Яе асноўная мэта – прыцягнуць увагу да праблем беларускіх ваяроў ва Украіне, а таксама сем’яў загінулых. Выстава гэтая ўжо паспела пабываць у шэрагу гарадоў і нават краінаў. Цяпер чарга дайшла і да Беларускага Дома ў Варшаве. На адкрыцці выставы ў Беларускім доме прысутнічалі прадстаўнікі шэрагу амбасадаў замежных дзяржаваў, а таксама беларускіх дэмакратычных сілаў. Як кажа сузаснавальнік асацыяцыі беларускіх добраахвотнікаў, Андрэй Кушняроў, па сённяшні дзень у беларусаў існуюць праблемы з разуменнем неабходнасці павагі да загінуўшых ваяроў і такія мерапрыемствы дапамагаюць вырашаць гэтую праблему.
«Гэта не першая выстава, якая праходзіць. Такія выставы ўжо праходзілі ў Львове, Кіеве, Дняпры, Запарожжы, Вільні і, вось, зараз Варшава. Францкевіч робіць дастаткова важную, як для мяне, справу. Таму што мы няшмат, як беларусы, гаворым пра тых, хто на перадавой. Не шмат гаворым пра тых людзей, якія загінулі і ўсё яшчэ ў нас ёсць пэўныя праблемы з павагай да байцоў, павагай да загінуўшых з боку палітыкаў. Мы, як грамадства, як беларускае грамадства, павінны яшчэ расці ў гэтым напрамку».
Як адзначалі прысутныя, справа спадара Аляксея Францкевіча прыносіць свае рэальныя вынікі, а менавіта – пра беларускую тэму актыўней нагадваюць заходнім палітыкам на сустрэчах прадстаўнікі Украіны. Кіраўнік камітэта Вярхоўнай Рады Украіны па пытаннях гуманітарнай ды інфармацыйнай палітыкі, кіраўнік дэлегацыі Вярхоўнай Рады ў АБСЕ і, па сумяшчальніцтве, віцэ- прэзідэнт парламенцкай асамблеі АБСЕ, Мыкыта Патураеў лічыць, што падтрымка беларускай дэмакратычнай супольнасці мусіць быць сістэмнай, не павінна спыняцца і менавіта яго дэлегацыя робіць шмат, каб так і было.
«Я лічу, што падтрымка беларускай апазіцыі, беларускіх палітычных выгнаннікаў павінная быць сістэмна працягнутая з боку нашых еўрапейскіх і не толькі еўрапейскіх, заходніх партнёраў. Безумоўна, Украіна падтрымлівае тыя добраахвотніцкія фармаванні, якія зараз ваююць у складзе ўзброеных сіл Украіны. Гэта і полк Каліноўскага, і іншыя фармаванні беларускія. Такім чынам, я лічу, што ва Украіне і ў Еўропе ствараецца і працягвае сваё існаванне беларуская грамадзянская супольнасць. Беларуская грамадзянская палітычная нацыя. Гэта вельмі важна, таму што надыдзе час, я ў гэтым абсалютна ўпэўнены, калі Беларусь будзе вызваленая ад гэтага, фактычна акупацыйнага рэжыму, які прыслугоўвае не народу Беларусі, а сваім гаспадарам у Крамлі. Што да пытанняў падтрымкі палітычнай апазіцыі – я лічу, што гэта адказнасць нашых заходніх партнёраў і суседзяў. Мне здаецца, што робіцца шмат, аднак тут важна ўвесь час нагадваць, што гэтая праца не павінна спыняцца. І вось такія падзеі, як сённяшняя выстава «З Украінай у сэрцы», мы бачым колькі яна прыцягнула ўвагі прадстаўнікоў, у тым ліку, заходніх амбасадаў».
Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.