Loading

Беластоцкія гарадскія ўлады вырашылі стварыць Сквер Вольнай Беларусі. На ім будзе знаходзіцца толькі адзін будынак – Генеральнае консульства Рэспублікі Беларусь. Такое рашэнне прыняло кіраўніцтва горада з ініцыятывы мэра Тадэвуша Трускаляскага пасля таго, як суд прызнаў неправамоцным рашэнне аб перайменаванні ў вуліцу Вольнай Беларусі часткі вуліцы Электрычнай, дзе знаходзіцца беларускае дыпламатычнае прадстаўніцтва.

Рашэнне аб перайменаванні часткі вуліцы Электрычнай у Сквер Вольнай Беларусі было прынята 29 траўня. У тлумачальнай запісцы да пастановы гаворыцца, што прысваенне назвы «Сквер Вольнай Беларусі» – знак падтрымкі агульнанацыянальных ініцыятыў, фондаў і аб’яднанняў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі краіны, накіраваных на абарону правоў грамадства ў Беларусі, а таксама беларусаў, якія пражываюць у Рэспубліцы Польшча. А выбар месца зʼяўляецца сімвалічным, бо побач знаходзіцца Генеральнае консульства Беларусі. У дакуменце адзначаецца, што новая назва не ўплывае на парадкавую нумарацыю будынкаў, размешчаных на вуліцы Электрычнай і не будзе выклікаць ніякіх выдаткаў для кампаній і прыватных асоб там зарэгістраваных. Адрас будзе зменены толькі ў Генеральнага консульства Беларусі.

«Гэта месца асабліва важнае для беларусаў, вымушаных пакінуць краіну па прычынах
палітычных, а таксама тых, хто падтрымлівае барацьбу з рэжымам Лукашэнкі. Са жніўня 2020 года тут праводзіцца больш за 100 акцый пратэсту супраць дзеянняў дыктатара і яго ўрада, тут вісяць бел-чырвона-белыя банеры. Менавіта тут многія людзі знайшлі падтрымку і дапамогу суайчыннікаў пасля ўцёкаў з краіны і сустрэлі жэсты салідарнасці жыхароў Беластока. Прысваенне назвы «Сквер Вольнай Беларусі» стане жэстам салідарнасці з беларускім народам у барацьбе за свабоду, што вельмі важна ў цяперашняй сітуацыі», – гаворыцца ў дапаўненні да пастановы.

Рашэнне аб перайменаванні радныя, прысутныя на сесіі 29 траўня, прынялі адзінагалосна.

Варта нагадаць, што гісторыя з набыццём для консульства новага адрасу даволі цікавая. 26 верасня 2022 года рада горада Беластока ўхваліла перайменаванне часткі вуліцы Электрычнай на вуліцу Вольнай Беларусі. Так яна пайшла насустрач беларускай дыяспары, а таксама Фонду «Тутака», які падаў да гарадскіх улад адпаведнае прашэнне.

Праўда, як аказалася, папярэдняй кансультацыйнай працы з жыхарамі нованазванай вуліцы праведзена не было, што ў рэшце негатыўна ўспрынялі апошнія. І яны пачалі збіраць подпісы за вяртанне ранейшай назвы, а адна грамадзянка з гэтай нагоды звярнулася ў Ваяводскі адміністрацыйны суд. Судовая інстанцыя ў сакавіку гэтага года стала на яе бок і прызнала пастанову гарадскіх улад неправамоцнай. Ініцыятары перайменавання не абскарджвалі судовае рашэнне. Пастаўленыя раней аншлагі з новай назвай ужо зменены на старыя.

У сваю чаргу цяперашняе рашэнне беластоцкіх улад выклікала падтрымку з боку ініцыятараў. Распавядае прадстаўнік фонду «Тутака» Павел Станкевіч.

«Гэта вельмі добра. Я наогул вельмі шчаслівы, што гарадскія ўлады, нягледзячы на тое, што былі праблемы са стварэннем вуліцы Вольнай Беларусі, яны самі прыдумалі спосаб, каб гэту нашу супольную ідэю – і беларусаў Беластока, і гарадскіх улад проста захаваць. Вельмі класна, што нам за тое не трэба было нават турбавацца, бо яны знайшлі выйсце з гэтай сітуацыі. А гэта азначае, што консульства Рэспублікі Беларусь будзе мець афіцыяльны адрас – Сквер Вольнай Беларусі», – сказаў ён

29 траўня з кіраўніцтвам Беластока сустракалася дэлегацыя сябраў Аб’яднанага пераходнага кабінета, Каардынацыйнай рады, руху «Салідарнасць». Яны аднымі з першых даведаліся аб новай пастанове. Вось што распавяла нашаму радыё прысутная на сустрэчы Аліна Коўшык.

«Я думаю, гэта вялікая перамога. Ініцыятыва мясцовых улад каштоўная. Але што істотна? Што на адкрыццё гэтага сквера хутчэй за ўсё прыедзе Святлана Ціханоўская. Гэта будзе ў ліпені, пакуль даты пацвярджаюцца. Давайце думаць, што мы можам пры нагодзе зрабіць, як можам выкарыстаць гэту палітычную магчымасць і тую сілу, якую мае наша нацыянальная лідарка для таго, каб адчыніць розныя дзверы і магчымасці. Бо звычайна пры нагодзе такіх візітаў улады гатовыя сыпнуць альбо грашыма, альбо падтрымаць нейкія ініцыятывы. Таму давайце падрыхтуемся і выйдзем з канкрэтнымі прапановамі да мясцовых улад, я думаю, што яны не змогуць адмовіць», – заявіла прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета.

Падрабязней у плэеры ніжэй.

Comments are closed.