Loading

Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку павінен пачаць сваю працу са студзеня 2024 года. Новая культурніцкая ўстанова будзе працаваць як для тых беларусаў, якія спрадвеку жывуць на Беласточчыне, так і для тых, хто пасяліўся там у апошнія гады.

Згодна з бюджэтам Падляшскага ваяводства, які быў публічна прэзентаваны на мясцовым тэлебачанні, на функцыянаванне новай культурніцкай інстытуцыі адмыслова закладзены 1,5 млн злотых, а яшчэ 1,5 млн злотых – на падрыхтоўку адпаведнага будынка. Цэнтр мусіць дапамагчы мясцовай беларускай супольнасці ў рэалізацыі разнастайных праектаў, адзначыў маршалак Артур Касіцкі. Ён падзякаваў прафесару Алегу Латышонку, які быў адным з ініцыятараў стварэння культурніцкай установы, і раднаму ваяводскага Сейміка Славаміру Назаруку, які са свайго боку актыўна падтрымаў ідэю і шмат зрабіў для яе ўвасаблення ў жыццё. Дарэчы, ініцыятыву стварэння Цэнтра падтрымаў і прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

Часовым дырэктарам Цэнтра прызначаны прадстаўнік беларускай меншасці Анатоль Вап.

«Я хацеў бы, каб гэтай інстытуцый стаў кіраваць чалавек з супольнасці беларускай меншасці. Па просьбе супольнасці быў вызначаны спадар Анатоль Вап, як чалавек, які мог бы выконваць абавязкі дырэктара да часу вызначэння таго дырэктара, які будзе працаваць пастаянна, кіруючы гэтай установай. Спадар дырэктар мае вялікі досвед, калі гаворка ідзе аб кіраванні ўстановай культуры, напэўна, з гэтым справіцца, ён ведае супольнасць вельмі добра. Думаю, што няма нікога лепшага, хто мог бы гэтай установай кіраваць. Канешне, як будзе далей, вызначыць конкурс і адпаведная камісія, але на сёння маю надзею, што гэта такі пачатак, каб фактычна інтэграваць супольнасць беларускай меншасці не толькі тут у Беластоку, але і ва ўсім нашым рэгіёне. Каб гэта было месца для сумесных дзеянняў, для сумесных ініцыятыў, якія будуць фінансаваны альбо з бюджету ваяводства, з бюджету дзяржавы, альбо таксама з еўрапейскіх сродкаў. Каб гэта была інстытуцыя, якая гэтую меншасць прадстаўляе, меншасць, якая ёсць найвялікшай меншасцю в нашым рэгіёне».

Злева направа Славамір Назарук, Артур Касіцкі, Алег Латышонак, Анатоль Вап. Фота: Oficjalny Profil Informacyjny Województwa Podlaskiego ў Фэйсбук.

Цэнтр будзе знаходзіцца часова на вуліцы Кіліньскага, а потым пераедзе ў іншы будынак.

У сваю чаргу Алег Латышонак нагадаў, што з ідэяй стварэння такога цэнтра беларуская меншасць выступала яшчэ з 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Але справа рушыла з месца толькі пасля наведвання Анджэем Дудай Падляшша ў чэрвені 2021 года. Потым было створана аб’яднанне 12 беларускіх арганізацый з такой самай назвай «Цэнтр беларускай культуры».

«Адкуль увогуле такая задумка? Бо вельмі хутка аказалася, што самі па сабе няўрадавыя арганізацыі не ў стане запэўніць такога ўзроўня развіцця культуры як публічная інстытуцыя. Мы звярталіся цягам некаторага часу да розных улад, і ўрэшце справа зрушылася падчас візіту прэзідэнта Анджэя Дуды ў Залешаны і ўвогуле да беларускай меншасці ў Бельск-Падляшскі. На сустрэчы ў Бельску-Падляшскім мы зноў звярнуліся з той жа просьбай. Спадар маршалак прыхільна да гэтага паставіўся і мы пачалі арганізацыйную падрыхтоўку. Мы стварылі саюз таварыстваў пад назвай «Цэнтр культуры беларускай», дзе я стаў старшынёй. У склад нашага саюзу ўваходзіць 12 беларускіх арганізацый, таварыстваў, фундацый, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Падляшскага ваяводства. Прычым хацеў бы адзначыць, што гэта не толькі арганізацыі так бы мовіць старабеларускія, але таксама арганізацыі дыяспары. Бо мы маем надзею, што Цэнтр будзе інтэграваць беларускую дыяспару, тую новую, якая паўстала галоўным чынам пасля 2020 года, з беларусамі-аўтахтонамі на Падляшшы, і дапаможа таксама ў інтэграцыі гэтай дыяспары ў нашым горадзе, у нашым ваяводстве. І варта помніць, што якраз у нашым ваяводстве прыехаўшых беларусаў з Беларусі больш, чым нават прыехаўшых з Украіны».

Радны Славамір Назарук адзначыў, што з’яўленне Цэнтра стала вынікам добрага супрацоўніцтва з уладай не толькі беларускай, але і ўсёй праваслаўнай супольнасці Беласточчыны.

«Я рады, што, як прадстаўнік гэтай супольнасці ў Сэйміку Падляшскага ваяводства, змог пакласці сваю цаглінку да, маю надзею, моцнага збудавання пад назвай «Цэнтр беларускай культуры». Маючы на ўвазе, што пераважная большасць беларусаў меншасці на Падляшшы вызнаюць праваслаўе, я маю надзею, што ў праца Цэнтра будзе адносіцца і да культуры праваслаўя ў шырокім сэнсе, а таксама да яго спадчыны, да гісторыі».

У сваю чаргу Анатоль Вап падкрэсліў, што найважнейшым зараз ёсць інтэграцыя супольнасці, а таксама спрыянне вывучэнню беларускай мовы.

«Працаваць будзем як і іншыя ўстановы культуры, то бок арганізоўваць канцэрты, спатканні, канферэнцыі, ініцыяваць даследаванні культуры, а таксама гісторыі беларускай супольнасці ў ваяводстве. Вельмі важнай рэччу павінны стаць дзеянні, звязаныя з папулярызацыяй беларускай мовы, такія праадукацыйныя. Не маем намер ствараць школу, бо не збіраемся займацца навучаннем беларускай мовы, але напэўна будзем супрацоўнічаць са школамі, дзе вывучаецца беларуская мова, дапамагаць ім, каб навука гэта была як мага больш прывабнай. Толькі такім чынам можам заахвоціць маладых людзей да вывучэння беларускай мовы.

Таксама маем намер навучаць польскай мове, бо беларуская дыяспара патрабуе такога навучання, гэта будзе дапамагаць ім у іх штодзённым жыцці ў нашым ваяводстве. Таму будзем такія як і большасць культурніцкіх устаноў, толькі з той асаблівасцю, што будзем скіраваныя галоўным чынам на беларускую меншасць, на беларускую дыяспару. Гаворка ідзе пра папулярызацыю і распаўсюд ведаў аб беларускай культуры, беларускай супольнасці. Лічым, што гэтых ведаў не дастаткова».

Статут Цэнтра мусіць яшчэ зацвердзіць Сеймік ваяводства. Артур Касіцкі спадзяецца, што ніякіх супрацьдзеянняў з боку радных не будзе, і запэўніў, што ў клуба «Права і справядлівасці» ніякіх сумненняў датычна неабходнасці паўстання Цэнтру няма. На тое ж самае стаўленне да новай установы для беларусаў ён спадзяецца і з боку «Грамадзянскай платформы», «Трэцяга шляху», незалежных радных.

Comments are closed.