Апублікаваныя праектам gulagu.net прызнанні «вагнераўцаў» шакуюць і ашаламляюць. На імгненне я задумаўся, а ці можна ўвогуле выкарыстоўваць тэрмін «салдаты» для абазначэння «вагнераўцаў», і адказ апынуўся відавочным. Яны мярзотнікі, злачынцы і бандыты. Нашэнне формы не робіць іх салдатамі.
Злачынствы, якія яны здзяйсняюць супраць мірнага насельніцтва, іх метады, катаванні ставяць іх у адзін шэраг з тэрарыстамі. А паколькі гэтыя злачынствы – не адзінкавыя выпадкі, а метадычная праца, то трэба ўсведамляць, што пуцінская Расія – гэта не дзяржава, а разгалінаваная тэрарыстычная арганізацыя, і яе службоўцаў трэба трактаваць адпаведна. Дарэчы, цяжка зразумець, што да гэтага часу робіць у Польшчы амбасадар гэтай тэрарыстычнай арганізацыі, нейкі Сяргей Андрэеў.
Вагнераўцы забіваюць усіх: мірных жыхароў, не зважаючы, жанчыны гэта ці дзеці, для іх нават няважна, што з вялікай верагоднасцю частка мірных жыхароў, якіх яны забіваюць у Саледары, Бахмуце, гэта могуць быць людзі, што чакалі расійскую армію-вызваліцельніцу. Для іх яны «ворагі», «мішэні», «аб’екты». Яны вынішчаюць рускамоўнае насельніцтва, хоць Пуцін нібыта праводзіць сваю «аперацыю», каб рускамоўных абараніць.
Яны таксама забіваюць сваіх салдат. Адзін з вагнераўцаў у апублікаваных матэрыялах распавядае, як кідаў гранаты ў яму з жывымі людзьмі, сярод якіх былі і расійскія вайскоўцы. Трыццаць гранат. Кідаў іх павольна, адна за адной, «бо хапала часу». А потым падпаліў целы бензінам («якога ў Расіі хоць залейся»), прычым выкарыстаў толькі адну каністру, бо «калі мяса шмат, яно добра гарыць».
Гісторыі настолькі шакуюць, што хочацца, каб яны былі хлуснёй, каб былі чыімсьці незразумелым вымыслам. На жаль, гэтыя прызнанні не сталі навіной. Пра зверствы расіян было вядома з пачатку гэтай вайны ў 2014 годзе. Гвалт, прыпяканне цыгарэтамі, вырыванне пазногцяў, выкарыстанне току і дзесяткі іншых спосабаў катаванняў прымяняліся да ўкраінцаў, якія не прызналі расійскай акупацыі ўсходніх абласцей і Крыма. Ахвярамі катаванняў сталі і крымскія татары. Некаторыя з гэтых злачынстваў былі апісаны ў спецыяльнай справаздачы, падрыхтаванай палякамі і накіраванай у Гаагу. На жаль, маўчанне сусветнай супольнасці і адсутнасць адказнасці азначаюць, што сёння Пуцін зрабіў катаванні візітоўкай сваёй арміі.
Расказы вагнераўцаў мне пацвярджае адзін украінскі салдат, які ўдзельнічаў у наступе ў верасні мінулага года. Расказвае пра групу ўкраінскага дэсанту, якая пранікла ўглыб расійскіх пазіцый. На жаль, усе загінулі, але расіяне не змаглі знішчыць сляды злачынства – іх пагналі ўкраінскія Сілы спецыяльных аперацый. На месцы баёў засталіся целы ўкраінскіх дэсантнікаў – загінуўшых у баі, а таксама параненых, якіх дабілі расіяне. Сляды сведчылі, што расіяне іх дабівалі, калі яны спрабавалі перавязаць раны. У іншым месцы салдат забяспечваў адыход украінскай сапёрнай групы. На полі бою засталося некалькі параненых украінскіх вайскоўцаў і расіяне іх мэтанакіравана і спакойна дабівалі. Згодна з дэвізам вагнераўцаў, які яны з гонарам дэманструюць: «палонных не бярэм».
Адзін з польскіх медыкаў расказаў мне, як украінцы захапілі двух вагнераўцаў. Яны былі паранены, а ён, паляк, іх перавязваў. Ратуючы ім жыцці, яму даводзілася слухаць абразы, як палякі здрадзілі славянам, як мы прадаемся за натаўскія грошы і як падтрымліваем бандэраўцаў. Калі б не дапамога польскага медыка, вагнераўцы памерлі б ад атрыманых ран. Медык прызнаецца, што было цяжка стрымліваць эмоцыі і ён не надта клапаціўся пра камфорт пацыентаў, але ён не мог сабе ўявіць, што не дапамог бы ім.
Што пуцінскія салдаты робяць на акупаваных тэрыторыях, мы цалкам даведаемся толькі пасля ўкраінскай перамогі, але можам быць упэўнены, што, як і ў выпадку са злачынствамі вакол Кіева, або ў Харкаўскай вобласці ці іншых акупаваных, але ўжо вызваленых тэрыторый, расіяне будуць хлусіць і адмаўляць сваю адказнасць. Так, як працягваюць хлусіць пра Катынь. На мінулым тыдні да катынскай хлусні далучылася расійскае агенцтва РІА «Навіны», апублікаваўшы заявы нейкай «эксперткі» Аксаны Карнілавай, дырэктаркі Цэнтра даследаванняў інтэграцыі Еўразійскага саюза. Карнілава сцвярджае, што ў Катыні польскіх афіцэраў забівалі немцы, а месца было выбрана спецыяльна, каб у палякаў яно асацыявалася са словам «кат». Па яе словах, падобна было і з Бучай, чыя назва на Захадзе асацыюецца з ангельскім словам «butcher» (мяснік), а масавыя забойствы яна называе ўкраінскай «правакацыяй». Цынічныя маскальскія забойцы і хлусы.
Аўтар: Paweł Bobołowicz.
Comments are closed.