Loading

Для многіх беларускіх дзетак гэты навучальны год ізноў распачаўся за мяжой. І куды толькі не закідвала эміграцыя беларускія сем’і пасля 2020 года! Польшча, Літва, Грузія, Германія. Але ёсць і больш экзатычныя напрамкі – напрыклад, Швейцарыя. Там, дарэчы, ужо зусім хутка ў дзяцей будуць восеньскія канікулы, бо навучальны год  распачаўся 15 жніўня. І гэта – далёка не адзінае адрозненне швейцарскай школы ад беларускай. 

Пра асаблівасці школьнай адукацыі ў Швейцарыі нам распавяла беларуская журналістка Алена Прыходзька. Пасля 2020 года з мужам і трыма дачушкамі яна преаехала ў Кіеў, а з пачаткам вайны перабралася ў невялічкую швейцарскую вёску.

Першага верасня ў Швейцарыі не існуе

— У мяне тры дачкі. Старэйшая сёлета пайшла ў гімназію на біялагічна-хімічны факультэт. Другая мая дачка – ёй 11 гадоў – перайшла ў пяты швейцарскі клас. А малодшая ходзіць у падрыхтоўчую групу перад першы класам. Гэта ўжо не дзіцячы садок, але яшчэ не школа.

Першага верасня ў Швейцарыі не існуе, таму што навучальны год пачынаецца там з 15 жніўня. І гэта звычайны дзень, без мегаўрачыстасцей. Дзеці проста прыходзяць у школу, няма ніякіх дрэс-кодаў. У швейцарскіх школах яго ўвогуле няма. Трэба проста акуратна выглядаць.

У кожным сезоне ёсць канікулы. Восеньскія — каля двух тыдняў, доўгія зімовыя, самыя доўгія — вясновыя. Заканчваецца навучальны год 14 чэрвеня, а ўжо 14 жніўня мы ізноў ідзём у школу.

Будынак школы, куды ходзяць дзеці Алены Прыходзька
Замест падручнікаў – айпад, які школа бясплатна выдае кожнаму вучню

Збор у школу? Яго не існуе! У мяне ёсць беларускі і ўкраінскі досвед з пакупкай сшыткаў, падручнікаў, кучай канцылярыі. У швейцарскай школе гэтага няма. Мае дзеці ходзяць на ўрокі з невялічкім пеналам, а замест падручнікаў у іх айпады. Іх дзецям выдаюць у школе. У кожнага свой, падпісаны. Вучні малодшых классаў гаджэт дадому не забіраюць. Ёсць у дзяцей і працоўныя сшыткі, але яны таксама застаюцца ў школе, бо ў дзяцей няма хатніх заданняў.

А вось у гімназіі трэба мець уласны ноўтбук – абавязкова сучасны, са сцілусам і сенсарным экранам. Таксама для старэйшай дачкі мы набывалі падручнікі для гімназіі. Яны вельмі дарагія, аднак дзяржава можа кампенсаваць выдаткі.

Ювелірная справа на «трудах» і фізкультура ў гарах

Што мяне вельмі ўразіла – гэта заняткі на «трудах». Яны там і шыюць, і вышываюць, і скульптурай займаюцца. У маёй старэйшай нават была ювелірная справа! Яна зрабіла срэбраны пярсцёнак. Можна замаўляць розныя металы – напрыклад, бронзу. Трэба толькі загадзя даць настаўніку свой праект і распавесці, што б ты хацела зрабіць. 

Цікава, дарэчы, што ў швейцарскіх школах дзяцей не кормяць – усе бяруць з сабой перакус. Ёсць доўгая пераменка, калі яны могуць паесці. А бліжэй 12.00 пачынаецца перапынак на паўтары гадзіны, калі дзеці ідуць дадому, адпачываюць, а пасля вяртаюцца на другую змену. Чым старэйшы дзіцёнак – тым больш на тыдзень у яго такіх змен.

Яшчэ вельмі ўражваюць заняткі фізкультурай. Спартзала мабільная, трансфармуецца пад што заўгодна. Усё выглядае вельмі проста, але настолькі якасна! Інвентар вельмі дарагі. Прычым мы жывём, па сутнасці, у вёсцы. Адпаведна ў нас звычайная вясковая школа. У дзяцей ёсць цэлыя тыдні спорту, калі яны ўсе едуць у горы і там катаюцца або на лыжах, або на сноўбордзе. Таксама ёсць дні, калі яны наведваюць басейн або разам ходзяць на возера.

Мясцовы футбольны клуб, за які гуляе дачка Алены
Смартфоны — гэта маветон

А яшчэ, у швейцарскіх школах дзеці не карыстаюцца мабільнымі тэлефонамі і ўласнымі гаджэтамі – гэта маветон. Увогуле, бацькі робяць усё магчымае, каб у дзіцёнка як мага пазней з’явіўся свой тэлефон. Звычайна гэты  ўзрост — 10 гадоў, у некаторых першы тэлефон можа з’явіцца ў 14. І ніхто пры гэтым не адчувае сябе непаўнавартасным.

Чым мне падабаецца швейцарская сістэма? Усе настаўнікі дзейнічаюць выключна ў інтарэсах дзіцяці. Няма прымусовага навучання, няма прэсінгу. Калі дзіцёнак «не цягне» і яму цяжка – пачынаюцца індывідуальныя заняткі. Ствараецца атмасфера прыняцця, дапамогі, і робіцца ўсё, каб дапамагчы дзіцяці пераадолець пэўныя псіхалагічныя абставіны.

Уся швейцарская сістэма выхавання  скіраваная на тое, каб прывучаць дзіцёнка да самастойнасці. Таму нават пяцігадовыя дзеці могуць ісці ў школу без бацькоў. Усё пабудавана для таго, каб дзіцёнак адчуваў сябе ў бяспецы, абароненым, так што ў мяне няма ніякіх падстаў хвалявацца за сваіх дачушак.

Дачка Алены разам з класам ездзіла на 3 дні ў Берн

Comments are closed.