Loading

У аўторак стала вядома пра масавыя ператрусы ў Мінску. Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў, што cілавікі прыйшлі па месцах рэгістрацыі прадстаўнікоў беларускай апазіцыі. Паведамляецца, што актыўнасць сілавікоў звязаная са справай «выбараў у Каардынацыйную Раду».

Паводле публікацый, у пастановах аб ператрусах указаны шэсць артыкулаў Крымінальнага кодэксу: здрада дзяржаве, змова або іншыя дзеянні з мэтай захопу дзяржаўнай улады, заклікі да мер абмежавальнага характару і іншых дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім, фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці, садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.

«Вясна» паведамляе, што ператрусы санкцыянаваныя генеральным пракурорам Андрэем Шведам.

Усяго паводле паведамленняў Следчага камітэта РБ, па справе ў якасці падазраваных праходзяць больш за 100 чалавек. Некаторыя з іх з’яўляюцца вядомымі фігурамі ў беларускіх дэмакратычных сілах. Так ужо стала вядома, сілавікі прыйшлі да Паўла Латушкі, Сяргея Чалага, Артура Фінькевіча, Міхаіла Таўбэ, Ганны Красулінай, Юрыя Губарэвіча.

Як паведаміла радыё Ўнэт прэс-сакратар Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна, ператрус стаў для яе нечаканасцю. Пра ўварванне сілавікоў у яе кватэру яна не ведала, пакуль ёй не пачалі прыходзіць спачуванні і запыты на каментары.

«Я пра гэта даведалася толькі тады, калі мне адзін з журналістаў нашых, з рэдактароў, напісаў словы падтрымкі і спачування. І я спытала яго: «Гэта Вы мне?». Ён кажа: «Так». І тут пасыпаліся вось гэтыя запыты на каментар. То бок я не ведала што адбылося і мне даслалі фота з гэтага каналу прапагандысцкага. Там ніхто ў кватэры цяпер не жыве, два гады як з’ехаў мой муж. Ён апошні ўцякаў з кватэры два гады таму».

На ператрусы адрэагавала і Святлана Ціханоўская пастом у сваім тэлеграм канале. Яна назвала тое, што адбываецца, адным з самых маштабных і варварскіх нападаў рэжыму з 2021 года.

Паводле яе слоў, рэжым вядзе сапраўднае паляванне за беларусамі, якія кожны дзень працуюць дзеля перамен у краіне, і запалохвае іх сваякоў. Ціханоўская заклікала ўсіх, хто знаходзіцца пад пагрозай ціску з боку рэжыму, паклапаціцца аб уласнай бяспецы і бяспецы сваіх блізкіх.

Юрый Губарэвіч пракаментаваў ўламанне ў яго кватэру даволі лаканічна.

«Дзіўныя людзі прыходзілі шукаць маю маёмасць па месцы прапіскі. Ведаючы бандыцкую сутнасць гэтага рэжыму, усё распрадаў яшчэ да канца 2021 года» – напісаў ён на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Таксама прыйшлі і да родных былога лідара Маладога фронту, сябра Каардынацыйнай Рады Артура Фінькевіча. Як ён сам кажа, з Беларусі ён даўно з’ехаў. Там у яго не засталося маёмасці ці рэчаў, але гэта не спыніла карнікаў рэжыму.

Прадстаўнік народных амбасадаў Міхаіл Таўбэ: «Па месцы маёй прапіскі прыйшлі, хоць там я ўжо не жыву даволі даўно. Тым не менш, гэта адзіны мой адрас, які ў іх ёсць. Я ўжо больш за 10 гадоў як з’ехаў і там на мне ўжо няма ніякай ні нерухомасці, ні маёмасці якой-небудзь іншай… Як мы разумеем, гэта звязана з Каардынацыйнай радай. А далей, на мой погляд, гэта дзве галоўныя мэты, якія маюць такія мерапрыемствы. Першая мэта – гэта, вядома, тэрор. Запалохаць актыўную частку грамадзянскай супольнасці. Запалохаць іх родных. Запалохаць у прынцыпе ўсіх беларусаў хоць неяк удзельнічаць увогуле ў барацьбе і адстойванні сваіх правоў і свабод. Гэта нішто іншае, як тэрарызм. Другая мэта, на мой погляд, якую яны пераследуюць, гэта банальна адпомсціць і нашкодзіць. Гэта такія паводзіны пакрыўджанага дзіцяці, якое яшчэ не ўмее ўзважана рэагаваць у складаных і незразумелых для яго сітуацыях».

 

«Наведаліся па месцы маёй рэгістрацыі ў Мінску. Яны дапыталі сваякоў. Аб падрабязнасцях яны не могуць распаўсюджваць інфармацыю, бо падпісалі адпаведныя паперы. Там некалькі крымінальных артыкулаў з таго, што я разумею, па мне. За дзейнасць, відаць, у межах Каардынацыйнай Рады. Таксама яны хацелі апісаць маёмасць, але ў мяне ніякай маёмасці, ні рэчаў, ні маёмасці ў Беларусі ўвогуле няма. Гэта пэўны акт запалохвання прадстаўнікоў дэмакратычных сіл, якія знаходзяцца як у Беларусі, так і за межамі для таго, каб яшчэ раз паказаць, што яны кантралююць сітуацыю, што яны могуць і далей пайсці па рэпрэсіях».

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага упраўлення, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка у сваім канале ў тэлеграм таксама пацвердзіў ператрус у сваёй кватэры. У паведамленні сцвярджаецца, што ў некаторых выпадках сілавікі прыйшлі праводзіць ператрусы нават без адпаведных ордэраў. У якасці адказу рэжыму ён выклаў відэа, у якім нагадаў, што яго каманда ўжо сабрала шмат доказаў злачынстваў рэжыма Лукашэнкі. Злачынстваў, здзейсненых не толькі супраць беларускага народа, але і міжнародных злачынстваў, у тым ліку ваенных. Паводле слоў Паўла Латушка, гэтыя матэрыялы ўжо перададзены пракурорам шмат якіх еўрапейскіх краін, галоўнаму пракурору Украіны, а таксама ў пракуратуру Міжнароднага крымінальнага суда.

У каментары на канале Паўла Латушка сказана, што дзеянні рэжыму не паўплываюць на дзейнасць НАУ.

Еўрасаюз адрэагаваў на масавыя ператрусы, якія прайшлі ў Мінску ў аўторак. Прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспецы Жазэп Барэль апублікаваў заяву, у якой ад імя Еўрасаюза ў чарговы раз асудзіў напады на прадстаўнікоў дэмакратычных сіл і іх сем’яў, заклікаў рэжым утрымлівацца ад далейшых рэпрэсій і паабяцаў працягваць падтрымліваць усіх, хто выступае за дэмакратычную Беларусь. Барэль лічыць, што чарговая хваля рэпрэсій накіраваная на запалохванне патэнцыйных палітычных апанентаў напярэдадні парламенцкіх выбараў.

Comments are closed.