны разабраліся, хто там быў некампетэнтным у гэтай сітуацыі. Я не ведаю, на што там можна было абурыцца. Але, дзякуй богу, што мы гэтую тэму закрылі і гэтае глупства мы перамаглі.

У нас ёсць афіцыйна адкрытыя ва Украіне рахункі. У нас ёсць узаемадзеянне з падраздзяленнямі, дзе нашыя хлопцы праходзяць вайсковую службу. І на запыт вайсковай часткі, альбо на запыт нашых хлопцаў мы афіцыйна можам зрабіць збор на свае рахункі, альбо з дапамогай таго ж Байсолу і будзем надалей працаваць па гэтым. Таксама мы аказваем юрыдычную дапамогу, таксама некаторы хлопцам будзем рабіць віды на жыхарства.

Я думаю, што зараз, пасля гэтага збору цягам тыдня мы зробім вось такое перафарматаванне на гэтым тэлеграм-канале – будзе ўся інфармацыя з нашымі афіцыйнымі рахункамі і гэтак далей. І будуць навіны аб нейкіх там запытах ад нашых хлопцаў. І будзе рабіцца справаздача пра ўсю нашу дзейнасць.

Я думаю, што трэба будзе ўсю інфармацыю далейшую шукаць ТУТ.

Цалкам размову з Віталём Гурковым слухайце ў плэеры ніжэй:

Comments are closed.