У Кіеве некалькі дзён таму актывісты заўважылі пашкоджанне памятнага знака загінулым за Украіну беларусам. З яго знялі герб «Пагоня» і воклічы «Слава Україні!» ды «Жыве Беларусь!», а таксама беларускі нацыянальны сцяг. Знак быў усталяваны на будынку Кіеўскага прафесійнага каледжу мастацтваў і дызайну на вуліцы Беларускай. Зараз актывісты, сярод якіх і беларусы, што жывуць ва Украіне, і ўкраінцы, знаёмыя з беларускімі добраахвотнікамі, спрабуюць дамагчыся аднаўлення памятнага знаку ў яго першапачатковым выглядзе.
Гісторыю стварэння помніка і вядомыя на цяперашні час вынікі змагання за яго аднаўленне радыё Ўнэт распавяла актывістка і валанцёрка Вольга Гальчанка.
— Мы ўсталёўвалі гэты помнік на пачатку 2016 года, у лютым ці сакавіку. Мы хацелі ўшанаваць памяць нашых загінулых сяброў з Тактычнай групы «Беларусь», якія загінулі ў жніўні 2015 года – Віталя Целяжэнкі і Алеся Чаркашына. Была гэтая ідэя іх ушанаваць і зберагчы памяць пра іх. І вырашылі, што, калі ўжо мы гаворым пра беларусаў, якія сталі на абарону Украіны і змагаліся супраць «рускага міру», варта таксама згадаць Міхаіла Жызнеўскага, які загінуў на Майдане.
І ўласна так з’явілася ідэя гэтага помніка. Мы яго ўсталявалі з дапамогай Кіеўскага Саюза ветэранаў антытэрарыстычнай аперацыі на той час. Скажу, што яшчэ нават напачатку, калі мы атрымлівалі дазвол-узгадненне ад уласнікаў – кіраўніцтва каледжа – ужо тады былі пэўныя цяжкасці. Яны з не вельмі зразумелых прычынаў не давалі гэтага ўзгаднення. І, уласна, гэты Саюз ветэранаў, які настойваў і дамаўляўся з кіраўніцтвам каледжу і атрымаў ад іх гэтае ўзгадненне.
Падобна, што цяпер яны вырашылі частку элементаў гэтага помніка зняць. Яны гэта тлумачаць трохі дзіўнымі прычынамі, што ў іх там ёсць нейкія пратэсты, мітынгі, што там суседзі, грамадства незадаволенае, што там пазначана «Жыве Беларусь!» і беларускія сцягі. Але гэтыя ўсе тлумачэнні, на маю думку, выглядаюць вельмі дзіўнымі і прыцягнутымі за вушы. І мне проста здаецца, то так яны проста хочуць пазбыцца гэтага помніка, бо ён ім дадае нейкі ці то клопат, ці то яшчэ нешта.
— А чаму гэты помнік з’явіўся менавіта на будынку гэтага каледжа?
— Калі мы шукалі месца, мы разумелі, што нам усталяваць паўнавартасны помнік, які б стаяў асобна, было бюракратычна вельмі складана. І ў Кіеве ў прынцыпе не так шмат месцаў, дзе можна гэта зрабіць – герояў шмат, а месцаў мала. Але мы падумалі, што менавіта такі памятны знак, які можна прычапіць на сцяну – гэта можа якраз быць выхадам з сітуацыі, бо на гэта прасцей атрымаць дазвол, прасцей усталёўваць, меней бюракратыі.
Для майстра, які рабіў гэты помнік, была патрэбная сцяна, якая пасуе, дзе адпаведная магчымасць мацавання гэтай металічнай канструкцыі, каб яна трымалася, каб кампазіцыя не была парушаная. Мы ездзілі па горадзе і шукалі такую сцяну. Падчас нашых паездак нам трапіла на вочы вуліца Беларуская, на якой, уласна, і знаходзіцца зараз гэты помнік. Мы падумалі, што гэта можа быць досыць сімвалічна, і ўжо на гэтай вуліцы шукалі адпаведную сцяну. І менавіта сцяна каледжа пасавала праз тэхнічныя ўмовы для ўсталявання такога памятнага знаку.
— А, калі вы яго ўсталёўвалі, магчыма былі нейкія такія здагадкі, чаму яны так цягнуць з гэтым дазволам, чаму яны так неахвотна ідуць насустрач?
— Я думаю, што гэта звычайнае стаўленне чыноўнікаў да нейкай дадатковай адказнасці. Ім патрэбна было рабіць дадатковыя рухі, трохі напружыцца. А звычайна ўсе гэтыя чыноўнікі не любяць дадатковую адказнасць, дадатковую нагрузку. І яны хочуць, каб іх пакінулі ў спакоі. А, вядома ж, што памятны знак на іхняй маёмасці прымушае іх у нейкай меры за ім наглядаць, ахоўваць, мець справу з ім штодня, бо ён на іх будынку.
— Намесніца дырэктара гэтага каледжа тлумачыла, што яны выкарыстоўвалі помнік для выхаваўчай работы, прыводзілі туды сваіх студэнтаў, навучэнцаў, распавядалі нешта ім, і зараз атрымліваецца, што гэта нейкае абцяжарванне іхняга існавання…
— Так, гэта дзіўная пазіцыя. Яны нам распавядалі, што ў мінулыя гады яны каля гэтага помніка збіралі студэнтаў, распавядалі гісторыю Майдану, распавядалі гісторыю антытэрарыстычнай аперацыі – вайны, якая пачалася яшчэ з 2014 года, згадвалі і ўкраінцаў, і беларусаў. Уласна, помнік выкарыстоўвалі, як элемент грамадзянскага выхавання са сваімі студэнтамі. А тут ужо зноў гэты помнік ім стаў замінаць.
— Зараз, калі з’явіліся гэтыя тлумачэнні пра нейкіх актывістаў, ці бачыў нехта гэтых актывістаў? Ці ёсць зафіксаваныя, як яны пішуць, што нейкія манекены там усталёўвалі, нейкія пакеты, якія вымушаны былі правяраць сапёры? Ці ёсць нейкія пацверджанні?
— Ведаеце, усе навучальныя ўстановы горада Кіева рэгулярна «мінуюць» – то бок, ёсць інфармацыя пра мініраванне. Таму, я не здзіўлюся, калі яны сапраўды выклікалі сапёраў. Бо гэтыя абвяшчэнні стала адбываюцца ў сталіцы. А датычна таго, што там нейкая грамадская незадаволенасць, нейкія мітынгі… Я, шчыра кажучы, у гэта не вельмі веру. Бо, калі гэта так ёсць, то гэта нейкія вельмі дзіўныя мітынгі. Я бы хацела пабачыць, хто ж тыя мітынгоўцы, якім так муляе «Слава Україні!» ды «Жыве Беларусь!». Мы пра іх не чулі, мы іх не бачылі, мы пра іх ведаем са словаў гэтага каледжа.
Я не здзіўлюся, калі нейкія такія маргіналы ёсць. Але, калі ўжо так разважаць, то тады шмат помнікаў трэба здымаць, бо каля шмат якіх з іх бываюць нейкія акцыі ці падзеі. Уласна, для таго помнікі і ставяць, каб мець нейкі грамадскі рэзананс.
— Я ведаю, што актывісты – і ўкраінскія і беларускія, якія жывуць ва Украіне, ужо звярталіся і ў дзяржаўныя органы, і да кіраўніцтва навучальных устаноў. Ці ёсць ужо нейкія адказы, ці вымалёўваецца зараз нейкая карціна бачання сітуацыі з боку дзяржавы і гэтых навучальных установаў?
— Сапраўды так, пачалі звяртацца ў розныя інстанцыі, пісаць лісты. Уласна, Кіеўская гарадская дзяржаўная адміністрацыя нам адказвае, што сам будынак не ў іх падпарадкаванні, яны зацікаўленыя лёсам гэтага помніка, але ў прынцыпе яны не маюць уплыву, гэта не іх юрысдыкцыя – будынак каледжу.
Ведаю, што дэпутаты пісалі запыты. Я не бачыла, ці ёсць ужо адказ Міністэрства адукацыі. Але сам каледж накатаў нейкі такі вельмі трагічны адказ, што вось яны вельмі хацелі, але ім заміналі нейкія мітынгі, актывісты, што яны з найлепшымі пажаданнямі, але вымушаныя былі зняць на захаванне, як яны пішуць, элементы канструкцыі.
— Ці бачылі зараз актывісты гэтыя элементы, яны нібыта зараз захоўваюцца ў каледжы?
— Яны ў каледжы захоўваюцца. Я змагла забраць толькі сцяг. Дарэчы, яны ў нармальным стане. Яны папралі сцяг. Яны захавалі флагшток. Яны мне гэта аддалі. Самі элементы ў іх захоўваюцца ў падвале. Усё яно ёсць.
Яны ўжо нават «Слава Україні!» вярнулі. Я так падазраю, што засталося іх пераканаць, што і «Жыве Беларусь!» таксама мусіць вярнуцца на месца.
Comments are closed.