Loading

Тры гады таму ў Вільні пачала дзейнічаць арганізацыя «Дапамога», якая са жніўня 2020 года ўключылася ў падтрымку палітычных уцекачоў з Беларусі. Пасля ў арганізацыі з’явіўся і ўласны шэлтар – «Замак», у якім уцекачы могуць не толькі жыць, але і праводзіць розныя мерапрыемствы. Дзень нараджэння «Дапамогі» адзначылі менавіта тут.

Калі ў беларускім асяроддзі ў Вільні кажаш «Замак», бадай усе разумеюць, пра што ідзе размова. Ужо два гады гэта асноўная «рэзідэнцыя» арганізацыі «Дапамога», праз якую прайшлі сотні беларусаў. Першапачаткова, калі гэтага дома не было, беларусаў сялілі на кватэрах – дзеліцца ўспамінамі кіраўніца «Дапамогі» Наталля Калегава.

«10 жніўня, пасля выбараў мы даведаліся, што ў Беларусі адбыліся жудасныя рэчы: пачалі забіваць людзей. У мяне не было ніякага палітычнага жыцця, але я радавалася ўсё лета, якой стала Беларусь. Ля амбасады мы зладзілі «Вахту святла». Нас хацелі разагнаць, але я кажу літоўцам: «Мы такія ж, як вы ў 91-ым годзе. Так што дазвольце нам гэта рабіць». Нам параілі ўзяць дазвол на гэтыя мітынгі. І мы гэта зрабілі. 28 жніўня мне патэлефанавала мая памочніца са словамі «у нас бежанцы, давайце ім дапаможам, там двое дарослых, трое дзетак, яны сядзяць без святла ў доме ля мяжы». Я нікога не ведала, толькі ведала троху Вольгу Карач, я ей патэлефанавала, і пасля мы ўжо з яе бацькам гэтых людзей забіралі з мяжы. Пасялілі іх у нашых апартаментах. Яны хацелі заплаціць, высвятлялі, колькі вінныя за апартаменты, я спытала, колькі ў іх ёсць грошай, бо я не збіралася займацца дабрачыннасцю. Калі я пачула ў адказ «200 еўра», мне было прасцей ім зрабіць падарунак. Пасля пачалі тэлефанаваць мамы і бабулі тых, хто выйшаў з Акрэсціна, прасілі аб дапамозе. І ты, здаецца, зрабіў ужо першы крок, і адступаць няма куды. Але гэтага б не было без ментараў. Людзі тэлефанавалі, дзякавалі і прапаноўвалі сваю дапамогу. Яны адразу ўключыліся ў працу, дапамагалі людзям, забіралі іх з мяжы. Пасля мы стварылі арганізацыю. Нам ні разу ні адзін фонд не дапамог. Людзям дапамагаў Беларускі дом правоў чалавека, ад пачатку людзі жылі ў нас тыдзень-два, а пасля ім дапамагаў Беларускі дом правоў чалавека.

Як узнік «Замак»? Мой муж прадаў адзін са сваіх праектаў і набыў вялікі дом са словамі «калі-небудзь тут будзе атэль». Я яму прапанавала адмовіцца ад арэнды кватэр і папрасіла даць мне дзве спальні ў доме і склад. Пасля ён паглядзеў на нас і сказаў: ладна, забірайце яшчэ пакоі і хол. Людзі самі тут усе добраўпарадкавалі, паколькі гэта быў недагледжаны ўчастак, мы нават не ведалі, ці будзе ацяпленне.

Я калісьці падбівала, колькі людзей праз «Замак» прайшло, больш за 600. Быў перыяд, калі шмат беларусаў прыбывала, людзі жылі нават на другім паверсе. То бок мы выкладвалі матрасы. Максімум, колькі ўмяшчае асноўная зона пражывання – гэта 30 чалавек, але яшчэ пяць чалавек змяшчаецца на другім паверсе. Зараз у нас 12 чалавек, гэта малая нагрузка. Праўда, хутка з’явіцца яшчэ адзін беларус, які пераплыў раку. Калі раней людзі беглі ад турмы, то зараз прыбываюць тыя, хто ўжо адседзеў. Бачна, што ім складаней псіхалагічна».

Зараз Наталлю Калегаву ведае фактычна кожны літоўскі памежнік, бо менавіта яна часта з’яўляецца першым кантактам, з якім звязваюцца тыя, хто нелегальна пераходзіць мяжу, каб патрапіць у Літву.

«Я бязмежна ўдзячна літоўскім памежнікам. Яны да нас вельмі добра ставяцца».

Асноўныя святочныя мерапрыемствы праходзілі на падворку «Замка»: тут і сцэна, з якой гучалі віншаванні, і выстава малюнкаў, і сталы, які накрылі тыя, каму арганізацыя дапамагала. Людзі сюды прыходзілі цэлымі сем’ямі: з дзеткамі, прысмакамі і словамі падзякі. Нейкі час у «Замку» жыў і Андрэй Шарэнда з сынамі.

«Я прышоў з дзецьмі. Мы тут нейкі час жылі, калі прыехалі, некалькі дзён. І мы заўсёды рады завітаць сюды ў госці».

Юрый збягаў з Беларусі ў той час, калі шэлтара яшчэ не было, але «Дапамога» ўжо існавала. Зараз ён сам кансультуе тых, хто прыязджае, прыплывае ці прыходзіць з Беларусі.

««Замак» ён карысны з пункту гледжання адаптацыі. Тут людзі, якія не проста пераехалі, а былі пад ціскам у Беларусі, атрымліваюць глыток волі і беларускае асяроддзе. І плюс, тыя, хто тут ужо доўга жыве, можа падказаць бытавыя рэчы: як перамяшчацца па горадзе, дзе знаходзіцца аддзел міграцыі і г.д».

Сёння «Замак» гэта не толькі дах над галавой для палітычных мігрантаў. Гэта яшчэ і адукацыйная прастора: тут праходзілі курсы па беларускай мове і па гісторыі Беларусі, выступалі з лекцыямі навукоўцы і грамадскія дзеячы. Часта сюды завітваюць і літоўскі палітыкі, каб даведацца пра патрэбы беларусаў і іх настроі. Госцем тут быў дэпутат Альгердас Сісас, у суботу ён прыйшоў з віншаваннямі.

«У мяне да «Дапамогі» толькі самыя лепшыя адносіны. Чым магу дапамагаю. Часам магу ўставіць слова ў парламенце, паразмаўляць з тым ці іншым прадстаўніком улады, калі трэба штосьці вырашаць. Часам атрымліваецца, часам не. Праблемаў шмат. Калі б не агрэсія Расіі, сітуацыя б была іншая. Зараз пайшлі размовы аб больш жорсткіх правілах для беларускіх грамадзян. Я рады, што частка лібералаў не падтрымлівае гэта. Гэта пазіцыя ярка правых і нашага прэзідэнта, пастаянна кажуць, што ёсць пагрозы ад людзей, што ўцякаюць ад рэжыму. Безумоўна, нашы структуры бяспекі працуюць, але я быў заўсёды наступнага меркавання: калі чалавек падазроны, адкладзіце яго тэчку ў бок і разбірайцеся з ім хоць год. А ўсе астатнія, якія перажылі страшныя пакуты, збягалі лесам, па вадзе, дайце ім тут жыць поўным жыццём».

Comments are closed.