Loading

Некалькі дзясяткаў беларусаў прыйшлі да Генеральнага консульства РБ у Беластоку, каб выказаць свой пратэст супраць «пашпартнага» указу Аляксандра Лукашэнкі, які значна абмяжоўвае правы суграмадзян, што жывуць за мяжой. Удзельнікі акцыі звярнуліся да польскіх улад з просьбай дапамагчы ў вырашэнні новых праблем, паўстаўшых з-за гэтага новаўвядзення. Прысутны на мерапрыемстве дэпутат Сейму Роберт Тышкевіч паабяцаў вывучыць пытанне.

Нягледзячы на тое, што акцыя праходзіла ў Скверы Вольнай Беларусі на ціхай вулачцы Электрычнай, яна была адрасавана менавіта польскім уладам. Пра гэта заявіў журналістам яе арганізатар, прадстаўнік дыяспары Ян Абадоўскі.

«Хочам звярнуць увагу польскай грамадскасці, польскіх дэпутатаў на праблему 300 тысяч беларусаў, якія знаходзяцца тут у эміграцыі ў Польшчы. Большасць гэтых асоб выехалі ад пераследу і маюць праблемы, напрыклад, працаўладкавання. У нас ужо ёсць выпадак, калі ад лекара, які хоча тут працаваць, патрабуюць апастыль, які ён можа атрымаць толькі ў Беларусі. Але гэты чалавек мае пераслед у Беларусі і не можа туды вярнуцца».

Адкрыўшы мітынг і выступаючы з прамовай, Абадоўскі выказаў сумненне ў неабходнасці прысутнасці ў Беластоку консульства, якое не вырашае праблемы сваіх грамадзян.

«Навошта тады патрэбна вось гэта консульства, якое тут знаходзіцца? Навошта патрэбны гэтыя консулы, якія сядзяць у гэтым кансуляце? Яны, хіба, тут знаходзяцца, каб збіраць дадзеныя аб беларусах, якія знаходзяцца за мяжой».

Ян Абадоўскі

Прысутны на акцыі дэпутат Сейму Роберт Тышкевіч заявіў, што разумее праблему, калі сотням тысяч беларусаў рэжым Лукашэнкі стварае вялікія нязручнасці. Ён паабяцаў, што адразу пасля выбараў у польскім Сейме зоймуцца гэтым пытаннем.

«Хацеў бы як старшыня парламентскай групы ў справах Беларусі ўзяць на сябе абавязак, што адразу пасля выбараў зоймемся гэтым пытаннем у польскім Сейме. Польскае пашпартнае заканадаўства, законы аб уліку насельніцтва мусяць быць мадыфікаваны, каб улічыць такую адзіную на свеце сітуацыю, бо гэта (Беларусь) адзіная краіна на свеце, якая сваіх грамадзян ставіць у такую сітуацыю. Мы павінны ў нашым заканадаўстве стварыць магчымасць, каб беларусы маглі пацвярджаць сваю асобу, атрымаць дакумент, які пацвярджае асобу, без абавязковасці выезду ў Беларусь».

Тышкевіч таксама запэўніў удзельнікаў акцыі, што яны могуць разлічваць на прававую дапамогу яго офіса, незалежна ад таго, ці будуць праведзеныя нейкія заканадаўчыя змены датычна «пашпартнай» праблемы беларусаў.

Роберт Тышкевіч

Як адзначыў старшыня Беларускага саюзу ў Рэчы Паспалітай, галоўны рэдактар Радыё Рацыя Яўген Вапа, гэты ўказ створаны для таго, каб пасеяць страх у беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой і зрабіць з іх бездзяржаўных грамадзян, і гэта ёсць адно са злачынстваў Лукашэнкі супраць беларускага народа.

«Як можна адмаўляцца ад сваіх людзей?! Як можна адмаўляцца ад свайго народа?! Як можна адмаўляцца ад таго, што нарадзілі і перадавалі з пакалення ў пакаленне нашы прадзеды, дзяды, бацькі?! Як можна выкідаць людскасць, чалавечнасць беларускую на ўзбочча жыцця?! Гэта можа рабіць толькі бандыт! Гэта можа рабіць толькі найбольшы злачынца! Памятайма, што пасля прыходу да ўлады Аляксандр Лукашэнка гадамі не ўпускаў тых беларусаў, якія жывуць па-за межамі Беларусі ў Беларусь. Ён іх не ўпускаў гадамі, не даючы віз на ўезд. Ён не даваў для значнай часткі беларусаў Беласточчыны ўехаць у Беларусь, не даючы віз альбо на мяжы іх анулюючы».

Яўген Вапа

Як вядома, адным са спосабаў вырашэння дакументавання беларусаў у замежжы, якія не могуць прыехаць у Беларусь, Аб’яднаны пераходны кабінет прапануе стварэнне так званага пашпарту Новай Беларусі. Вось што думаюць пра яго некаторыя ўдзельнікі акцыі.

«Мне здаецца, што гэта такая вельмі далёкая перспектыва, на жаль, што гэта хутка не адбудзецца, таму нам трэба дзейнічаць зараз, бо беларусы праблемы маюць зараз. Вельмі добра будзе, калі пашпарт Беларусі будзе прызнаны, напрыклад, у Еўрапейскім саюзе, і беларусы, якія яго атрымаюць, змогуць ім карыстацца ў краінах Еўрасаюза. Але мы ведаем, што гэта доўгая справа і напэўна гэта пытанне не на зараз».

«Мы не збіраемся ехаць у Беларусь, каб мяняць дакументы. Значыць, знойдзецца спосаб, і ён ужо знайшоўся – пашпарт Новай Беларусі. Гэта будзе выйсце для нас».

«Хочацца верыць, што гэты дакумент будзе мець нейкую юрыдычную сілу. Але ці атрымаецца гэта зрабіць? Ну калі атрымаецца, то гэта будзе цудоўна».

На акцыі былі таксама ўзгаданы палітвязні, якіх трымае ў засценках лукашэнкаўскі рэжым, катуючы і забіваючы іх. Тыя, хто знаходзіцца на волі ў замежжы мусяць стаць іх голасам, казалі выступоўцы.

Comments are closed.