У французскім Страсбургу з 11 па 14 верасня праходзіць пленарная сесія Еўрапарламента. Беларускія актывісты Анатоль Вайцяхоўскі і Валянцін Варычаў вырашылі нагадаць еўрапейскім палітыкам аб праблемах беларускіх палітвязняў, у першую чаргу прыцягнуць увагу еўрапейцаў да лёсу кіраўніка партыі «Народная Грамада» Мікалая Статкевіча, інфармацыя пра якога ўжо доўгі час не даходзіць да беларусаў. Актывісты ля будынка Еўрапарламента разбілі намёт, у якім днююць і начуюць. Па словах Анатоля Вайцяхоўскага, зараз, пакуль ідзе пленарная сесія, час найбольш спрыяльны, таму што пазней дагрукацца да еўрапейскіх дэпутатаў будзе значна складаней.
«Па-першае, мэта акцыі – гэта звярнуць увагу на тое, што пра нашага лідара партыі Мікалая Статкевіча нічога не чуваць. Па-другое, у нас вельмі шмат палітзняволеных і іх з кожным днём становіцца ўсё больш і больш. І статыстыка, тая, якая даецца, я думаю яна памылковая. Сёння ў Страсбургу сесія дэпутатаў, і мы хацелі б звярнуць увагу, што ў нас гэтая праблема нікуды не знікла. Сесія Еўрапарламента не так часта адбываецца. І яна будзе толькі чатыры дні, з 11 па 14. І ўсё. Потым зноў перапынак і дагрукацца будзе складана».
Па словах актывіста, сярод звычайных людзей у Заходняй Еўропе нейкай вялікай зацікаўленасці падзеямі на Усходзе ён не адчувае. Таксама пакуль і еўрадэпутаты не звярнулі аніякай увагі на пікет. Акрамя гэтага адбыўся і не вельмі прыемны інцыдэнт з мясцовай паліцыяй, якая спачатку спрабавала прагнаць пікетоўцаў, хоць пазней паліцыянты паставіліся да сітуацыі з разуменнем.
«Мы паставілі намёт насупраць самага Еўрапарламента. Да нас, па-першае, пад’язджаў паліцыянт. Ён паглядзеў улётку і з’ехаў. А вось калі ўжо быў пачатак сесіі, прыйшлі тры паліцыянты, пачалі біць нагамі па заплечніку, па намёце. Я падыйшоў, запытаў, у чым справа. Яны распавялі, што тут нельга знаходзіцца, што гэта парламент, вось можаце праз дарогу знаходзіцца. Але ж мы прыехалі дзеля таго, каб нас дэпутаты бачылі».
Па словах актывіста, галоўная мэта не правесці адну акцыю за аднаго палітвязня, а заклікаць беларусаў у розных краінах ладзіць падобныя акцыі ў падтрымку ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі.
«Я б хацеў, каб гэты лакаматыў, які мы ўзначалілі, ён быў з вагончыкаў. Каб нехта ладзіў акцыі за Ціханоўскага, нехта – за Севярынца, нехта – за Шарэнду. Каб гэта працягвалася. Не гэтак, што акцыя прайшла, ну добра. І ўсё. Што, людзей не хапае? Ёсць людзі, якія так сама маглі б падобныя акцыі ладзіць на месцах».
Comments are closed.