У Варшаве ў аўторак прайшла акцыя ў падтрымку беларускіх палітвязняў. Яна была прымеркаваная да чарговай сесіі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе і адной з мэтаў было прыцягнуць увагу менавіта ўдзельнікаў сесіі і іншых еўрапейскіх палітыкаў да праблемы вызвалення беларускіх палітзняволеных. Раней падобныя пікеты прайшлі ў Страсбургу і Брусэлі. Як адзначаюць арганізатары, зараз відавочна, што праблема Беларусі ў цэлым і беларускіх палітвязняў у прыватнасці, сыходзіць з парадку дня ў Еўропе і гэтым пытанням надаецца мала ўвагі. Менавіта таму, як кажа адзін з суарганізатараў акцыі, прадстаўнік партыі БХД Яўген Дудкін, вельмі важна прыцягваць увагу менавіта еўрапейскіх палітыкаў і чыноўнікаў.
«Акцыя сапраўды мела на мэце прыцягненне ўвагі еўрапейскіх чыноўнікаў, якія прыехалі на канферэнцый, якая адбывалася ў суседнім, каля плошчы, гатэлі. І што трэба адзначыць, што падыходзілі еўрапейскія чыноўнікі».
Актывісты плануюць і надалей працягваць распаўсюджваць інфармацыю пра беларускіх палітвязняў, рыхтуюцца новыя акцыі і арганізатары заклікаюць усіх далучацца да гэтай ініцыятывы. Пры гэтым, як адзначае Яўген Дудкін, арганізатары ініцыятывы хацелі б мець і наўпроставы выхад на еўрапейскіх палітыкаў, але пакуль гэта ўскладняецца нявызначанасцю з прадстаўніцтвам партыі БХД ў беларускіх дэмакратычных сілах на афіцыйным узроўні.
«Мы атрымалі ліст афіцыйны з КР, аб тым што нехта ўжо вылучаны ад БХД і там прадстаўляе нашыя інтарэсы. Па-другое, КР не адказала на запыт з майго боку і сустаршыні партыі Георгія Дзмітрука, хто менавіта прадстаўляе і быў вылучаны ад БХД. То бок сёння мы маем адказ, што хтосьці вылучаны, але КР адмаўляе нават кіраўніцтву партыі, то бок іншым сустаршыням, у атрыманні інфармацыі, хто менавіта прадстаўляе БХД».
Прадстаўнік ад партыі «Народная Грамада» і адзін з суарганізатараў акцыі ў Варшаве Алег Паўлаў, адзначае, што праца, якая вядзецца з заходнімі палітыкамі, усё яшчэ недастатковая. Як кажа спадар Алег, спасылаючыся на ўласны досвед размоваў з еўрапарламентарыямі, нягледзячы на шматлікія сустрэчы прадстаўнікоў беларускіх дэмсілаў з заходнімі палітыкамі, поўнага разумення сітуацыі ў Беларусі ў іх усё яшчэ няма.
«Напэўна пытанні ўздымаюцца, напэўна нейкія перамовы вядуцца. Яны ж увесь час перамовы нейкія вядуць. Але я пакуль што не бачыў сведчанняў, што адбываецца нешта ў гэтым напрамку. Таму мы будзем рабіць тое, што можам. Мы прапануем, вось мы, мы прапануем спыніць гандаль. Гэта самае ўплывовае, што можна зрабіць на дадзены момант. Таму што іншых сродкаў уплыву на рэжым я, прабачце, не бачу».
Comments are closed.