Полк Каліноўскага падчас стрыма ў пятніцу агучыў свае палітычныя планы. За адпаведны парадак дня і кантакты будзе адказваць Сойм палка, куды ўвайшлі палітычна падкаваныя актывісты. Сувязі ўжо наладжаны з украінскімі дэпутатамі і асобныя ініцыятывы беларускіх добраахвотнікаў знайшлі падтрымку на высокім узроўні. У той жа час полк адасобіўся ад Святланы Ціханоўскай і прадстаўнікоў яе Кабінету, але вядзе перамовы і супрацоўнічае з іншымі беларускімі сіламі і ініцыятывамі.
Пра тое, якімі могуць быць вынікі візіту ў Кіеў прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Валерыя Кавалеўскага, як на дачыненнях украінскай улады з дэмакратычнай беларускай супольнасцю адаб’ецца сустрэча з прадстаўнікамі палка Каліноўскага і пра іншыя аспекты стасункаў унутры беларускага грамадства ва ўкраінскім кантэксце мы паразмаўлялі з палітолагам, аналітыкам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Вадзімам Мажэйкам.
Паводле паведамлення прэсавай службы палка, у сустрэчы ўзялі ўдзел 11 дэпутатаў, якія ўваходзяць у міжфракцыйнае аб’яднанне «Дэмакратычная Беларусь», на чале з яе кіраўніком Аляксеем Ганчарэнкам.
Абмяркоўвалі ўкраінска-беларускія дачыненні ў кантэксце агрэсіі Расіі супраць Украіны.
Сярод іншага дэпутаты паабяцалі запрапанаваць Кабінету Міністраў Украіны ўнесці змены ў прынятую нядаўна пастанову, якая прадугледжвае, што выплаты, якія ажыццяўляюцца сем’ям і сваякам загінулых абаронцаў Украіны, не будуць выплочваца сем’ям і сваякам загінулых грамадзян Беларусі, калі яны жывуць на тэрыторыі Беларусі.
Таксама дэпутаты паабяцалі паставіць на галасаванне ў Вярхоўнае Радзе пастанову аб прызнанні Беларусі часова акупаванай Расіяй тэрыторыяй. Акрамя таго, дэпутаты паабязалі ваярам палка Каліноўскага адстойваць цікавасці беларускага народа ў міжнародных парламенцкіх структурах.