Грамадская ініцыятыва «Актыўным быць файна», якая з канца 2020 года спыніла сваю дзейнасць у Беларусі з-за пераследу лукашэнкаўскіх сілавікоў, цяпер адраджаецца ў іншых краінах, куды пераехалі беларусы.
Ініцыятыва «Актыўным быць файна» ці скарочана АБФ – гэта сетка так званых шведскіх гурткоў, дзе кожны жадаючы можа прыйсці, паразмаўляць на тую тэму, якая яго цікавіць, даведацца аб меркаванні іншых людзей, пазнаёміцца з імі і правесці з карысцю для сябе вольны час. У кастрычніку 2020 года Цэнтр развіцця эфектыўнай камунікацыі АБФ у Мінску заявіў аб спынненні дзейнасці, бо, паводле яе дырэктара Юліі Міцкевіч, сілавікі пагражалі абвінаваціць арганізацыю ў экстрэмізме. За тры гады гурткі «АБФ Беларусь» з’явіліся ў Грузіі, Літве, Малдавіі, Украіне. Таксама яны ёсць і ў Польшчы, напрыклад, у Кракаве, Познані і Гайнаўцы, кажа ініцыятар стварэння беластоцкага гуртка Іван. Ідэя стварыць АБФ у Беластоку прыйшла да яго ў Вільні, дзе ён пэўны час жыў і наведваў адпаведныя гурткі.
— Я жыў у Вільні амаль год і там наведваў гурткі АБФ. Мне гэта вельмі падабалася, там гэта вельмі развіта. І я падумаў, чаму не запусціць такое ў Беластоку. Я стаўлю сабе на мэту адраджэнне такіх гурткоў, каб людзі не сядзелі дома, каб яны маглі адно з адным пазнаёміцца, з кімсьці паразмаўляць, пра штосьці даведацца. Таму што многія скардзяцца, што ў Беластоку няма як бавіць вольны час.
— А чым у Вільні людзі цікавяцца ў гэтых гуртках?
— Там прыходзіць многа людзей, ёсць сваё асобнае памяшканне, ёсць разнастайныя накірункі шведскіх гурткоў Soft skill, «Штодзённая мова» (калі размаўляюць на беларускай мове), «Філасофскі клуб», «Кінаклуб», з’яўляюцца новыя.
— Ці многа людзей туды прыходзяць?
— У сярэднім прыкладна па 20 чалавек, а калі тэма вельмі людзей цікавіць, то нават і да 40 чалавек было.
Я зараз запускаю два гурткі. Калі б было сваё памяшканне, то можна было штодзень праводзіць гурткі, каб людзям было цікава, было чым заняцца, каб людзі маглі размаўляць, развівацца, расці над сабой. Адзін гурток будзе Soft skill – гэта асобаснае развіццё, а другі гурток будзе Sex education, на якім будуць абмяркоўвацца розныя моманты аж да шлюбных кантрактаў. Тэмы будуць выбіраць тыя, хто ходзіць на гурток. Потым нехта адзін будзе рыхтаваць прэзентацыю і ўсе разам будуць яе абмяркоўваць. Атрымліваецца, што гэта не я буду рабіць праграму навучання, а тыя, хто прыходзіць на гэтыя заняткі.
— На які ўзрост арыентаваны гурткі?
— Абсалютна не залежыць, які ўзрост. Кожны чалавек можа прыйсці і падзяліцца сваім досведам. Чым больш яго ў чалавека, тым больш ён можа распавесці. У сярэднім удзельнікам ад 20 да 40 гадоў. Такіх большасць, але бываюць маладзейшыя ці больш старэйшыя. Гэта залежыць ад тэмы, ад гуртка.
На першае пасяджэнне новага гуртка прыйшло каля 10 чалавек – маладых людзей і дзяўчын. Іх узрост у цэлым адпавядаў таму, які пазначыў Іван. Цікава, што большасць прысутных аказалася занята ў сферы ІТ. Не так даўно, па іх жа сцверджаннях, яны пераехалі з Беларусі ў Беласток і шукаюць разнастайныя актыўнасці для сябе.
Comments are closed.