Loading

Мацвей Вельгас – той самы хлопчык, які ў 2020 годзе намаляваў «Еву» Хаіма Суціна. Карціну потым падарылі Святлане Ціханоўскай, а ў калекцыі юнага мастака з таго часу з’явіліся дзясяткі новых работ. 

Вольга Вельгас, Мацвей Вельгас і Эльвіра Каралёва

Мацвей працуе толькі фарбамі, у незвычайнай «плямавай» тэхніцы.  Гэта значыць, што з рознакаляровых плямак на яго палотнах нараджаюцца насычаныя колерамі пейзажы, нацюрморты і, канешне, коцікі – любімыя сюжэты юнага мастака, якому ўсяго 15 гадоў. 

–  Насамрэч хочацца плакаць. Гонар за сына, – хвалюецца Вольга Вельгас. У фае Беларускага моладзевага хаба – дзясяткі карцін яе Мацвея. Гэта першая такая вялікая выстава хлопчыка. 

Два гады таму разам з сынам і мужам яна фактычна бегла з Беларусі. «Усё як ва ўсіх. Пратэсты. Вобшук. Эміграцыя», – распавядае Вольга гісторыю іх сям’і, якая наладжвае цяпер свой побыт у Кракаве. Самае галоўнае, што Мацвея ўладкавалі ў добрую школу для дзяцей з ментальнымі асаблівасцямі. Знайшлася там праца і для Вольгі. Ёй прапанавалі быць у школе аніматаркай і рэжысёрскай. 

– Тое, як тут займаюцца з дзецьмі – гэта космас. Школа прыватная, але бясплатная. Я бачу, як Мацвей мяняецца. Ужо вельмі добра разумее польскую. У нас ёсць заняткі з настаўнікам у класе, дзе акрамя Мацвея яшчэ трое дзетак. Таксама ёсць індывідуальныя сустрэчы з псіхолагам, лагапедам, педагогам па развіцці. Дзяцей увесь час кудысьці возяць. То мы едзем на стадыён, то глядзім карціны, то гідратэрпіяй займаемся. У нас вельмі актыўнае жыццё, вельмі. Школа скіраваная на тое, каб навучыць гэтых дзяцей спакойна выходзіць у свет.  

Пасля школы Мацвей любіць займацца яшчэ і вышываннем, з задавальненнем робіць мяккія цацкі. Тут, праўда, без дапамогі мамы не абысціся. Але ў маляванні хлопчык вельмі самастойны і калі яму штосьці падказваеш, кажа Вольга Вельгас, то можа нават пакрыўдзіцца.

– Вы не паверыце, але я дзякуючы яму таксама навучылася маляваць! Я да гэтага ніколі не малявала. А яшчэ вучуся ў свайго сына пазітыву. Ён усім сябар, ён вельмі адкрыты.

 У польскую сталіцу работы Мацвея прывезла Эльвіра Каралёва. Гэта куратарка мастацкіх выстаў, журналістка, а яшчэ – стваральніца інклюзіўнага арт-праекта «Я прыеду» і адміністратарка тэлеграм-чатаў «Інклюзіўная Польшча»  і «Інклюзіўная Польшча. Аўтызм».  

– У Мацвея вельмі цікавая творчасць, вельмі добрыя работы, сюжэты, якасць. Увогуле, я ніколі не падзяляю мастакоў на людзей з інваліднасцю або без. У гэтым і сутнасць інклюзіі. Усе роўныя. І Мацвей сёння тут не таму, што ў яго аўтызм, а таму што ў хлопчыка сапраўды адметныя карціны.

Comments are closed.