Гераізаваць эпоху Студзеньскага паўстання 1863-1864 гадоў і ўдзел у ім беларусаў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага плануюць сябры клуба гістарычнай рэканструкцыі, які быў створаны ў Беластоку, у беларускім хабе «Новая зямля». Калі атрымаецца хутка знайсці адпаведную вопратку і зброю, то першае іх з’яўленне на публіцы адбудзецца ўжо ў сярэдзіне ліпеня на фестывалі «Тутака».
«Трэба папулярызаваць гэты перыяд сумеснай з палякамі гісторыі, але з данясеннем нашых беларускіх наратываў» – так ахарактарызаваў мэту стварэння рэканструктарскага клуба вядучы яго першага пасяджэння гродзенскі актор Васіль Калач. І цяпер перад сябрамі аб’яднання стаіць задача збору ці вырабу зброі, праўда, пакуль гэта будзе выключна халодная, і пашыве адзення. Але самае галоўнае ў беластоцкіх рэканструктараў падзей Студзеньскага паўстання ўжо ёсць», – моцнае жаданне дзейнічаць і ісці да намечанай мэты, упэўнены Васіль Калач.
«Пакуль мы маем невялічкую групу аматараў. Мы яшчэ не маем назвы, але маем ужо мэты, вызначаныя задачы і першыя крокі для развіцця ў накірунку гістарычнай рэканструкцыі менавіта ў цікавы для нас перыяд паўстання 1863-1864 гадоў. Гэта фактычна белая пляма ў гісторыі Беларусі нават для свядомых беларусаў, не гаворачы ўжо пра шэраговых абывацеляў, мяшчанаў сучасных, якім проста нешта пра гэта ў школе казалі. А зараз ужо і ў школе не кажуць, гэта пад забаронай. Наша задача троху ўскладняецца яшчэ тым, што гэты гістарычны перыяд мы не проста раскрываем для сябе, а фактычна мы яго выцягваем з нуля. Ёсць нейкія гістарычныя працы па гэтым перыядзе, але яны не вядомы шырокай публіцы. Яны не вядомы аматарам гісторыі збольшага. Яны вядомы толькі тым, хто цікавіцца імі дакладна, мэтанакіравана ідзе і шукае. А адна з нашых задач – гэта папулярызацыя і гераізацыя гэтага перыяда. Бо гэты перыяд – гераічны, гэта кропка нараджэння палітычнай нацыі беларусаў. І гэтыя белыя плямы павінны быць распісаны рознымі колерамі, колерамі жыцця».
Польскія аматары рэканструкцыі Студзеньскага паўстання не паглыбляюцца ў яго беларускі складнік, і гэта зразумела, лічыць спадар Васіль, ім цікава сваё, а нам сваё. Але варта паяднаць гэтыя два кавалкі адной гісторыі.
Удзельнік руху гістарычнай рэканструкцыі Аляксей Трубкін распавёў, што ў Беларусі самы распаўсюджаны яе від – рыцарскія баі і турніры. Таму яму цікава паспрабаваць сябе менавіта ў рэканструкцыі падзей больш позняга перыяда беларускай гісторыі – другой паловы ХІХ стагоддзя.
«Баюся памыліцца, але гэта ці не першая спроба арганізацыі менавіта рэканструктарскага клуба паўстанцаў Каліноўскага. Прынамсі я не чуў пра такія. Можа быць бачыў рэканструктараў, але не клубы. У Беларусі па вядомых прычынах цяпер гэта немагчыма, бо знішчаюцца фактычна ўсе згадкі пра Каліноўскага, пра паўстанне 1863 года. Я лічу, што нам трэба паспрабаваць гэта зрабіць. Атрымаецца, не атрымаецца – іншая справа, але паспрабаваць варта», – лічыць спадар Аляксей.
Дарэчы, спрыяюць беластоцкім рэканструктарам гэтага перыяда гісторыі і мясціны на Падляшшы, звязаныя са Студзеньскім паўстаннем. Паводле Трубкіна, гэта і Кнышынская пушча, і ваколіцы Беластока, ну і зразумела помнік Кастусю Каліноўскаму на яго малой радзіме ў вёсцы Мастаўляны, а таксама вуліца ў ваяводскім цэнтры, названая яго імем.
Стваральнікі клуба запрашаюць далучацца ўсіх жадаючых, хто хоча дапамагаць у пашыве адзення, пошуках рыштунку, а потым удзельнічаць у касцюмаваных і тэатралізаваных імпрэзах.
Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.