Loading

Каля 40 малодшых школьнікаў, якія за апошнія гады разам з бацькамі прыехалі з Беларусі, прыйшлі ў Беларускую школу, якая ўпершыню адкрыла свой філіял у Беластоку. Першыя заняткі адбыліся ў суботу, 2 верасня, у гарадскім Цэнтры грамадскай актыўнасці.

«Давайце пазнаёмімся. Мяне завуць Наталля, альбо, калі вам зручней, можна спадарыня Наталля, можна Наталля Мікалаеўна, як вы прывыклі. Можа хто ўжо навучаецца ў польскай школе, можна наогул называць пані Наталля. Я вельмі рада, што ўбачыла сёння вас усіх. Будзем займацца па суботах з 10 да 12. У нас будзе ўрок беларускай мовы і беларускай літаратуры. Будзем карыстацца падручнікамі, таму што мы будзем ісці па праграме беларускай, але гэта не азначае, што будзем толькі сядзець і нешта вучыць, вучыць, вучыць. Будзем размаўляць па-беларуску».

Настаўніца спадарыня Наталля

Так распачала свой першы ўрок у чацвёртым класе беластоцкага філіяла Беларускай школы ў Варшаве настаўніца Наталля. Варта адзначыць, што падобныя філіялы з’явіліся ў Гданьску і Кракаве. У Беластоку ў гэтай школе будзе па сутнасці тры класы – першы, аб’яднаныя ў адзін трэці і другі, а таксама чацвёрты. У кожным класе свая настаўніца беларускай мовы і літаратуры, а прадмет «Чалавек і свет» будзе весці загадчык філіяла спадар Алег. На яго ўроках вучні будуць даведвацца пра гісторыю, культуру, геаграфію Беларусі. Гэта тое, што тычыцца афлайн-навучання, бо ў папярэднім навучальным годзе для дзяцей з іншых гарадоў Беларуская школа ў Варшаве прапаноўвала толькі анлайн-выкладанне. Дарэчы, анлайн-заняткі і цяпер дасяжныя для ўсіх жадаючых, і магчыма яны зацікавяць беластоцкіх вучняў старэйшых класаў, куды не набралося дастатковай колькасці для навучання ў афлайн-рэжыме.

— У нашым першым класе, дзе дзеці спачатку будуць вучыцца чытаць і пісаць па-беларуску, каля 10 вучняў. У чацвёртым класе таксама каля 10 дзяцей, а ў другім-трэцім, гэтым аб’яднаным, найбольшая колькасць. Яшчэ па стане на 25 жніўня было 18, але зараз з’явіліся звесткі, што дадаліся яшчэ тыя, хто запоўніў анкеты. Мы іх чакаем ужо ў наступны раз. Падзелены гэты клас ужо не будзе – такое фінансаванне, так праект ужо складзены, што мы не зможам падзяліць гэты клас. Проста ўжо будзе там найбольшая колькасць вучняў. Настаўніца будзе спрабаваць працаваць на такі паўнавартасны клас.

— У мінулым навучальным годзе ў гэтай школе, калі для іншых гарадоў, акрамя Варшавы, было анлайн-навучанне і выкладаліся такія прадметы, як беларуская мова, беларуская літаратуры, гісторыя, мастацтва, руская мова і руская літаратура. Ці застаўся гэты комплекс прадметаў і ў вас?

— Не, у нас такога комплексу прадметаў не засталося таксама па прычынах фінансавых. Таму быў выбар альбо нічога не рабіць, альбо рабіць, каб захавалася беларуская мова і літаратура для дзяцей. Асноўны ўхіл ідзе на тое, каб захаваць у гэтых філіялах беларускім дзецям магчымасць вучыць беларускую мову і літаратуру. Сродкаў на рускую мову і літаратуру наогул няма, а на гісторыю і мастацтва толькі на анлайн-навучанне.

Пакуль ішлі заняткі, некаторыя з бацькоў чакалі сваіх дзяцей на калідоры, што дало магчымасць паразмаўляць з дарослымі. «Хочам, каб дзеці вучылі беларускую мову і ведалі, што яны беларусы» — так можна абагульніць іх адказ на пытанне, навошта ім спатрэбілася нагружаць дзяцей дадатковымі заняткамі.

Варта адзначыць, што ў Беластоку сёлета з лютага па чэрвень у хабе «Новая зямля» праводзіліся заняткі па беларускай мове, якія вяла настаўніца Ганна Дар. Там было дзве ўзроставыя групы дзяцей, якія таксама займаліся па суботах. У верасні гэтая ініцыятыва працягу не мела.

Comments are closed.