Loading

Ініцыятарам дабрачыннага канцэрта «Нацыю ствараюць героі» у падрымку палка Каліноўскага і ўсіх беларусаў, якія зараз прымаюць удзел у ваенных дзеяннях на тэрыторыі Украіны выступіў фонд «Дапамога». Падтрымаў гэтую ініцыятыву ўрад Ужупіса – гэта такая вольная рэспубліка на тэрыторыі Вільні, а пляцоўку прадаставіла беларуская парафія Святога Барталамея.

Фота: Радыё Ўнэт.

Фонд «Дапамога» ужо даўно аказвае падтрымку беларускім байцам, расказала яго кіраўнік Наталля Калегава, мэта цяперашняй акцыі – сабраць грошы на аўтамабіль і зімовую вопратку.

«Беларусам здаецца, што ўвесь свет пра нас ведае, ведае пра полк Каліноўскага, але, насамрэч, памяць – рэч даволі выбарчая: нават украінцы, калі ім кажаш, што беларусы змагаюцца ва Украіне, часта пытаюць: а з якога боку. Таму адна з галоўных задач нашай акцыі – прыцягнуць увагу да гэтай барацьбы, яшчэ раз нагадаць, што беларусы на баку міра і на баку Святла.

Акрамя таго, мы збіраем грошы на патрэбы нашых байцоў. Зараз у нас ужо ёсць аўтамабіль, але грошы на яго пакуль не сабраны. Машыну мы адпраўляем канкрэтна атраду «Волату». Яшчэ нам неабходна набыць цёплыя рэчы, таму што іх не хапае, а мы ўжо рыхтуемся за зімы».

Ахвяраваць сродкі можна было і проста так – скрыні для наяўных стаялі на кожным кроку, але перавагу аддалі дабрачынным кірмашам: можна было набыць прысмакі, рэчы з беларускай сімволікай, цішоткі. Паплечнікі Мікалая Статкевіча зрабілі спецыяльную прапанову: можна было замовіць імянную міну. Цана пытання – сто еўра.

Фота: Радыё Ўнэт.

Сябра прэзідыума Беларускай народнай грамады Вераніка Мішчанка: «Нашыя хлопцы ваююць ва Украіне, першапачаткова ад іх прагучала прапанова збіраць данаты за аскепкі ад мін, але было прынята рашэнне зрабіць імянныя міны. На іх будзе нанесена ваша імя, фота вам вышлюць, і пазней гэтымі мінамі будуць знішчаць расіян. Гэтыя данаты пойдуць на экіпіроўку і дапамогу нашым хлопцам ва Украіне».

У двары касцела св. Барталамея ва Ужупісе сабраліся не толькі беларусы: да акцыі далучыліся, расіяне, літоўцы і ўкраінцы.

«Я ўкраінка з Адэсы. Я прыйшла сюды падтрымаць нашых сяброў з Беларусі. Сёння полк Каліноўскага робіць шмат для перамогі, вашыя хлопцы змагаюцца плячо да пляча з нашымі, і разам мы ідзем да перамогі. І Украіна пераможа і Беларусь ачысціцца ад свайго дыктатара».

«Я з Вільні. Калі пачалася вайна ва Украіне, я хадзіла на мітынгі, на акцыі, і там даведалася пра тое, што і Беларусь церпіць ад расійскай агрэсіі. Два гады таму мы яшчэ рабілі «Балтыйскі шлях» у падтрымку вольнай Беларусі, стаялі са сцягамі. І слёзы наварочваліся, што столькі людзей разам».

Падтрымаць полк Каліноўскага з Варшавы прыехаў лідар гурта ZNICH Алесь Таболіч. Ён называе сябе цывільным прадстаўніком беларускіх ваяроў.

«Такія ініцыятывы павінны быць на дзяржаўным узроўні, а не толькі асобных людзей, якія падтрымліваюць «каліноўцаў». Мяне адправілі як цывільны корпус: гэта тыя людзі, якія прадстаўляюць полк у культурніцкім плане, наш гурт – гэта музычнае прадстаўніцтва беларускіх байцоў. Ужо больш за дзесяць падобных мерапрыемстваў мы рабілі ў Польшчы, і будзем працягваць гэтую працу».

Фота: Радыё Ўнэт.

Яшчэ адны госці з Варшавы – гурт Belarusian true story. Іх барабаншчык Васіль «Атам» Грудовік–загінуў у ліпені ад Лісічанскам. Гурт прысвяціў Васілю асобную песню, дзе ёсць словы «Вася – герой новай Беларусі».

Імя Васіля «Атама» Грудовіка прагучала падчас хвіліны памяці па загінуўшых ва Украіне беларусах, як і імёны яшчэ дзесяці байцоў, жыццё якіх абарвалася на полі боя з лютага 2022 года. Звон на касцёле св. Барталамея ўпісаў імя кожнага ў гісторыю і вечнасць.

 

 

Comments are closed.