Loading

Настаўніца і папулярызатарка фізікі, якая была вымушаны пакінуць Беларусь з-за палітычнага пераследу, Святлана Волчак прадставіла ў беластоцкім хабе «Новая зямля» навукова-папулярны часопіс Pamyłka. Выданне з’явілася дзякуючы краўдфандынгу і зараз змяшчае артыкулы па самых разнастайных галінах навукі. Свой прыезд у Беласток аўтарка праекта, акрамя прэзентацыі часопіса, тлумачыць пошукам аднадумцаў.

Паводле Святланы Волчак, каб падкрэсліць, што часопіс выдаецца выключна самастойна, яго было вырашана назваць «зін» ад англійскага слова magazin – часопіс, які звычайна сваімі сіламі робяць фанаты нейкай справы. То бок зін – гэта самвыдат, тлумачыць спадарыня Святлана. Невялікім тыражом – 70 экзэмпляраў сёлета выйшаў першы нумар часопіса ў папяровым выглядзе, другі будзе ў пдф-фармаце, які кожны можа спампаваць і раздрукаваць для сябе, нават у Беларусі.

Святлана Волчак

— Зін Pamyłka – ён не толькі пра фізіку. Як мы вырашылі, ён пра натуральныя навукі, бо нічога такога няма пра натуральныя навукі ў Беларусі. Таксама мы закранаем тэмы матэматыкі, інфарматыкі, на падставе якіх базуюцца натуральныя навукі. Таксама мы адкрыты любым міждысцыплінарным тэмам, дзе ёсць напрыклад і навука, і гісторыя. Накшталт, гісторыя навукі. Гэта таксама вельмі цікава.

— Вы кажаце «мы», а «мы» гэта хто?

— Гэта некалькі чалавек, якія ствараюць зін. Яны знаходзяцца ў розных месцах па ўсім свеце. Адзін з удзельнікаў Юра Адамаў, артыкул якога ў першым нумары быў. На жаль, Юра зараз за кратамі ў Беларусі. Яго забралі не з-за часопіса. Проста мы разам з ім працавалі. Якраз як яго забралі, у нас быў запланаваны выхад першага нумару. І другі нумар, які мы зараз ужо робім, ужо пачалася вёрстка, ужо сабраны артыкулы, будзе прысвечаны Юры. І нам пашанцавала, што ў нас яшчэ застаўся адзін з яго артыкулаў, які мы зможам апублікаваць.

— Колькі чалавек стварае часопіс?

— Атрымліваецца, што каманда – гэта чалавекі тры-чатыры. Сярод іх дызайнер, лінгвіст-мовазнаўца, які вычытвае, гэта я як жнец і на дудзе ігрэц – і прамоўтар, і менеджэр супольнасці. І ў той жа час я магу штосьці напісаць і намаляваць. Астатнія людзі гэта тыя, якія яшчэ збіраюцца. У тым сэнсе, што мы запрашаем мастакоў маляваць выявы. У другім нумары каля 8-9 мастакоў прыме ўдзел, – распавяла спадырыня Святлана.

Як сцвярджае аўтарка праекта, яе жаданне стварыць супольнасць беларускіх навукоўцаў і прасоўваць навуку па-за дзяржаўнымі ўстановамі, перш за ўсё тымі, якія існуюць у Беларусі.

— Часопіс не ёсць самамэта. Мэта ёсць стварэнне супольнасці беларускіх навукоўцаў, якой зараз няма, бо навука ў Беларусі па-за дзяржаўнымі ўстановамі не існуе. Немагчыма знайсці лабараторыю ў інтэрнэце, пайсці і працаўладкавацца. Усе лабараторыі дзяржаўныя. Калі я з гэтым сутыкнулася, мне стала вельмі сумна ў Беларусі. Я падумала «я ж хачу займацца навукай, але ж не магу». І трэба штосьці рабіць. Значыць трэба пачынаць з сябе штосьці мяняць. У тым ліку і таму я прыехала сюды, каб распавесці пра тэорыю адноснасці, бо я вельмі цікаўлюся фізічнымі тэорыямі ХХ стагоддзя, накшталт тэорыі адноснасці Эйнштэйна ці квантавай механікі, ці касмалогія. Гэта мне вельмі цікава. Гэтага ў Беларусі няма ці амаль няма, людзей з якімі можна пагутарыць на гэту тэму таксама няма ці амаль няма. І таму мне хочацца, каб яны былі, каб мне было з кім паразмаўляць, – адзначыла Святлана Волчак.

Каб заахвоціць да фізікі, спадарыня Святлана, якая, жывучы ў Польшчы займаецца рэпетытарствам, правяла для наведвальнікаў лекцыю, датычную тэорыі адноснасці. Простай мовай дасведчанага настаўніка яна распавяла сутнасць гэтай тэорыі і так званы парадокс блізнятаў – калі для двух практычна аднолькавых чалавек, якія аказваюцца ў аб’ектах з рознай хуткасцю перамяшчэння, час цячэ па-рознаму.

Comments are closed.