Полк Каліноўскага падчас стрыма ў пятніцу агучыў свае палітычныя планы. За адпаведны парадак дня і кантакты будзе адказваць Сойм палка, куды ўвайшлі палітычна падкаваныя актывісты. Сувязі ўжо наладжаны з украінскімі дэпутатамі і асобныя ініцыятывы беларускіх добраахвотнікаў знайшлі падтрымку на высокім узроўні. У той жа час полк адасобіўся ад Святланы Ціханоўскай і прадстаўнікоў яе Кабінету, але вядзе перамовы і супрацоўнічае з іншымі беларускімі сіламі і ініцыятывамі.
Галоўнае пытанне пра палітычныя амбіцыі палка Каліноўскага: навошта? Адказ на яго паспрабаваў даць намеснік камандзіра Вадзім Кабанчук. Па яго словах зараз назапасілася багата пытанняў, якія ва Украіне ніхто апроч саміх добраахвотнікаў вырашыць не можа. І яны пайшлі па сваіх сувязях, у тым ліку сярод украінскіх дэпутатаў, каб адстойваць інтарэсы беларускага падраздзялення і яго байцоў. Палітычным ядром палка зараз з’яўляецца Сойм – у яго ўваходзіць 10 чалавек, якія прымаюць і зацвярджаюць адпаведны парадак дня і наладжваюць кантакты.
Палітычныя памкненні палка знайшлі водгук ва ўкраінскіх дэпутатаў. Ужо адбыліся спатканні ў Вярхоўнай Радзе Украіны. Самы яры прыхільнік «каліноўцаў» у гэтым накірунку дэпутат ад кіруючай партыі «Слуга народа» Багдан Яроменка.
«Шукаючы адказ на пытанне, калі мы не гаворым з Лукашэнкам, то з кім нам размаўляць пра Беларусь, я прыйшоў да высновы, што ва Украіне не трэба нікога шукаць, бо ў нас ёсць полк Каліноўскага. Да байцоў няма ніякіх пытанняў: яны прайшлі праверку СБУ, ніхто з іх не працаваў з Лукашэнкам ці пераследаваў іншадумцаў. То бок, мы палку цалкам давяраем, больш за тое, гэтыя хлопцы са зброяй у руках гатовы ахвяраваць сваім жыццём за Украіну. У нас была сустрэча з палком Каліноўскага і я з задавальненнем даведаўся, што добраахвотнікі таксама думаюць пра тое, што трэба пачынаць якісьці палітычны рух. Я гатовы ім у гэтым дапамагчы».
З тлумачэнняў і прадстаўнікоў палка і ўкраінскіх дэпутатаў стала зразумела, што штаб Ціханоўскай і Аб’яднаны пераходны кабінет сваімі партнёрамі беларускія добраахвотнікі не бачаць. З Валерыем Сахашчыкам, які ў Пераходным Кабінеце з’яўляецца такім умоўным міністрам абароны, у палка стасункаў няма, расказаў Вадзім Кабанчук.
«У нас ёсць шэраг пытанняў да гэтага чалавека. Але ў нас няма часу правяраць усю інфармацыю, таму стасункаў з Сахашчыкам зараз няма».
Намеснік камандзіра палка Каліноўскага падкрэсліў, што «беларускі ўрад у выгнанні» ніякага дачынення да стварэння палка не меў, полк стварыўся па ўласнай ініцыятыве, за ўласныя рэсурсы. Больш за тое, добраахвотнікі не бачылі ніякіх заяў па мабілізацыі ў свае шэрагі, не было заяў па дапамозе амуніцыяй, першыя месяцы вайны нічога з боку прадстаўнікоў Офіса Ціханоўскай не было.
«Прабачце, мы не маглі сядзець і чакаць, што калісьці хтосьці схамянецца, – кажа Вадзім Кабанчук, – і мы ўзялі ініцыятыву ў свае рукі, стварылі ўсе самі і зараз рухаемся наперад».
З іншымі беларускімі палітычнымі сіламі і арганізацыямі полк супрацоўнічае. У прыватнасці налажаны стасункі з рухам «Вольная Беларусь», паколькі «супадаюць погляды на будучыню Беларусі». Таксама ідзе супраца з іншымі структурамі і арганізацыямі з падобнымі поглядамі, тымі, хто бачыць Беларусь незалежнай краінай, са сваёй гістарычнай сімволікай, беларускай мовай і вольнымі выбарамі. Няма ў «каліноўцаў» супярэчнасцяў з іншымі беларускімі падраздзяленнямі, якія сёння ваююць ва Украіне – тут рады вітаць у сваіх шэрагах «аднадумцаў і пабрацімаў з палка «Пагоня».
А што пра палітычныя амбіцыі палка думаюць ва Узброеных сілах Украіны, часткай якіх сёння з’яўляецца полк Каліноўскага? Вадзім Кабанчук патлумачыў, што байцы палка з’яўляюцца ваеннаслужачымі ЗСУ, але не прымалі прысягу Украіне. Гэта значыць у аператыўным падпарадкаванні і выкананні баявых задач полк цалкам падпарадкоўваецца ўкраінскім камандзірам, але як грамадзяне Беларусі добраахвотнікі маюць поўную палітычную свабоду».
Дарэчы і кантракты ў «каліноўцаў» спецыфічныя, як для замежнікаў. Па словах Вадзіма Кабанчука, гэта вельмі гібкі кантракт, які дазваляе яго спыняць, а потым зноў падпісваць. І таму калі настане час вызвалення Беларусі, пры падыходзе да дзяржаўнай мяжы гэты кантракт можна будзе хутка «разарваць», каб не было абвінавачванняў, што ў Беларусь заходзяць ваенныя ЗСУ. На тэрыторыю краіны прыбудуць беларусы.
«Гледзячы на нашу дзіравую памежную службу, якая прапускае эмігрантаў натоўпамі, мы разумеем, што патрапіць у Беларусь не будзе цяжка. Тым больш на мяжы нашы хлопцы, беларусы, і яны нас прапусцяць. А што тычыцца зброі, яна ў нас будзе. У Беларусі багата зброі, мы ведаем, дзе яна захоўваецца. Гэтая зброя чакае на нас».
Падрабязней слухайце ў плееры ніжэй.
Comments are closed.