Loading

У Беластоку некалькі дзясяткаў прадстаўнікоў беларускай дыяспары і меншасці прынялі ўдзел у акцыі, прымеркаванай да 509-ай гадавіны разгрому маскоўскіх войск на рацэ Крапіўна пад Оршай. Удзельнікі праводзілі паралелі паміж навалай з Усходу ў тыя часы і цяпер, і выказвалі надзею на перамогу над расійскім імперыялізмам.

Акцыі ў Беластоку, якія арганізуюць прадстаўнікі мясцовай беларускай дыяспары, звычайна праходзяць каля Генеральнага консульства РБ, якое з нядаўняга часу мае новы адрас «Сквер Вольнай Беларусі». Мітынг 8 верасня, прымеркаваны да Дня беларускай вайсковай славы, не стаў выключэннем: ён прайшоў у гэтым, звычайна ціхім, закутку Беластока.

Перамога ў бітве пад Оршай, якую атрымалі аб’яднаныя войскі літвінаў, палякаў і ўкраінцаў пад кіраўніцтвам князя Канстанціна Астрожскага, знішчыла практычна ўсю вайсковую эліту маскоўскага цара, прытым што агрэсар меў колькасную перавагу перад абаронцамі, рабіў невялікі экскурс у гісторыю вядучы мітынгу Ян Абадоўскі.

«Нашы продкі спынілі расійскіх агрэсараў на некалькі стагоддзяў. Сёння беларускія дабраахвотнікі, як і ў часы Астрожскага, ваююць поплеч з украінцамі ва Украіне. Мы сёння таксама разам з украінцамі змагаемся за незалежнасць нашай краіны. Таму што, на жаль, на тэрыторыі Беларусі ходзіць маскаль. Як і 500 гадоў таму беларусы павінны зноў абараняцца. І беларусы сёння яшчэ раз паказваюць, што мы далей змагаемся і будзем змагацца пакуль апошняга маскаля не будзе на нашай тэрыторыі».

Адказваючы на пытанні журналістаў, Ян Абадоўскі падкрэсліваў, што выходзячы на такія акцыі ў розных кранах свету, беларусы дэманструюць сваё далейшае змаганне.

«Бітва пад Оршай паказвае нам, наколькі важным ёсць існаванне сваёй незалежнай дзяржавы», – заявіў прадстаўнік беларускай меншасці, старшыня Беларускага саюзу ў Рэчы Паспалітай Яўген Вапа. Таксама ён узгадаў і тых першых вайскоўцаў-беларусаў, якія напачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя прынялі прысягу на вернасць Беларусі.

«І менавіта тое, што Масковія не пайшла далей і тое, што не было дамоваў, перамоваў, хаўрусу ёсць сведчаннем аднаго – толькі палітычнае думанне ў катэгорыях незалежнасці дае незалежнасць дзяржаве і ўсім яе жыхарам. Калі мы не будзем думаць па-палітычнаму, калі не будзем думаць у катэгорыях незалежнасці, то ніколі і не будзе гэтай незалежнасці. І як не дзіва, памятайма, што на карціне «Бітва пад Оршай» бел-чырвона-белыя сцягі там ужо намаляваныя як нашы прапары. Пад гэтымі сцягамі біліся пад Оршай. А такая гісторыя абавязуе нас да нечага. Абавязуе нас да шанавання сцяга, гісторыі. Памятаем, што бітва пад Оршай стала тым падмуркам, што ў пачатку 90-х 12 афіцэраў і 3 000 жаўнераў склалі прысягу на гонар і незалежнасць беларускага вайскоўца».

Удзел у акцыі прынялі і тры прадстаўнікі Беластоцкай харугвы Паспалітага рушэння. У іх апошнім часам змяніўся камандзір. Паводле новага кіраўніка, мы зараз жывем у вырашальныя часы.

«Зараз насамрэч увесь свет убачыў сапраўдны твар агрэсара і ўвесь свет зразумеў, што проста дамовіцца, проста заплюшчыць вочы ўжо не атрымаецца і трэба дзейнічаць. Я разумею, што гэтыя працэсы ідуць павольна, што дзесьці еўрапейскаму грамадству трэба расхістацца, каб пачаць нешта рабіць, але гэтыя працэсы ўжо запушчаныя. Менавіта таму я і кажу, што на дадзены момант у нас ёсць унікальны гістарычны шанец нарэшце атрымаць сабе сваю незалежную краіну і нарэшце жыць там па законах».

У нашай размове камандзір Беластоцкай харугвы адзначыў, што бітва пад Оршай для яго не проста гістарычнай падзея.

«Для мяне гэта Дзень беларускай вайсковай славы. Тое ж самае 23 лютага, калі я нават служыў у войску, не лічыў яго нашым святам, яно ніяк не адгукалася ў мяне ўнутры. А дата 8 верасня адгукалася. Таму што гэта наша гісторыя, гісторыя, якую спрабуюць замоўчваць, таму мы абавязаны яе берагчы. Таму я лічу, што гэта сапраўдны наш Дзень вайсковай славы».

Аб тым, што значыць нас, жывучых цяпер беларусаў, тая далёкая ўжо бітва пад Оршай, я запытаўся ў некаторых удзельнікаў акцыі.

«Нашы мужчыны, па-першае, і мы поруч з імі, жанчыны, таксама, на нас сёння ляжыць прамень той перамогі. Мы можам самі яе ў сваіх думках захоўваць і дзяцей сваіх вучыць, каб яны ведалі сапраўдную гісторыю, тую, якая была насамрэч, а не тую, якую нам прыдумалі і прапісалі ў падручніках у савецкія часы, а потым і ў часы, якія зараз у Беларусі».

Гэтая жыхарка Магілёўскай вобласці распавяла пра тое, як раней год за годам адзначалі на Крапівенскім полі ўгодкі вялікай бітвы.

«На полі пад Оршай збіралася вельмі шмат народу – моладзі, дзяцей, падлеткаў. І амаль усю ноч спявалі, танцавалі, распавядалі, знаёміліся. І гэта было так узрушальна! Гэта была жывая гісторыя, якую не трэба было вучыць па падручніках. Гісторыкі прыязджалі туды, распавядалі, як яно было калісьці. Былі ў нацыянальных строях шмат хто. Нехта на каленцы пісаў вершы, нехта з гітарай адразу клаў гэта на музыку. жывое ўсё было».

Маскоўскі імперыялізм спрабаваў знішчыць беларусаў і тады, і цяпер, упэўнены ўдзельнік акцыі Аляксандр.

«І 509 год таму мы ваявалі з маскалямі. Яны былі на нашай зямлі і прыносілі нам гора, беды і так далей. І зараз усё благое, што ёсць у Беларусі ідзе менавіта ад маскаля. Не ад рускага, таму што ёсць добрыя рускія, і мы іх ведаем. Яшчэ Кастусь казаў, што толькі тады мы зажывем добра, калі маскаля над намі не будзе. Таму паралелі можна праводзіць. Дзе маскаль – ва Украіне, у Сірыі, у Беларусі, усюды штосьці не так».

Comments are closed.