Loading

Мова Нанова – гэта асяродак нязмушанага вывучэння беларускай мовы, дзе ў цікавай, часам забаўляльнай форме выкладаецца лексіка і граматыка, а таксама прысутнічаюць цікавыя беларускамоўныя госці. Пра тое, як арганізавалася Мова Нанова ў Рызе, дзе і калі праходзяць заняткі распавёў арганізатар курсаў у латвійскай сталіцы Алег Юрэвіч.

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

 

Публикация от Мова Нанова ў Рызе (@movananova_ryha)

— Тут яшчэ з 2021 года была дыскусія пра тое, што вельмі добра, каб хто-небудзь, дзе-небудзь, каб такое вось было, каб маглі вывучаць беларускую мову, каб не пазабывалі і проста, каб хадзіць, размаўляць, сустракацца – можа клуб моўны. Але падбіць людзей было вельмі цяжка, бо, усё ж, усе сілы былі аддадзеныя на тое, каб рабіць усё, што звязана з пратэстам, з палітычнымі падзеямі, а мова ўжо – так.

А вось, калі пачалася вайна, калі Расія напала на Украіну, тут беларусы больш задумаліся аб мове, аб сваёй уласнай ідэнтычнасці – тады ўжо гэтая гутарка пра мову, пра вывучэнне пачала гучаць усё мацней і мацней. Тады я спытаў у людзей, можа б нехта арганізаваў – я б і сам пахадзіў, бо я не настаўнік беларускай мовы, я па прафесіі праграміст.

І неяк я ўбачыў, што ёсць курсы ў замежжы: бачу, што з’явілася Вільня, бачу, што ў Тбілісі, ва Уроцлаве, яшчэ недзе. І яны ўсё новыя і новыя адкрываюцца. І я пытаю: можа вы плануеце і ў Рызе. І мне адказалі, што вы можаце гэта зрабіць лёгка. І я падумаў: а чаму не, калі людзі жадаюць, я сам жадаю, толькі трэба знайсці настаўніцу. І вось я зрабіў такую апытанку ў мясцовым чаце, і там мне наша настаўніца напісала, што яна можа дапамагчы. І мы з ёй стэлефанаваліся і ўсё вырашылі.

Потым пачалі шукаць памяшканне, і гэта атрымалася вельмі цяжка знайсці. А потым нам дапамаглі людзі з арганізацыі «Free Belarus» – там толькі латышы адныя, але яны вельмі падтрымліваюць Беларусь. І вось так мы і знайшлі памяшканне ў самым цэнтры Рыгі. Я хачу падзякаваць і «Free Belarus», і «Lapas» – арганізацыі, якая валодае гэтым памяшканнем. Вось так і нарадзіліся нашыя курсы тут у Рызе.

— У вас ужо прайшлі першыя заняткі. Наколькі запатрабаванай аказалася гэта ідэя сярод беларусаў Латвіі?

— Мне спачатку падавалася, што, калі прыйдзе 10 чалавек, то гэта ўжо будзе супер. Але мы палічылі па буклеціках, якіх мы зрабілі 40 штук і раздалі кожнаму вучню, што ў нас засталося 8, значыць, што 32 чалавекі прыйшло. І яшчэ прыйшлі маленькія дзеці – мы ім не раздавалі, прыйшлі цэлымі сем’ямі, сям’я нават у двума дзеткамі прыйшла. Дзесьці было яшчэ 6 дзяцей – то бок, пад 40 чалавек прыйшло.

Прыйшлі людзі нават з падручнікамі, якія давала Мова Нанова, напэўна, яшчэ ў Менску – «20 крокаў да беларускай мовы», са сшыткамі, падрыхтаваныя – бачна, што ў людзей сапраўды ёсць настрой вывучаць. Прыйшлі нават людзі ва ўзросце, якія даўно жывуць у Рызе. Мы нават не чакалі, што столькі шмат людзей прыйдзе і будзе такі вось настрой на вывучэнне, на працу. Вельмі прыемна!

— Канцэпцыя курсаў Мова Нанова – няшкольнае, неакадэмічнае вывучэнне мовы і плюс нейкія цікавыя госці. Якія ў вас планы развіцця, гасцей, ці ёсць у Латвіі такі патэнцыял, ці, магчыма, будзеце запрашаць аднекуль?

— Гэта вельмі цікавае пытанне, таму што ў Латвію пасля падзей, якія адбыліся ў 20-м годзе, не так шмат, на жаль, напэўна, для беларусаў Латвіі, хто пераехаў з вядомых дзеячоў культуры, з музыкаў. У нас з гэтым, так бы мовіць, цяжка. Але ў нас тут ёсць такое творчае аб’яднанне «Світанак», яны яшчэ з 90-х гадоў адразу былі пад бел-чырвона-белам сцягам, за беларускую мову. І тут ёсць мастакі, ёсць доктар навук. І мы плануем іх запрасіць, мы ўжо размаўлялі і яны з радасцю гатовыя да нас прыйсці. Яшчэ ў нас ёсць журналістка, якая працуе тут, яна таксама прыйдзе да нас у госці. Таму нечакана, але такі патэнцыял гасцёў у нас ёсць.

Але мы б вельмі жадалі, каб да нас сюды прыехаў нехта з вядомых людзей. Таму што, не тое, што на Мову Нанова, але і проста з канцэртамі, на жаль, сюды ніхто не даязджае.

— Дзе вас шукаць і калі?

— Наш адрас – гэта Рыга, Pils iela, 21. Знайсці там даволі складана. Таму, калі ласка, глядзіце наш Інстаграм. І, калі ўзнікнуць цяжкасці, трэба, напэўна, будзе напісаць туды і я проста буду чакаць.
У нас наступныя заняткі будуць 15 красавіка ў суботу а 14-й гадзіне. Мы праводзілі апытанку сярод нас саміх і нам усім зручней будзе субота. Гэта будзе адзін раз на два тыдні. Але можа быць так, што ў «вольныя» суботы ў нас будуць госці, тады будзе часцей.

Мы запрашаем усіх ахвочых. Можа проста чалавек, калі ён жадае паслухаць сваю мову, пабыць сярод беларускамоўнага асяроддзя, паслухаць гасцей – можа ў яго нават і прачнецца жаданне размаўляць на беларускай мове. У нас атмасфера да кожнага чалавека вельмі добрая. І, калі, нават, вы будзеце размаўляць на трасянцы, на расійскай мове, але вы ўжо зробіце першы крок, калі проста прыйдзеце. Да ўсіх ставяцца вельмі добра, ніхто нікога не цкуе. Нават ёсць і гарбата, і чым пачаставацца, таму прыводзьце і сваіх дзетак. У нас вельмі крута!

Comments are closed.