Loading

Шэраг мерапрыемстваў культурніцкага накірунку, выезды на прыроду, выданне новага падручніка па беларускай мове і шмат іншых актыўнасцей сталі вынікам дзейнасці на Падляшшы «Таварыства дзеля дзяцей і моладзі, што вывучаюць беларускую мову, АБ-БА». У Беластоку арганізацыя ацаніла свае сёлетнія здабыткі і акрэсліла планы.

Аб’яднанне бацькоў, беларушчынай апантаных – з першых літар гэтых слоў і склалася назва таварыства, якое ўжо больш за чвэрць стагоддзя дзейнічае на Беласточчыне. Сёлета яго праца адзначалася мастацкай самадзейнасцю, тэатральнымі пастаноўкамі, летнікамі, выдавецкай дзейнасцю – выданнем кніг, дыскаў з музыкай і песнямі – распавяла прысутным на сустрэчы ў сядзібе Беларускага грамадска-культурнага таварыства намесніца старшыні бацькоўскай арганізацыі Ілона Карпюк.

У размове з радыё Ўнэт спадарыня Ілона назвала выданне школьных дапаможнікаў і падручнікаў па вывучэнні беларускай мовы, галоўным дасягненнем працы аб’яднання не толькі сёлета, але і за папярэднія гады. У адыходзячым годзе таварыства выдала падручнік для шостага класа падставовай школы.

«Важным пунктам у кожным годзе ёсць тое, што ўдаецца выдаваць дапаможнікі – падручнікі па беларускай мове. На гэты раз для шостага класа з выдавецтва для настаўнікаў «Беларускі настаўнік». Таксама дыск, які ў канцы года будзе з намі, дыск з песнямі, які таксама прымеркаваны да гэтага падручніка, але яго можна і асобна слухаць і слухаць, як спяваюць дзеці, звязаныя з нашым беларускім асяроддзем.

Шмат станоўчага прынеслі нам дзеткі з танцавальнага гуртка «Падляшскі вянок». У гэтым годзе яны выступілі каля 20 разоў на розных сцэнах і на розных фестывалях, прывезлі з сабой узнагароды, вельмі важныя для іх. Гэта гарантуе ім лепшы старт у чарговыя школы і т.д. Так што гэтым цешымся і ганарымся.

Важна што праз цэлы год вядуцца заняткі. Гэта заняткі і па танцах, і вакальныя гурты, напрыклад як «Баламуткі», куды ходзяць меншыя дзеці, сустракаюцца, гуляюць разам, спяваюць. Пры гэтым набліжаюцца да беларускай культуры. Таксама ёсць дзеці, якія спяваюць на вышэйшым узроўні, яны таксама выступаюць на розных конкурсах, яны прэзентуюць аб’яднанне, але і сябе, свае таленты.

Вядзецца таксама тэатральны гурток. У тэатральным гуртку ў дзвюх групах працуюць нашыя дзеці, рыхтуюць пастаноўкі, якія потым паказваем у чэрвені падчас падвядзення вынікаў школьнага года.

Год завяршаецца, і нам удалося яшчэ зрэалізаваць некалькі праектаў як, напрыклад, новыя касцюмы для наймалодшай групы «Падляшскага вянка». Гэта была таксама цяжкая, напружаная праца. Касцюмы ўжо ёсць і прэзентуюцца на сцэнах».

Аўтарка падручнікаў, якія сёлета і раней выдала АБ-БА – Аліна Ваўранюк, настаўніца беларускай мовы ў Падставовай школе №4 Беластока. Яна таксама задаволена сваёй працай і выданнем падручніка для шостага класа.

«Асабліва тое, што ён нарэшце ёсць, бо не было нікога, хто б напісаў актуальны падручнік для шостага класа. Падручнікі, якімі я карысталася як настаўніца раней, гэта былі падручнікі з 90-х гадоў, дзе было шмат тэкстаў, шмат граматычнага матэрыялу, усяго было замнога. Замнога, зацяжка, часам нуднавата вучням, і трэба было проста памяняць іх».

Як распавялі ў бацькоўскім аб’яднанні, на сёння ў АБ-БА 75 сябраў, далучаюцца новыя. Гэта заўважаецца і з боку ваяводскіх улад, якія фінансава дапамагаюць таварыству. Вельмі высока ацаніў дзейнасць аб’яднання, прычым за ўсе папярэднія гады, радны сейміку Падляшскага ваяводства Славамір Назарук.

«Вельмі важная частка жыцця беларусаў на Беласточчыне – АБ-БА, і думаю, што важна не толькі тое, што яны танцуюць, спяваюць, але перадусім вучаць беларускую мову. Ужо ім канчаецца 26-ы год, і такі час сведчыць, што гэта ўдалы праект».

 

Comments are closed.