Тысячы беларусаў, якія з-за палітычнага пераследу былі вымушаны пакінуць родную краіну, сутыкаюцца на чужыне з разнастайнымі праблемамі, перш за ўсё юрыдычнага плана. І лягчэй усяго пытанні вырашаюцца ў Польшчы, сведчаць у Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, дзе падрыхтавалі адпаведную справаздачу. У сваю чаргу беларускія юрысты ў Варшаве кажуць аб пагаршэнні сітуацыі датычна юрыдычных аспектаў знаходжання беларусаў, якія пераехалі ў Польшчу. Распавядае наш карэспандэнт Уладзімр Лапцэвіч.
Справаздача, якую Камітэт па міграцыі, уцекачах і перамешчаных асобах Парламенцкай асамблеі падрыхтаваў, вывучыўшы сітуацыю з праблемамі беларусаў у розных краінах, будзе прадстаўлены на бліжэйшай сесіі ПАРЕ 20 чэрвеня. Найбольшы ўдзел у падрыхтоўцы справаздачы ўзяў дэпутат з Люксембурга Пол Галь. Пра гэта распавяла ў Страсбургу, выступаючы перад беларускімі юрыстамі ў выгнанні, кіраўніца сакратарыята камітэта Таццяна Тэрмачыч.
Паводле яе, справаздача складаецца з дзвюх частак, дзе першая і асноўная – рэзалюцыя, а другая – мемарандум, у якім тлумачацца высновы і прапановы, прапісаныя ў рэзалюцыі. Сярод праблем, абазначаных у праекце дакумента – цяжкасць з атрыманнем гуманітарных віз, з-за чаго многія беларусы былі вымушаны выязджаць праз трэція краіны, каб потым трапіць, напрыклад, у Польшчу ці Літву. Усё часцей грамадзяне Беларусі, якія ратуюцца за мяжой, сутыкаюцца з праблемай заканчэння тэрміну дзейнасці пашпартоў, і пры гэтым мала хто мае статус уцекача і адпаведны праязны дакумент. Таму, важна, на думку спадарыні Таццяны, каб дэмакратычныя сілы маглі выдаваць такія дакументы і яны прызнаваліся іншымі краінамі.
Перад беларускай дыяспарай стаіць пытанне падтрымкі палітвязняў. І ў гэтым, а таксама ў захаванні беларускай мовы і культуры, яе мусяць падтрымліваць еўрапейскія краіны. У мове і культуры – узмацненне суверэнітэту Беларусі, падкрэсліла Таццяна Тэрмачыч.
Пры гэтым, як яна распавяла радыё Ўнэт, што найбольшых поспехаў у вырашэнні пытаннях легалізацыі эміграваўшых беларусаў дабілася Польшча.
«Польшча вельмі хутка зразумела, з якімі праблемамі сутыкаюцца беларусы ў выгнанні, і знайшла рашэнне. Ёсць розныя магчымасці, каб застацца ў Польшчы. Ёсць легалізацыя на тры гады. Гэта, па-мойму, адзіная краіна, дзе ёсць такая даўгатэрміновая магчымасць. Потым ёсць міжнародная абарона і дадатковая міжнародная абарона. На самой справе пакуль колькасць беларусаў, якія хочуць атрымаць міжнародную абарону, нізкая, таму што яны хочуць вельмі хутка вярнуцца дадому, у дэмакратычную краіну. Канешне, не ўсё абсалютна добра ў Польшчы, але можна казаць, што зараз там найлепшая практыка ў Еўропе. Польшча знаходзіцца вельмі блізка да Беларусі, і яна разумее, якія ў беларусаў ёсць праблемы, і якая ў іх барацьба», – распавяла Таццяна Тэрмачыч.
Паводле яе, пры падрыхтоўцы справаздачы адбыліся сустрэчы прадстаўнікоў ПАРЕ з дэмакратычнымі беларускімі арганізацыямі, уладамі Польшчы і Літвы. Датычна іншых краін, у якія пераехалі беларусы, было праведзена так званае «кабінетнае даследаванне» – desk study, у прыватнасці апытваліся сведкі з Францыі, Іспаніі і іншых дзяржаў.
Між тым, па сведчаннях кіраўніцы дэпартамента прававой дапамогі Цэнтра беларускай салідарнасці ў Варшаве Вольгі Дабравольскай, іх арганізацыя не была запрошана выказаць свае меркаванні адносна праблем беларусаў у Польшчы.
«На жаль, Цэнтр беларускай салідарнасці не прымаў удзел у гэтай справаздачы, і мы не маглі выказаць сваё меркаванне. Таксама вельмі важна сказаць, што апошнімі месяцамі вельмі змянілася заканадаўства ў Польшчы, і мы бачым, што не ў лепшы бок. Таксама польскі бок не выканаў сваё абяцанне выдачы бясплатных польскіх праязных дакументаў замежніка для беларусаў, якія знаходзяцца тут паводле часовага віду на жыхарства. Таму мы бачым, што сітуацыя стала больш складанай, чым была», – адзначыла спадарыня Вольга.
Ужо пасля публікацыі нашага матэрыяла Таццяна Тэрмачыч папрасіла ўдакладніць, што яна спрабавала звязацца з Цэнтрам беларускай салідарнасці, але гэтыя спробы плёну не далі.
Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.