Loading

Беларуская тэма гучала не толькі падчас пасяджэння Еўрапарламента. Працягам стала канферэнцыя Каліноўскага, ужо шостая па ліку і другая ў сценах Еўрапарламента. Канферэнцыя была арганізавана Офісам Святланы Ціханоўскай сумесна з Цэнтрам «Еўрапейскі дыялог» і пры шырокай падтрымцы Еўрапейскага парламента. Удзел прынялі палітыкі, актывісты, сваякі палітвязняў ці самі былыя палітвязні, а таксама еўрапейскія парламентарыі. Канферэнцыя стала выдатнай магчымасцю данесці да еўрапейскай супольнасці ўвесь спектр праблем, з якімі сутыкаюцца беларусы.

Галоўнымі тэмамі былі пытанні палітычных зняволеных у Беларусі, пагрозы незалежнасці нашай краіны, а таксама перспектывы еўраінтэграцыі для Беларусі.

Адкрывала мерапрыемства прамова Святланы Ціханоўскай, у якой яна назвала прынятую рэзалюцыю еўрапарламента па Беларусі важнай палітычнай перамогай і падзякавала ўсім, хто мае дачыненне да стварэння тэкста рэзалюцыі і прыняццю яе.

Ціханоўская адзначыла ў сваёй прамове, што некаторыя крокі трэба зрабіць як мага хутчэй. У прыватнасці, фармалізаваць адносіны паміж беларускімі дэмакратычнымі сіламі і Еўрапейскім парламентам, падпісаўшы мемарандум аб супрацоўніцтве, распрацаваць усеабдымную стратэгію па вырашэнні крызісу ў Беларусі і вяртанні краіны ў Еўропу.

Далей былі звароты ўдзельнікаў з беларускага боку да прадстаўнікоў Еўрапарламента. Вельмі шмат было сказана менавіта аб палітвязнях, аб умовах іх утрымання ў Беларусі, катаваннях, здзеках і пагрозах для жыцця. І расказвалі гэта не проста палітыкі, а людзі, якія самі прайшлі праз усё гэта. Пра свой досвед знаходжання ў беларускай турме ў якасці палітычнага зняволенага распавёў старшыня Гомельскага аддзялення праваабарончага цэнтра «Вясна» Леанід Судаленка, пра пагрозы для палітвязняў расказвала сястра Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч. Прагаворваліся і некаторыя праблемы ўвядзення абмежаванняў супраць Беларусі, якія могуць ударыць па простых беларусах. У прыватнасці журналістка Наталля Радзіна звярнула ўвагу на недапушчальнасць поўнага закрыцця межаў з Беларуссю, каб не пакінуць людзей сам-насам з рэжымам, а даць ім магчымасць з’язджаць з краіны.

Тэма перспектывы еўраінтэграцыі таксама стала адной з асноўных падчас канферэнцыі, пра яе ў сваёй прамове падрабязна выказаўся літоўскі дэпутат Жыгімантас Павілёніс.

«Я памятаю, як падчас першага форуму Каліноўскага спадарыня міністарка Ганна Фатыга падыйшла да Святланы Ціханоўскай і сказала: памятайце, што гэта будзе вельмі доўгая барацьба, не думайце, што ўсё хутка скончыцца. У Польшчы гэта заняло шмат гадоў, так сама і ў Літве. І я рады, што мы ўжо зладзілі шэсць канферэнцый Каліноўскага, тры ў Вільні, дзве ў еўрапейскім парламенце і адну ў Вашынгтоне. Але я сапраўды хацеў бы падзякаваць сябрам еўрапейскага парламента, усім тут. Бо мы памятаем наш уласны шлях у Еўропу. Гэта Еўрапейскі парламент адкрыў яго. Няшмат еўрапейцаў жадалі нас тут бачыць, няшмат хто верыў у нас. І мы верым, што беларусы – не расейцы. Мы верым, што Беларусь – не Расея, што яны еўрапейцы. Мы ведаем гэта на працягу стагоддзяў. І калі я сёння слухаў прамову прэзідэнта Еўракамісіі, яна шмат казала пра Украіну і пра пашырэнне. І калі яна агучыла лічбу 30+, я падумаў пра Беларусь».

Варта таксама нагадаць, што ўвесь час, пакуль праходзілі мерапрыемствы ў сценах Еўрапарламента, на вуліцы працягвалі праводзіць пікет беларускія актывісты Анатоль Вайцяхоўскі і Валянцін Варычаў. Яны таксама спрабавалі звярнуць увагу еўрапейцаў на праблему з палітычнымі вязнямі. Як паведаміў нам спадар Анатоль Вайцяхоўскі, актывісты заклікаюць беларусаў падтрымаць ініцыятыву з пікетамі па ўсім свеце, не толькі перад Еўрапарламентам. Ён сказаў, што з просьбай падтрымаць беларусаў і іх ініцыятыву, ён звяртаўся і да прадстаўнікоў офіса Святланы Ціханоўскай, аднак ніякіх адказаў пакуль не атрымаў. Актывісты працягнуць свой пікет у чацвер, у апошні дзень сесіі Еўрапарламента.

Comments are closed.