У Кіеве на базе Рады знешняй палітыкі «Украінская прызма» адбылася экспертная дыскусія «Удзел беларусаў у расійска-ўкраінскай вайне: роля беларускіх дабраахвотнікаў УСУ ды значнасць ваенна-прамысловага комплексу і ўзброеных сілаў Украіны ў супрацьстаянні».
Падчас дыскусіі намеснік камандзіра Палка імя Кастуся Каліноўскага Вадзім Кабанчук агучыў шэраг ініцыятываў. У прыватнасці ён сказаў, што беларускім дабраахвотнікам, якія ваююць ва Украіне, патрэбна ўласная інстытуалізацыя і прапанаваў стварыць асобную брыгаду з беларускіх, украінскіх, польскіх і літоўскіх вайскоўцаў у Польшчы альбо Літве. Больш падрабязна пра сваё бачанне будучыні беларускіх вайсковых падраздзяленняў ва Украіне Вадзім Кабанчук распавёў у інтэрв’ю радыё Ўнэт.
— Беларускім дабраахвотнікам патрэбна інстытуалізацыя. Мы бы хацелі, каб нас пачалі ўспрымаць, найперш ва Украіне, як аднаго з удзельнікаў канфлікту, які выступае на баку Украіны супраць «рускага міра» і супраць расійскай агрэсіі. Таму наша вось гэтая, як кажуць ва Украіне, «відокремленость», яна бы дапамагла нам рэсурсна вырасці, як падраздзяленню. І, у прынцыпе, стварыць перадумовы для вызвалення Беларусі. Бо, давайце казаць шчыра, у рэгіёне ідзе вайна. І зараз шмат якія пытанні будуць вырашацца проста праз вайсковую сілу ці праз пагрозу яе выкарыстання.
— Ці можаце Вы акрэсліць які статус зараз мае полк Каліноўскага?
— Полк Каліноўскага – гэта наша ўнутраная беларуская назва. Мы ўваходзім у склад Замежнага легіёну, які сфармаваны пры Галоўным упраўленні выведкі Украіны. Зразумела, што на сённяшні час там беларусаў большая частка гэтага легіёну, але тым не менш, мы ўсімі ўспрымаемся, як частка ведамства, як частка УСУ.
Тут пытанне ў тым, што мы гатовыя браць аўтаноміі столькі, колькі нам гатова даць украінская дзяржава. Таму што мы разумеем, як беларусы, што перад намі пасля пытанняў вызвалення тэрыторыі Украіны стаяць пытанні вызвалення сваёй Бацькаўшчыны. Я не кажу, што гэта будзе вайсковым шляхам. Але мілітарны складнік вельмі важны. Нават на будучых перамовах гэта вельмі важна – каб беларусы мелі сваю мілітарную адзінку.
— Гэтае адасабленне ці нейкая аўтаномія ў складзе той часціны Узброеных Сіл Украіны, у якой вы зараз знаходзіліся, што яна вам дазволіла бы зрабіць, што вы зараз не можаце рабіць?
— Па-першае, гэта нам дазволіла бы нарасціць рэкрутынг. Па-другое, гэта дазволіла б нам акумуляваць матэрыяльна-тэхнічныя рэсурсы. Таму што ў нас пастаянна ёсць кантакты з рознымі гульцамі па-за межамі Украіны, якія, у прынцыпе, нам дэкларуюць пра тое, што «мы дапамагаем УСУ, вы з’яўляецеся часткай ЗСУ, якую асобную дапамогу вы хочаце?» У гэтым плане нам было б прасцей звяртацца наогул па гэтую дапамогу і тлумачыць яе. Бо сапраўды так складана зразумець, што менавіта гэтыя беларусы хочуць.
— Вы згадалі пра такую літоўска-польска-ўкраінска-беларускую брыгаду, якую магчыма стварыць, нейкія батальёны ў Польшчы, нейкія ва Украіне. Ці маглі б Вы ўдакладніць, што Вы мелі на ўвазе і якая зацікаўленасць Украіны зараз, калі ва Украіне ідзе вайна, каб нешта ствараць у Польшчы ці ў Літве?
— Я казаў, фактычна, пра магчымасць рэалізацыі ў вайсковым плане для нашай дыяспары. Тая дыяспара, якая ва Украіне, яна ў прынцыпе, хто хоча, ён ужо ваюе. Ты можаш пайсці да нас, можаш пайсці ў любую ўкраінскую частку фактычна. А для тых, хто знаходзіцца па-за межамі Украіны і не можа з нейкіх прычынаў сюды прыбыць, ён можа пайсці ў батальён на тэрыторыі Польшчы ці Літвы, калі ён, напрыклад, будзе там створаны.
Зразумела, што мы тут, на тэрыторыі Украіны, прымаем удзел у баявых дзеяннях, знаходзімся ў аператыўным падпарадкаванні пад украінскім камандаваннем. Той батальён пры Польшчы можа займацца вайскова-паліцэйскімі функцыямі. Напрыклад, ахова мяжы.
— То бок, тут мэта больш, каб задзейнічаць ахвочых беларусаў якія знаходзяцца, напрыклад, на тэрыторыі Польшчы, і не могуць з пэўных падставаў уехаць ва Украіну, каб яны таксама былі ў нечым задзейнічаны?
— Так, менавіта! І больш таго, на тэрыторыі Еўразвязу ўжо ёсць, скажу дзясяткі, а можа нават сотні, хлопцаў і дзяўчат, якія прайшлі праз полк Каліноўскага. Гэта людзі з баявым досведам, частка з іх маглі б далучыцца і ўступіць у гэты батальён.
— Зараз у Польшчы дзейнічае Паспалітае рушэнне. Ці ёсць у вас з імі нейкія кантакты і наколькі б яны там маглі ўдзельнічаць у гэтым?
— Так, безумоўна, у першую чаргу яны б у гэтым і ўдзельнічалі. Бо яны шукаюць свайго вось гэтага шляху інстытуалізацыі таксама. З усімі імі кантакты ёсць. Бо мы самі рыхтуем рэзерв у Еўрасаюзе, Польшчы ў прыватнасці. Мы ведаем, што ў большасці вялікіх гарадоў польскіх ці разгорнутыя ці разгортваюцца гэтыя беларускія адзінкі, якія, як кажуць ва Украіне, «на громадських засадах» праводзяць свае трэнаванні.
— А якая цікавасць Украіны была б у тым, каб «гадаваць» у Польшчы беларускія падраздзяленні?
— Гэта б не Украіна іх «гатавала» і «гадавала», а Польшча. І можа быць яшчэ і трэці шлях – гэта шлях фінансавання выключна беларускі. Мы бы самі шукалі рэсурсы, нам патрэбны толькі адпаведны юрыдычны статус. Таму што частку рэсурсаў магла бы даць і наогул беларуская дыяспара. Украіне тут цікавасць адна – забяспечыць свой паўночны фланг. Вырашэнне беларускай сітуацыі палепшыла б сітуацыю з бяспекай у рэгіёне.
— Ці выходзілі вы з гэтай ініцыятывай, магчыма, да вашага непасрэднага камандавання альбо да нейкіх беларускіх ініцыятываў, якія ўваходжыя ў нейкія высокія кабінеты?
— Гэта абмяркоўваецца на экспертным узроўні і пакуль што фармалізацыі ніякай не набыло.
— Вы сказалі пра рэкрутынг, які большага адбываецца ў Польшчы. А нядаўна полк Каліноўскага спыняў рэкрутынг і неяк так гэта ўсё ўспрымалася, што вось ледзьве не лукашысты ў Беларусі перамогу святкавалі, што скончыліся рэкруты. Насамрэч, што адбылося, і ці зараз рэкрутынг адноўлены?
— Так, адноўлены. Але мы якраз і ўпіраемся ў гэтыя тэхнічныя праблемы, тэхнічнае непаразуменне часам на сярэднім узроўні з украінскага боку. Скажам так, не ва ўсіх кругагляд, якім можна глядзець на нашыя мэты па вызваленні Беларусі стратэгічна. Некаторыя чыноўнікі ці нават афіцэры мысляць вузка функцыянальна. І таму пэўныя праблемы ўзнікаюць.
— Вы казалі, што вы ў лістападзе арганізуеце канферэнцыю, ці можаце Вы распавесці, што гэта мае быць за імпрэза, дзе яна мае ладзіцца і каго вы туды маеце запрасіць?
— Асноўная мэта – гэта прэзентацыя стратэгіі вызвалення Беларусі. І мы запрашаем туды ўсе сілы, якія падзяляць гэтую стратэгію і гатовыя прыняць у ёй чынны ўдзел. Яшчэ адна з мэтаў – гэта акамуляцыя рэсурсаў на гэтую стратэгію.
Comments are closed.