Loading

Падтрымаць малы беларускі бізнес, каб ён падтрымліваў грамадскую супольнасць – такую мэту абазначыў сузаснавальнік Асацыяцыі прадпрымальнікаў AIST Сяргей Панфілаў, прадстаўляючы ініцыятыву «Мост» у беларускім хабе «Новая зямля» ў Беластоку.

Падтрымаць тых, хто плануе адкрыццё бізнеса, – такую мэту ініцыятывы адразу абазначыў Сяргей Панфілаў перад зацікаўленымі ва ўласным бізнесе беларусамі Беластока, якіх на сустрэчу прыйшло каля палутара дзясятка. Пры гэтым падтрымка маецца на ўвазе не фінансавая, а менавіта інфармацыйна-асветніцкая, якую плануецца аказваць праз стварэнне сеткі своеасаблівых цэнтраў, якія б дзейнічалі дэцэнтралізавана ва ўсіх ваяводствах, дапамагаючы новым прадпрыймальнікам на месцах. Зразумела, што карыстацца яны змогуць і тымі напрацоўкамі, якія ўжо ёсць у Асацыяцыі AIST – а гэта, у прыватнасці, пераклады з польскай мовы розных даведачных матэрыялаў аб арганізацыі малага і мікра-бізнеса. Да таго ж пілотны праект інфармацыйнай дапамогі беларускім прадпрымальнікам, прычым з мясцовымі ўладамі, ужо запускаецца ў Любускім ваяводстве.

— Мы хочам, каб беларусы сталі зноў праактыўнымі. Мы хочам аб’яднаць беларусаў у самастойнай падтрымцы. Чаму Беласток? Таму што тут, на мой погляд, другая па велічыні дыяспара, вельмі многа актыўных людзей, сацыяльна актыўных людзей, вельмі многа прадпрымальнікаў і вельмі многа робіцца для падтрымкі бізнеса, у тым ліку. Пасля Варшавы ці разам з Варшавай гэта другі па значнасці пункт.

— Гэта другі горад пасля Варшавы, куды вы прыехалі з гэтай ініцыятывай?

— Не, я яшчэ быў у Гожаве з гэтым пытаннем. Асобна камунікаваў з Гданьскам, асобна камунікаваў з Кракавам і Уроцлавам, але без выездаў ужо. Напэўна, нумар тры, калі казаць з пункту гледжання візітаў.

— Ці дасягнулі вы той мэты, з якой прыехалі ў Беласток? Ці знайшлі водгук ад тых людзей, з якімі сустрэліся?

— Ну, напэўна, так. У мяне не было ніякіх асаблівых чаканняў, што людзі запляскаюць у далоні, запытаюцца, куды несці свой вольны час. Мы дастаткова цікава пагутарылі. Я вельмі цікава пагутарыў яшчэ да гэтага з праектам «Мост-медыя», там у нас хутчэй за ўсё будуць нейкія кропкі сутыкнення. Мне было важна ўбачыць і пачуць, што людзі думаюць, як яны спрабуюць вырашаць свае праблемы, наколькі гэтая ініцыятыва ім будзе блізкай, наколькі будзе карыснай. Таму я лічу, што візіт карысны.

— Чым менавіта гэта ініцыятыва іх можа зацікавіць?

— Я разлічваю на некалькі складнікаў. Я хачу знайсці людзей, якія хочуць, каб беларусы сталі зноў нацыяй нумар адзін, паказалі, што яны могуць ствараць пляцоўкі, карысныя не толькі для эмігрантаў-беларусаў, але і для іншых эмігрантаў і ўцекачоў. Гэта першае. Другое, я разлічваю, што ў гэтых людзей у Беларусі застаюцца эканамічна актыўнае насельніцтва, сябры, знаёмыя, родзічы, якія можа былі гатовы эміграваць, каб узняць сваё жыццё на якасна новы ўзровень, але па нейкіх прычынах не рашаюцца, і гэты інфармацыйна-камунікацыйны мост, я спадзяюся, ён, у тым ліку, дапаможа спіхнуць гэтую сітуацыю.

Такім чынам праект накіраваны не толькі на тых беларусаў, якія ўжо знаходзяцца ў Польшчы. Паводле спадара Сяргея, у Беларусі зараз 270 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў, якіх рэжым у бліжэйшыя гады прымусіць згарнуць сваю дзейнасць. Улічваючы колькасць працуючых у іх наёмных работнікаў, а гэта, па ацэнках выступоўцы, каля 80 тыс. чалавек, і 120 тысяч грамадзян, занятых мікра-бізнесам, агульная колькасць тых, каму будзе цікавы магчымы пераезд у Польшчу і веданне асаблівасці вядзення сваёй справы тут, сягае амаль паўмільёна грамадзян Беларусі.

— То бок вы нейкім чынам спрабуеце паўплываць на тых людзей, якія яшчэ не вырашылі ў Беларусі, з’язджаць ці не з’язджаць?

— Мы хочам зрабіць для гэтых людзей інфармацыю аб Еўропе даступнай. Рашэнне за імі. Я не за тое, каб вырашаць за кагосьці, каму з’язджаць, каму не з’язджаць. Вельмі розныя жыцці, вельмі розныя абставіны, але я за тое, каб зрабіць усё максімальна празрыстым, я за тое, каб пераадолець прапагандысцкія наратывы пра тое, як дрэнна ўсё ў Еўропе. Я за тое, каб даць людзям магчымасці, даць людзям выбар.

Аднак самая галоўная мэта праекта – у сацыяльнай і грамадскай функцыі беларускага бізнесу ў замежжы. «Мы хочам падтрымаць бізнес, каб ён падтрымліваў грамадскую супольнасць», – заявіў Сяргей Панфілаў у Беластоку, маючы на ўвазе тое, што беларускі бізнес будзе спрыяць і рэалізацыі некамерцыйных ініцыятыў і праектаў, якія плануюць разнастайныя няўрадавыя арганізацыі ў Польшчы.

Comments are closed.