Loading

Набліжаецца важная для беларусаў дата – Дзень Слуцкага Збройнага Чыну, альбо Дзень Герояў. З гэтай нагоды ў Варшаве ўжо ідзе падрыхтоўка да вялікага маршу.

Слуцкія сяляне 103 гады таму распачалі збройную барацьбу супраць войскаў бальшавікоў. З нагоды чарговай гадавіны гэтых падзей арганізацыйны камітэт варшаўскага маршу звяртаецца да ўсіх беларусаў з заклікам ушанаваць памяць беларускіх герояў у гэтыя дні, а менавіта 26-27 лістапада. Як падкрэсліваюць арганізатары маршу ў сваім звароце, беларуская нацыя мае шмат герояў.

«Таму з нагоды чарговай гадавіны Слуцкага паўстання прапануецца ўшанаваць памяць усіх беларускіх герояў – слуцкіх паўстанцаў, беларусаў, якія загінулі ад камуністычных і нацысцкіх рэпрэсій, беларусаў, забітых рэжымам Лукашэнкі, беларусаў, якія загінулі ў змаганні за Украіну, а таксама, абавязкова будуць узгаданыя сённяшнія героі, – беларускія палітзняволеныя, якіх беларускія ўлады незаконна ўтрымліваюць за кратамі».

Марш пачнецца 26 лістапада а 13 гадзіне каля будынка па адрасе ul. Nowy Świat 15. Удзельнікі пройдуць да помніка Мікалаю Каперніку. Падрабязней радыё Ўнэт распавёў суарганізатар акцыі, лідар руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык.

«Я вельмі спадзяюся, што людзі, якія з’ехалі з Беларусі, не забылі пра Бацькаўшчыну. Не забылі пра беларускіх герояў і дастаткова масава прымуць удзел у гэтай акцыі. Каб паказаць і Варшаве, і Польшчы, і ўсяму свету, што Беларусь не прадаецца, што беларусы не здаліся, беларусы памятаюць сваю гісторыю, сваіх герояў. І што Беларусь – гэта людзі, а не тая банда, якая незаконна захапіла ў Беларусі ўладу».

Comments are closed.