Loading

У Беластоку каля васьмідзесяці чалавек прынялі ў нядзелю 19 чэрвеня ўдзел у ланцугу салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. Трымаючы плакаты, сцягі і партрэты палітычных зняволеных яго ўдзельнікі выстраіліся ўздоўж адной з галоўных вуліц горада – вуліцы Браніцкага на перакрыжаванні з вуліцай Электрычнай, дзе месціцца Генеральнае консульства Беларусі.

Не даць забыць пра здзекі, катаванні і забойствы, якія здзяйсняе рэжым Лукашэнкі ў дачыненні да палітычных зняволеных – такі галоўны мэсадж акцыі ў Беластоку, якая адбылася, нягледзячы на дажджлівае надвор’е. Маніфестанты плакатамі, выявамі палітвязняў і транспарантамі спрабавалі прыцягнуць увагу мясцовай грамадскасці да праблемы, якая для жыхароў замежжа амаль знікла з інфармацыйнага парадку дня. Таму арганізатары акцыі вырашылі правесці яе ў форме жывога ланцуга, устаўшы ўздоўж вуліцы Браніцкага, па якой, нават у выходны дзень праязджае шмат транспарту і праходзіць шмат людзей. У адрозненні ад большасці падобных масавых мерапрыемстваў, якія арганізуе беларуская дыяспара, акцыя не прадугледжвала выступленняў яе ўдзельнікаў каля мікрафона. Выключэннем стала хіба толькі прамова актывіста Яна Абадоўскага, які абвяшчаў аб пачатку мерапрыемства і яго заканчэнні.

«Вельмі важна выходзіць на такія акцыі і паказваць, што беларусы не забыліся, што беларусы надалей змагаюцца і беларусы салідарны з тысячамі палітвязняў, якія сядзяць у турмах Беларусі. Мы павінны выходзіць і паказваць, што рэжым катуе людзей, рэжым кожны дзень затрымлівае сотні людзей за каментары ў тэлеграм-каналах, за тое, што людзі выходзілі на акцыі ў 2020 годзе, за тое, што людзі далей змагаюцца і хочуць, каб гэты рэжым знік. Беларусы, якія знаходзяцца тут за мяжой, я лічы, павінны выходзіць на такія акцыі і паказваць таксама для грамадзян Польшчы, што ў Беларусі дыктатура», – заявіў Абадоўскі.

Ян Абадоўскі

У Беларусі нічога не скончылася і старонка не перагорнута, падкрэсліла ў каментары нашаму радыё адна з арганізатараў акцыі Наталля Сцепанцова. І інфармацыю пра гэта важна данесці жыхарам Беластока і грамадзянам Польшчы.

«У Беларусі не перагорнута старонка. У Беларусі сітуацыя надалей вельмі цяжкая. Калі я асабіста размаўляю з палякамі, яны кажуць, што ў Беларусі ўсё ціха, усё прайшло, тры гады мінула і ўсё заспакоілася. Таму вельмі важна для нас паказваць мясцовым жыхарам, мясцовым уладам, крычаць пра тое, што ў Беларусі надалей ёсць палітвязні і іх колькасць павялічваецца», – распавяла Сцепанцова.

Наталля Сцепанцова

Зараз можна пачуць такое пытанне – які сэнс ад усіх такіх акцый, адзначыў адзін з удзельнікаў ланцугу Аляксандр Каваленка, але ён упэўнены, што такія акцыі ў замежжы маральна вельмі дапамагаюць палітвязням у Беларусі.

«Вельмі шмат зараз такога – «А які сэнс ад гэтых вашых акцый? Ад таго, што вы выходзіце, палітвязні ўсё роўна не выйдуць». Я ведаю, што яны ад гэтага, на жаль, не выйдуць, але яны ведаюць, што іх падтрымліваюць. І для людзей, якія там, гэта вельмі важна», – заявіў Каваленка.

Абавязак тых, хто з’ехаў з Беларусі і цяпер жыве ў бяспецы – даносіць усяму свету праўду пра тое, што робіцца на радзіме і пакутах палітвязняў, упэўнены яшчэ адзін удзельнік ланцугу салідарнасці Алесь.

Завяршаючы акцыю, Ян Абадоўскі заклікаў і надалей прымаць удзел у падобных мерапрыемствах, а таксама пісаць лісты падтрымкі палітвязням.

Comments are closed.