Loading

Трынаццаць майстроў пэндзля з Беларусі і Украіны прымаюць удзел у мастацкім пленэры «Беласток. Тут жыву». Ён распачаўся 7 верасня на галоўнай плошчы горада – Рынку Касцюшкі, а мастакі працягнуць маляваць свае карціны да дабрачыннага аўкцыёна, які намечаны на кастрычнік.

«Мы хочам, каб жыхары Беластока пабачылі нашы творы і ўсвядомілі, што мы цяпер жывем побач з імі», так акрэслівалі многія ўдзельнікі пленэру – мастакі з Беларусі і Украіны, якія жывуць у Беластоку, яго галоўны, інтэграцыйны сэнс. Праз мастацтва яны хочуць паказаць гэты горад такім, якім яго бачаць. І гэтае іх памкненне падтрымалі фонд «Акно на Усход», што выступіў ініцыятарам і арганізатарам пленэра, Міністэрства сям’і і грамадскай палітыкі і ўлады горада. Выступаючы на адкрыцці пленэра, віцэ-мэр Збігнеў Нікітаровіч нагадаў, што Беласток заўсёды быў домам, дзе разам жылі розныя народы і прысутнічалі розныя рэлігіі і культуры. І цяпер, нягледзячы на кардынальныя змены, характар гораду не змяніўся – ён заўсёды гасцінны і адкрыты для іншаземцаў, адзначыў чыноўнік.

«Ёсць свайго роду сведчанне цяперашняга часу, што беларусы і ўкраінцы знаходзяць свой дом, па меншай меры часовы, тут у Беластоку, у Польшчы. І хочам, каб адчувалі сябе як найлепей, каб не адчувалі сябе выгнаннікамі, эмігрантамі, а часткай нашай супольнасці, каб маглі тут ствараць, рэалізоўваць свае жаданні, мары, маляваць, пісаць, нармальна жыць. Мы суседзі, братэрскія народы і павінны з братэрствам падыходзіць да нашых суседзяў, якім сёння цяжка. Бо ва Украіне ідзе вайна, а ў Беларусі – жахлівы рэжым Лукашэнкі, які пераследуе сваіх грамадзян. І ў гэты цяжкі час нашым маральным абавязкам ёсць дапамога нашым суседзям, нашым братам».

Збігнеў Нікітаровіч

Пасля адкрыцця пленэра мастакі з мальбертамі разыйшліся па цэнтры горада, адлюстроўваючы ў сваіх працах тыя ці іншыя яго цікавыя мясціны. У сваю чаргу кожны жадаючы жыхар Беластока мог таксама прыняць удзел у пленэры, намаляваўшы кветкі на спецыяльна падрыхтаванай карціне з выявай жоўтага поля і блакітнага неба. Як узнікла ідэя правесці такі беларуска-ўкраінскі пленэр, а потым у кастрычніку і выставу зробленых прац? – расказаў кіраўнік фонду «Акно на Усход» Павел Міцкевіч.

— Да Беластоку прыязджае вельмі многа іншаземцаў, перш за ўсё з Беларусі, і мы пры падтрымцы нашага Цэнтру падтрымкі іншаземцаў завяршаем адзін бытавы раздзел, які звязаны з адаптацыяй у новым горадзе і ўваходзім у новы раздзел, які звязаны з актыўнасцю новых жыхароў гэтага горада. І сённяшні пленэр гэта такі сімвалічны камень, сімвалічны момант, калі мы хочам казаць, што беларусы, украінцы ў Беластоку гэта не проста іншаземцы, якія шукаюць новае жыццё, бяспеку і спакой для сябе, а гэта таксама актыўныя людзі, якія хочуць ствараць сваё новае асяроддзе ў гэтым горадзе ў супрацы з жыхарамі горада і гарадской адміністрацыяй.

— У кастрычніку будзе выстава карцін, якія будуць маляваныя тут, а куды потым яны пойдуць? Ці кожны мастак забярэ іх з сабой?

— Пазней плануем правесці аўкцыён карцін. Атрыманыя сродкі перадаць на дапамогу беларусам, якія зноў сюды прыязджаюць.

Прамаўляе Павел Міцкевіч

Варта адзначыць, што беларускія і ўкраінскія мастакі ў Беластоку пакуль не аб’яднаны ў нейкую арганізацыю, але супольная група ўжо існуе. І на адкрыцці пленэра яе прадставіла мінчанка, былая юрыстка Алена Маніна, якая ў Беластоку стварыла мастацкую студыю і праводзіць майстар-класы для дзяцей і дарослых па жывапісу алеем.

«Мы ўжо пасябравалі, хоць пазнаёміліся два тыдні таму толькі. Але мы з задавальненнем сябруем, сустракаемся па-за пленэрам, дзелімся творчымі ідэямі, проста добра бавім час, і гэта яшчэ адна заслуга фонда «Акно на Усход». Ён даў нам магчымасць знаходзіцца ў асяроддзі, якое нам роднае».

Алена Маніна

Вельмі важным для сябе палічылі ўдзел у пленэры мастакі, якія былі вымушаны з’ехаць з радзімы і месцам далейшага свайго жыцця абралі Беласток. Прыемна, што сродкі пасля продажу карцін на аўкцыёне пойдуць пацярпеўшым з Беларусі і Украіны людзям, адзначае мастак з Брэста, які ўжо год жыве ў Беластоку, Дзмітрый Булдакоў.

«Я даўно хацеў паўдзельнічаць у падобным мерапрыемстве. А ўвогуле пленэр крыху не мая тэма. Я больш пішу неяк для сябе партрэты, свой асабісты напрамак прасоўваю такі як сучасная эклектыка, такі стылёвы мікс. Эксперыментую з алеем на палатне, з аэразольнай фарбай. Але калі з’явіўся такі лакальны івэнт, я вырашыў паўдзельнічаць. І вельмі прыемна, што многа людзей адазваліся на гэта мерапрыемства. Выдатна, што яно дабрачынны такі падтэкст мае, і раней я ўжо ўдзельнічаў у такога фармата аўкцыёнах».

Дзмітрый Булдакоў

Мастачка Кацярына Еўдакімава-Енджэеўская, якая нядаўна, паводле яе слоў, прыехала з Гродна, сцвярджае, што ёй было вельмі важна прыняць удзел канкрэтна ў гэтым пленэры і паказаць прыгажосць Беластока.

«Можа, калі б была нейкая іншая ідэя, я б яшчэ падумала, таму што яшчэ ідзе адаптацыйны перыяд. Зараз нават складана на людзях знаходзіцца. Але тут гэты горад проста пакарыў сэрца, ён крыху нагадвае мне родны Гродна, ёсць такія «смачныя» месцы як аркі, як нашы вядомыя паў-дома, расліны, якія сплятаюцца, як у нас на ўніверсітэце, дзе я вучылася. Мне гэта вельмі ў душы адгукаецца, таму я вырашыла тут быць».

Кацярына Еўдакімава-Енджэеўская

Украінскі мастак і дызайнер Дмытро Галыч пераехаў у Беласток з Жытоміра і прычынай свайго ўдзелу ў пленэры называе жаданне быць карысным для горада.

— Па-першае, дапамагчы ўцекачам з Украіны, з Беларусі. Мы хочам намаляваць на выставу карціны і прадаваць гэтыя карціны на дабрачынным аўкцыёне. Грошы пойдуць на дапамогу бежанцам як з Украіны, так і з Беларусі. У мяне была выстава летась на Рынку Касцюшкі. Выстава «Маімі вачыма Польшча і Украіна». Таксама быў аўкцыён, мая карціна пайшла для бежанцаў.

—  Чаго чакаеце непасрэдна ад гэтага пленэра, ад выставы, якая пройдзе ў кастрычніку?

— Хачу, каб Беласток убачыў мяне як мастака. Думаю, што гэты пленэр будзе карысны для Беластока. Людзі ўбачаць, што мы ёсць, жывем тут. У будучым плануем з мастакамі яшчэ якія-небудзь дзеянні зрабіць, каб нас больш бачылі, больш звярталіся да нас.

— Можна сказаць, што беларускія і ўкраінскія мастакі бліжэйшым часам будуць больш заўважныя тут у Беластоку?

— Спадзяюся на гэта.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.