Loading

У нядзелю, 24 верасня, адзначыў 40-годдзе беларускі палітвязень, актывіст анархічнага руху Ігар Аліневіч.

Ён быў затрыманы пры пераходзе мяжы Беларусі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 года, абвінавачаны па шэрагу артыкулаў крымінальнага кодэксу і асуджаны на 20 гадоў. У дзень нараджэння, які Ігар Аліневіч у чарговы раз вымушаны сустракаць за кратамі, у цэнтры Варшавы з’явіўся мурал у яго гонар. Месца – пры самым уваходзе ў беларускі бар «Карма». Над арт-аб’ектам працавала некалькі чалавек: стварала яго мастачка Паўліна, выгляд мурала распрацоўваў адзін з уладальнікаў бара Карма – Глеб Кавалёў, а аўтаркай ідэі стварыць такі аб’ект у дзень народзінаў Ігара Аліневіча выступіла прадстаўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінету па пытаннях культурнага адраджэння Аліна Коўшык, якая да таго ж з’яўляецца апякункай палітвязня.

«Мы разумеем, што нашымі дзеяннямі на волі нам цяжка кампенсаваць тое, што вязні перажываюць у засценках – здзекі, катаванні. Я ведаю, што Ігар толькі што выйшаў з ШЫЗА. Ён то галадае, то ШЫЗА. Становішча вельмі цяжкае. Я ў кантакце з блізкімі Ігара і, калі я даведалася пра дзень народзінаў, што гэта юбілей, саракагоддзе, я падумала: «Што мы можам зрабіць?». Канешне, хацелася б вызваліць яго, але на дадзены момант не маю такой моцы, каб гэта зрабіць. Таму мне захацелася заангажаваць розных людзей, каб мы падтрымалі Ігара. І я спадзяюся, што ён адчуе гэтую добрую энергію».

Comments are closed.