174 total views
Пра тое, якімі могуць быць вынікі візіту ў Кіеў прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Валерыя Кавалеўскага, як на дачыненнях украінскай улады з дэмакратычнай беларускай супольнасцю адаб’ецца сустрэча з прадстаўнікамі палка Каліноўскага і пра іншыя аспекты стасункаў унутры беларускага грамадства ва ўкраінскім кантэксце мы паразмаўлялі з палітолагам, аналітыкам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Вадзімам Мажэйкам.
Сцісла:
Пра візіт Валерыя Кавалеўскага ў Кіеў:
- Спадар Кавалеўскі знаходзіцца ў складанай сітуацыі, бо з аднаго боку яму трэба распавесці хоць нешта, але калі тыя сустрэчы былі на ўмовах таго, што яны пакуль не агучваюць нічога публічна, то і распавесці ён нічога не можа.
- У спадара Кавалеўскага дыпламатычная місія, ён мусіць наладжваць масты.
Пра стаўленне ўкраінскай улады да беларускай дэмакратычнай супольнасці:
- І беларусы, і ўкраінцы адно на аднаго глядзяць досыць павярхоўна.
- Калі мы глядзім на заявы ўкраінскіх дэпутатаў, публіцыстаў, рознага кшталту дарадцаў, мы не паглыбляемся ў тое, у чым тут унутрыпалітычны расклад, чаму гэтыя людзі зараз робяць такія заявы, як гэта выглядае сярод іхніх электаратаў і аўдыторый.
- Ва ўкраінцаў тое самае – яны не жадаюць паглыбляцца ў тое, што было ў 20-м годзе, што ў 21-м, якое становішча ў Ціханоўскай.
- Украінскія дыскусіі – часцяком паўтарэнне наратываў беларускай прапаганды.
- Шмат год, нават у 21-м годзе, Лукашэнка быў самым папулярным замежным палітыкам ва Украіне. І цяпер яны з аднаго боку расплочваюцца за такі павярхоўны падыход, а з іншага боку існуе жаданне знайсці лёгка вінаватых: і вінаватым робіцца беларускае грамадства, якое не правільнае, і рэвалюцыю рабіла не так, і палітыкі ў нас не тыя.
- На хвалі перамогаў у вайсковых дзеяннх шмат у каго ва Украіне фармуецца такі месіянскі комплекс – адчуванне, што зараз украінцы навучаць увесь свет як жыць.
- Адсюль ва Украіне гучаць дзіўнаватыя ідэі, што яны прывядуць у Беларусі да ўлады нейкіх ваенных, якіх ім будзе зручна. Гэта люстэркавае паўтарэнне ўжо расійскай прапаганды, калі Пуцін кажа ўкраінскім генералам, каб скідалі Зяленскага і будзем весці размовы з вамі.
- Але ва Украіне дэмакратыя. Там існуюць розныя палітычныя думкі, розныя палітычныя суб’екты, розныя палітычныя дзеянні, няма нейкай адной генеральнай лініі – гэта нармальна.
Пра сітуацыю ўнутры беларускай дэмакратычнай супольнасці:
- Калі падыходзіць да сітуацыі з кароткім гарызонтам планавання і цынічна, то можна казаць, што ад «каліноўцаў» ёсць нейкі плён, а Ціханоўская ні ў якім выпадку не можа дапамагчы Украіне болей, чым ёсць цяпер.
- Усё беларускае грамадства – і дабраахвотнікамі ідуць за Украіну ваяваць, і грошы УСУ данацяць, і BySOL высылае пікапы на перадавую – гэта ўсё ёсць і будзе, і можна казаць, што беларусы Украіне ні менш, ні больш не дадуць.
- Палітычны дыялог з палком Каліноўскага ніякай карысці не нясе. Гэтыя людзі нікога не прадстаўляюць.
- Як паказаў досвед, полк Каліноўскага досыць безадказна ставіцца да сваёй важнай місіі, і, замест таго, каб прасоўваць ва Украіне моцны прабеларускі наратыў, яны кіруюцца сваімі амбіцыямі. Яны ініцыявалі сваркі з усімі магчымымі і палітычнымі, і грамадскімі гульцамі. Яны проста хочуць усё замясціць сабой. Гэта для палітыка самагубчая спроба. З такім падыходам, баюся, у пэўны момант полк Каліноўскага і з украінскімі ўладамі перасварыцца.
- Украінскія ўлады, камунікуючы з палком Каліноўскага, выбудоўваюць адносіны не з беларускім грамадствам, а самі са сваім сілавым апаратам.
- Дзіўна перакладаць адказнасць за тое, што не вырашаюцца праблемы беларусаў ва Украіне з украінскай улады на офіс Ціханоўскай. Яны не вырашаюцца, таму што такая палітычная воля ўкраінскай улады.
- Шмат хто ад самага лета 20-га года спачатку лічыў Ціханоўскую ледзь не іконай, а потым пабачыў, што гэта звычайны чалавек, які не здольны адным сваім жаданнем змяніць свет.
- Офіс Ціханоўскай зрабіў шмат для наладжвання спробы камунікацыі з Кіевам.
- Калі б, умоўна, заўтра адбылася сустрэча Зяленскага з Ціханоўскай – што такога Украіна зараз можа зрабіць для Беларусі і беларускага грамадства? Так – Украіна можа паляпшаць умовы для беларусаў, якія знаходзяцца ва Украіне. На жаль, мы бачым, Украіна гэтага пакуль рабіць не хоча і наўрад ці захоча падчас вайны.
- Ідэя, што перамога Украіны ў вайне адразу прывядзе да змены ўлады ў Беларусі на дэмакратычную – жаданне вырашыць свае праблемы без сваіх высілкаў.
Слухайце цалкам размову з Вадзімам Мажэйкам:
Comments are closed.