У Польшчы з 1 ліпеня 2023 г. адмяняецца стан пагрозы эпідэміі. У замежнікаў ёсць 30 дзён, каб паклапаціцца аб легалізацыі свайго знаходжання і доступу да рынку працы.
З гэтай нагоды Цэнтр Беларускай Салідарнасці зладзіў сустрэчу з прадстаўнікамі СМІ, каб яшчэ раз нагадаць беларусам у Польшчы, што часу на вырашэнне пытанняў з легалізацыяй у іх засталося няшмат.
З 2020 года ў Польшчы дзейнічаў спецыяльны закон аб антыкавідных мерах. Адна з такіх мераў дазваляла замежнікам легальна жыць і працаваць у Польшчы нават з пратэрмінаванымі падчас пандэміі дакументамі. Цяпер гэты закон скасаваны. Як коратка падсумоўваюць юрысты, ніхто не будзе нам дапамагаць вечна.
Падчас сустрэчы ў ЦБС кіраўніца цэнтра юрыдычнай дапамогі Вольга Дабравольская закранула тры асноўныя тэмы, найбольш важныя ў кантэксце падаўжэння легалізацыі для беларусаў. У першую чаргу, яна растлумачыла сітуацыю са скасаваннем кавіднага закона і яшчэ раз заклікала беларусаў не цягнуць з падачай дакументаў.
«Ужо ў весніку законаў была апублікаваная пастанова міністра, што з 1 ліпеня адмяняюць стан эпідэміялагічнай пагрозы і ў замежнікаў, у тым ліку і ў грамадзян Беларусі будзе толькі 30 дзён для таго, каб легалізаваць сваё знаходжанне, калі яны знаходзіліся на падставе падоўжаных віз ці падоўжаных відаў на жыхарства. Вядома, пытанне крыху глыбей, звязанае не толькі з прадаўжэннем легальнага знаходжання, але і з працаўладкаваннем. Напрыклад, зараз узнікаюць пытанні, ці могуць весці прадпрымальніцкую дзейнасць тыя беларусы, якія знаходзяцца на падставе візы PBH прадоўжанай, ці могуць грамадзяне Беларусі, якія знаходзяцца ў працэдуры па атрыманні міжнароднай абароны працаваць, калі ў іх не будзе ўжо гуманітарнай візы, гэта значыць пытанняў з’яўляецца дастаткова шмат. У сувязі з гэтым, мы, вядома, запрашаем не зацягваць з гэтымі пытаннямі да 31 ліпеня, ужо зараз пачынаць дзейнічаць, рабіць крокі і запісвацца да нас на кансультацыі. Паколькі пытанняў, магчыма, будзе шмат і важна памятаць аб тым, каб легалізаваць сваё знаходжанне да 31 ліпеня. Я па сваіх сацсетках бачу, калі нешта адбываецца людзі пачынаюць пісаць, цікавіцца, і калі толькі мне пішуць, напрыклад, 20 чалавек, на нашу інфалінію 50, то, я думаю, што маштабы значна шырэйшыя. Па статыстыцы мы памятаем, што Польшча выдала больш за 50 тысяч гуманітарных віз і больш за 60 тысяч віз Polish Business Harbour. Вядома, многія людзі таксама знаходзяцца па падоўжаных яшчэ відах на жыхарства. Таксама, на жаль, беларусы ўжо забыліся, што такое легалізацыя працаўладкавання, не толькі знаходжанне легалізацыі працаўладкавання, што гуманітарная віза дапамагала не толькі знаходзіцца на легальных падставах, але і мець адкрыты доступ да рынку працы. Важна разумець, што, на жаль, без сапраўднай візы такога доступу да рынка працы ўжо не будзе. І важна разумець, што калі не будзе ўжо сапраўднай візы гуманітарнай, неабходна будзе паклапаціцца пра легалізацыю працаўладкавання. Гэта значыць працадаўца павінен будзе атрымаць альбо дэкларацыю па працаўладкаванні, альбо дазвол на працу. Сама падача, вядома ж, не адчыняе доступ да рынка працы. Гэта не дазвол на працу. Пасля падачы заявы без доступу да рынку працы, працаваць можна толькі пасля шасці месяцаў ад пачатку працэдуры. Важна, каб усе, хто зараз яшчэ задумваецца, сумняваецца, ужо рабіў нейкія крокі да легалізацыі знаходжання».
Зараз зноў перад некаторымі людзьмі паўстае пытанне, які тып легалізацыі абраць. Спецыялісты ЦБС адзначаюць, што па невядомых прычынах, раней варыянт атрымання міжнароднай абароны і наданне статусу ўцекача пужаў беларусаў, але ж, па меркаванні спецыялістаў, менавіта гэты варыянт па шэрагу прычынаў з’яўляецца аптымальным для большасці беларусаў, у першую чаргу тых, хто баіцца палітычнага пераследу.
«Гуманітарны від на жыхарства выдаецца аднаразова на тры гады і хутчэй за ўсё падаўжэння таксама не будзе. Гэта для тых беларусаў, якія прыехалі на падставе гуманітарных віз ці прыехалі з Украіны пасля пачатку вайны. Гэта значыць, у далейшым беларусы павінны будуць паклапаціцца аб тым, каб знайсці мэту знаходжання і ўжо легалізавацца на падставе гэтай мэты. Што да міжнароднай абароны, то розніца такая, што гэта бестэрміновы від на жыхарства, які дазваляе прыбываць неабмежаваны тэрмін на тэрыторыі Польшчы да таго моманту, пакуль у Беларусі не зменіцца сітуацыя такім чынам, што такі грамадзянін мог бы вярнуцца і скарыстацца абаронай сваёй краіны».
Другое балючае пытанне для вялікай колькасці беларусаў у замежжы – сканчэнне тэрміну беларускіх пашпартоў і немагчымасць зрабіць новыя. Тут усё крыху лепш, нават ёсць і пэўнае змякчэнне заканадаўства для беларусаў, але, не ўсе так проста. Як адзначае Вольга Дабравольская, закон існуе, але адпаведная пастанова міністра ўнутраных справаў Польшчы ўсё яшчэ не выдадзеная.
«Цяпер у Радзе Еўропы таксама гаворку вядуць аб тым, каб несапраўдныя беларускія пашпарты ўсё ж такі прызнаваць сапраўднымі. Я не вельмі бачу гэта ў практыцы, як гэта будзе выглядаць пры паездках, перасячэнні мяжы, пры кантролі легальнасці знаходжання. Але офіс Святланы Ціханоўскай вядзе такія перамовы і з польскімі ўладамі, і з уладамі іншых краін. Ёсць некалькі ідэй, як вырашыць гэтае пытанне ў Польшчы. Магчыма, гэта будзе польскі праязны дакумент для замежніка, але таксама разглядаюцца і іншыя варыянты. Я, напэўна, яшчэ раз паўтару, што гэта за дакумент і ўвогуле навошта ён патрэбны. Да першага студзеня яго маглі атрымаць толькі тыя замежнікі, у якіх быў пастаянны від на жыхарства, від на жыхарства доўгатэрміновага рэзідэнта Еўрасаюза, дадатковая абарона, гэта значыць адна з формаў міжнароднай абароны, або згода на гуманітарнае знаходжанне. Яго не варта блытаць з нашым гуманітарным відам на жыхарства, гэта іншая працэдура. Пасля першага студзеня польскія ўлады змянілі заканадаўства і беларусы, якія маюць від на жыхарства, выдадзены на падставе гуманітарнай візы маюць права атрымаць польскі праязны дакумент для замежніка, калі іх пашпарт несапраўдны, ён страчаны ці сапсаваны так, што яго нельга выкарыстоўваць. Напрыклад, няма фатаграфіі ці часам беларусам псавалі пашпарт памежнікі ўкраінскія. Ужо практычна год мы дыскутавалі ў Міністэрстве ўнутраных спраў, што такія польскія дакументы патрэбныя ўсім беларусам, якія знаходзяцца ў Польшчы на падставе ўсіх часовых відаў на жыхарства. Міністэрства дастаткова доўга не пагаджалася з гэтай ідэяй. Але крыху справа ссунулася з мёртвай кропкі. З першага чэрвеня ўвайшла змена ў закон аб замежніках, якая кажа аб тым, што калі замежнік знаходзіцца на часовым відзе на жыхарства, гэта значыць незалежна ад таго, на якой падставе ён быў выдадзены, ён можа быць выдадзена на падставе працы, на падставе навучання, напрыклад студэнты праграмы Каліноўскага, на падставе ўзʼяднання з сямʼёй, то ў такім выпадку такія грамадзяне таксама могуць атрымаць праязны дакумент. Аднак, для таго каб гэтая падстава ў законе пачала працаваць, мы чакалі выдачу пастановы міністра, які павінен вызначыць групу замежнікаў. Напрыклад, паказаць, што гэта грамадзяне Беларусі, перыяд, у які будзе выдавацца і таксама вызначыць, што гэты дакумент павінен быць бясплатным для грамадзян Беларусі. На дадзены момант міністр унутраных справаў такой пастановы не выдаў. Гэта значыць, па сутнасці, змяненне ў законе адбылося, але мы не можам яго выкарыстаць. Мы, вядома ж, звярнуліся з просьбай як мага хутчэй выдаць гэтую пастанову. Міністр сказаў, што ён пакуль возьме паўзу, устрымаецца ад выдачы пастановы, бо хоча ведаць, як будзе змяняцца сітуацыя ў самой Беларусі. Пасля дзясятага чэрвеня, якую колькасць пазбавяць грамадзянства і ці будуць пазбаўляць грамадзянства беларусаў. Таму на дадзены момант мяркуецца, што, магчыма, у кастрычніку ці лістападзе гэтага года міністр выдасць пастановы».
Трэцім пытаннем, на якое звярнула ўвагу Вольга Дабравольская, стала аднаўленне выкарыстання Польшчай рэгламенту Дублін-3. Гэты рэгламент прадугледжвае перадачу мігрантаў у краіну, праз якую яны ўехалі на тэрыторыю Еўрасаюза, у краіну якая выдала візу на ўзезд у ЕС, а таксама ў краіны, дзе ў мігрантаў знаходзяцца сваякі.
«Магчыма кожны Беларус чуў пра рэгламент «Дублін-3», але мы пра гэта рэдка казалі. Гэта напісана ў падручніку па міжнароднай абароне, але гэты інструмент не выкарыстоўваўся на працягу трох гадоў. Сэнс рэгламенту ў тым, што падчас працэдуры па міжнароднай абароне дзяржава, якая прымае такую заяву, павінна праверыць, ці адказная яна за разгляд такой справы. Іерархія наступная: сямейныя сувязі – гэта азначае, што калі замежнік прыехаў на тэрыторыю Еўрасаюза, а ў яго, напрыклад, жонка і дзеці знаходзяцца ў Нямеччыне, то ён павінен быць перададзены Нямеччыне для таго, каб Нямеччына разгледзела яго справу. Далей, візы і віды на жыхарства. Вялікая колькасць беларусаў прыехалі на падставе шэнгенскіх віз літоўскіх, і многія нашы бенефіцыяры жылі ў Літве, атрымалі там від на жыхарства, пераехалі жыць у Польшчу і атрымалі тут міжнародную абарону. І трэцяе – гэта ўезд у краіну. Гэта значыць, часцей за ўсё нават нелегальны ўезд без дакументаў. Адпаведна, па гэтых трох параметрах дзяржава павінна вызначыць, ці сапраўды яна нясе адказнасць за разгляд справы па міжнароднай абароне. Польшча не прымяняла гэтага інструменту на працягу трох гадоў і два тыдні таму мы сталі масава проста атрымліваць рашэнні аб тым, што Польшча будзе перадаваць грамадзян Беларусі ў розныя краіны. Напрыклад, Літву ці ў Нямеччыну».
Падрабязней слухайце ў поэеры ніжэй.
Comments are closed.