Loading

Беларускія ўлады на фоне масавай міграцыі з краіны пачалі рабіць захады, каб школьнікі не з’язджалі вучыцца за мяжу, у прыватнасці ў Польшчу. На адміністрацыйным узроўні ўскладнілі працэдуру апастылявання дакументаў, неабходных для паступлення за мяжу. Акрамя таго, за апошні год гэтая працэдура падаражэла ў 10 разоў. Вядома аб выпадках звальнення настаўнікаў і дырэктараў школ, выпускнікі якіх масава зʼязджаюць вучыцца ў Польшчу.

Па дадзеных Państwowy Instytut Badawczy у польскіх ВНУ навучаецца каля 12 тысяч беларусаў. Тэндэнцыя такая, што гэтая колькасць павялічваецца прыблізна на тысячу ў год. Для тых, хто мае «карты паляка» адукацыя бясплатная, астатнія вымушаныя плаціць. Навучанне ў польскім універсітэце па многіх спецыяльнасцях таннейшае, чым у беларускім. Акрамя таго, польскі дыплом дае больш магчымасцяў на рынку працы за мяжой, чаго не скажаш пра беларускі, бо Беларусь выйшла з Балонскага працэсу. Таму не дзіўна, што беларускія бацькі аддаюць перавагу вучыць дзіця за мяжой, нават калі самі яны пры гэтым знаходзяцца ў краіне. На фоне дэмаграфічнага крызісу, масавай міграцыі і нежадання моладзі вучыцца ў Беларусі, урад заклапаціўся гэтай тэмай і абмяркоўвае шляхі, як спыніць адток кадраў. Паколькі справіцца з абʼектыўнымі прычынамі выезду яны могуць, бо трэба мяняць уладу, у ход пайшла рыторыка забароны і рэпрэсіі.

Выпускнікам 2023 года прыходзяць пагрозы ад іх былых класных кіраўнікоў. У іх патрабуюць неадкладна прадставіць дадзеныя аб ВНУ, дзе яны ці вучацца зараз, ці будуць вучыцца, паведамляе гродзенскі партал Hrodna.life. У жніўні школы Гродна наведвала камісія, якая мела на руках інфармацыю, колькі выпускнікоў у якой школе падаліся на апастыль, і адпаведна, колькі планавала выехаць з краіны. Бацькоў выклікаюць на прафілактычныя гутаркі і пытаюцца, што іх дзяцей не задавальняе ў Беларусі.

«Усіх, чые дзеці зрабілі апастыль дакументаў аб заканчэнні школы, выклікалі на прафілактычныя гутаркі з начальствам – распавёў журналістам суразмоўца выдання, звязаны са сферай адукацыі ў Беларусі. Бацькоў пытаюцца, чаму дзіця зʼязджае за мяжу: з якой мэтай, што іх не задавальняе. На сходах у школах бацькам не рэкамендуюць расказваць аб паступленні за мяжу.

Паводле інфармацыі Hrodna.life, на курсах польскай мовы ў Гродне стала вучыцца менш хлопцаў. Зʼявілася і новая тэндэнцыя – многія забіраюць дакументы са школ пасля 9-га і 10-га класа. «Баяцца, што дзяцей не выпусцяць потым за мяжу. Адпраўляюць у Польшчу ў ліцэі і тэхнікумы, каб там ужо маглі паступіць ва ўніверсітэт, бо пасля 16 гадоў і прыпіскі да ваенкамата могуць забараніць выезд з краіны – гэтага рэальна баяцца бацькі», – распавяла крыніца.

Крыніца «Зеркала» у сваю чаргу паведаміла, што ў Гродне бацькоў папрасілі паведаміць, ці ёсць у кагосьці з сямʼі карты паляка ці ВНЖ іншых краін. Акрамя таго, вядомы выпадкі, калі караюць кіраўніцтва школ, дзе дзеці паступаюць за мяжу.

Таксама паводле некаторай інфармацыі, праверкі з Міністэрства адукацыі пачалі прыходзіць з рэйдамі на курсы польскай мовы. Падставай для рэйду называюць парушэнні Закона аб рэкламе. Асноўны сэнс – выкладаць польскую мову ў Беларусі можна, а вось казаць пра тое, што гэта дапаможа паступленню за мяжу – ужо нельга.

Больш, чым у Польшчы, але ненашмат, беларускіх студэнтаў вучыцца ў Расіі – 13 тысяч. Да нядаўняга часу маладыя беларусы, якія паступалі ў ВНУ Расіі, мелі адтэрміноўку ад войска. Але год таму ўнеслі змены ў заканадаўства, і зараз гэтую льготу прыбралі. Такім чынам, хлопцы, якія паступаюць за мяжу, не змогуць прыехаць на радзіму на вакацыі ці ў адпачынак, пакуль ім не споўніцца 27 гадоў. Інакш іх могуць забраць у войска ці пакараць за ўхіленне ад прызыву.

У беларускія ВНУ ў 2023 годзе планавалася набраць 52 тысячы абітурыентаў, гэта амаль на тысячу менш, чым летась. І нават пры гэтых лічбах недабор склаў 2%.

Comments are closed.