Каля двух дзясяткаў чалавек выйшлі 27 чэрвеня ў скверы імя Ежы Папялушкі ў Беластоку, каб выразіць сваю салідарнасць з палітзняволеным гродзенскім журналістам і актывістам Саюза палякаў на Беларусі Анджэем Пачобутам, а таксама іншымі палітвязнямі лукашэнкаўскага рэжыму. На акцыі гучалі словы і пра тое, што заходнія палітыкі ўсё больш закрываюць вочы на рэпрэсіі, якія працягваюцца ў беларускай краіне.
Па традыцыі, акцыя была прымеркавана да 25 чысла месяца, калі ў сакавіку 2021 года быў затрыманы Анджэй Пачобут, а таксама яшчэ чатыры актывісткі Саюзу палякаў Беларусі. Нагадаю, што ў далейшым тры з іх былі вывезены ў Польшчу, а са старшыні арганізацыі Анжалікі Борыс сёлета былі зняты ўсе абвінавачванні. У той жа час Анджэй Пачобут па надуманай справе быў асуджаны на восем гадоў зняволення. У чэрвені стала вядома аб пераводзе яго ў Наваполацкую выпраўленчую калонію для адбыцця пакарання. Агулам Анджэй знаходзіцца за кратамі 27 месяцаў, і кожны месяц у Беластоку выходзяць людзі, каб праявіць салідарнасць з ім і тысячамі іншых беларускіх палітвязняў.
«Мы прыходзім сюды, каб заявіць свой пратэст таму, што адбываецца ў Беларусі», – заявіў намеснік старшыні саюзу палякаў Беларусі Марэк Занеўскі.
«Наш калега Анджэй Пачобут з апошняй інфармацыі, якую мы ведаем, знаходзіцца ўжо ў папраўчай калоніі ў Наваполацку. Яго этапавалі з Гродна, і зараз ён знаходзіцца на каранціне. Многа інфармацыі не маем, але, напэўна, атрымаем у хуткасці нейкія паведамленні ад яго і будзем ведаць, як прайшоў этап.
Калонія ў Наваполацку адна з найгоршых калоній у Беларусі, што сведчыць аб стаўленні беларускіх улад да Анджэя, да польскай меншасці. Сітуацыя, на жаль, не выглядае лепшым чынам, і ў такіх варунках важна, што мы збіраемся, кажам аб гэтым, паказваем сваю салідарнасць, нягледзячы ні на што», – падкрэсліў грамадскі дзеяч.
Пра апошнія выпадкі палітычнага пераследу ў Гродна прысутным распавёў гродзенскі актывіст Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Сяргей Верамеенка.
«Мы атрымалі паведамленне, што ў Гродна быў затрыманы Андрэй Нортан. Гэта ўласнік крамы «Цудоўня». Нібыта ў яго знайшлі зброю ці патроны ці яшчэ штосьці такое. Бандыт Лукашэнка спрабуе дамовіцца з іншымі бандытамі, якіх ён запрасіў да сябе, хаваючы іх ад Пуціна ці гандлюючы. А гэта можа быць яшчэ горш паўплываць на тую сітуацыю, якая зараз у Беларусі. Сёння я глядзеў цікавую статыстыку. У Расійскай федэрацыі на дадзены момант 800 палітвязняў, дзе 140 млн насельніцтва. У Беларусі паўтары тысячы толькі афіцыйных. І пяць тысяч чалавек, якіх пераследуюць па крымінальных артыкулах паводле палітычных перакананняў. Тое, што мы сюды прыходзім, я веру і ведаю, што Анджэй Пачобут і іншыя палітвязні ведаюць пра ўсе нашы акцыі, яны адчуваюць нашу падтрымку», – заявіў спадар Сяргей.
Анджэю Пачобуту будзе вельмі цяжка ў калоніі, як цяжка і іншым палітвязням, у тым ліку прадстаўнікам незалежных медыя, якіх у лукашэнкаўскіх засценках знаходзіцца больш за 30 чалавек, казалі іншыя выступоўцы.
У Беларусі далёка не паўтары тысячы палітычна зняволеных, а намнога больш, упэўнена жонка Сяргея Верамеенкі Вольга, якая таксама ўзяла слова. Жанчына выказала незадавальненне цяперашняй рэакцыяй палітыкаў краін, якія атачаюць Беларусь, да палітычнага пераследу ў цэнтры Еўропы, які не спыняецца ўжо амаль тры гады.
«Ужо не хапае слоў і не хапае сіл, каб гэта ўсё ператрываць. Насамрэч, у Беларусі не паўтары тысячы палітвязняў, не трэба гэту лічбу называць, таму што там тысячы людзей зняволеных. Я хачу звярнуцца да палітыкаў Захаду, якія закрылі вочы і закрылі вушы. Вельмі добра, што дапамагаюць зараз украінцам, а ў Беларусі пачвара забівае беларусаў кожны дзень. А вы сядзіце і маўчыце! Вось мы выходзім, можам гучна крычаць, але ніхто не хоча нас чуць. Я не разумею, што адбываецца. ХХІ стагоддзе і ніхто не можа зрабіць нейкага кроку, каб гэтая пачвара перастала ў сваёй уласнай краіне забіваць і катаваць людзей. Адкрыйце вочы, адкрыйце вушы і, калі ласка, зрабіце што-небудзь!» – заклікала спадарыня Вольга.
Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.