Loading

ААН прызнала, што беларускія ўлады парушаюць правы журналістаў. У Камітэт па правах чалавека звярнуліся чатыры беларускія журналісты – Таццяна Смоткіна, Зміцер Лупач, Тамара Шчапёткіна і Ларыса Шчыракова. Усе яны ў Беларусі былі прыцягнуты да адказнасці і аштрафаваны «за распаўсюджванне прадукцыі СМІ без адпаведнай акрэдытацыі». Камітэт ААН пацвердзіў, што Беларусь парушае іх права збіраць і распаўсюджваць інфармацыю, а таксама права свабодна выказваць думкі. Камітэт пастанавіў кампенсаваць журналістам штрафы, якія яны атрымалі за працу без акрэдытацыі. Таксама Камітэт ААН заклікаў беларускія ўлады перагледзець законы і прадухіліць пераслед журналістаў у будучыні.

Як тэхнічна выглядаў працэс падачы скаргі ў ААН і ці разлічваюць журналісты на кампенсацыю, радыё Ўнэт пагаварыла з журналістам-фрылансерам Таццянай Смоткінай.

— Таццяна, як ты расцэньваеш гэтае рашэнне Камітэта ААН па правах чалавека? Гэта для цябе ўжо перамога над рэжымам?

— Ну, я не лічу, што гэта перамога над рэжымам. Гэта, напэўна, хутчэй за ўсё нейкая такая маральная перамога ў дадзеным выпадку. Таму што я разумею, што зараз адбываецца ў краіне. Канешне, раней у мяне былі спадзевы на тое, што Беларусь выйдзе на нейкі еўрапейскі ўзровень, што краіна прызнае таксама правы журналістаў-фрылансераў, перагледзіць закон аб СМІ. Але як паказалі апошнія гады: робіцца толькі горш. Вядома, што наша краіна зараз займае адно з першых месцаў па зняволенных журналістах, якія знаходзяцца ў калоніях ды турмах.

— А калі вы падавалі гэты пазоў, ты разлічвала на пазітыўны вынік? Ці як гэта выглядала?

— Зразумела, я разлічвала, таму што я лічу, што мы ніякія законы не парушалі, гэта першае. Трэба ўсё ж такі змагацца з сістэмай, і трэба ісці да канца. Я ведаю, што не ўсе журналісты падавалі скаргі ў камітэт ААН, таму што лічылі гэта бессэнсоўным. Я пачала са свайго першага штрафа, калі мяне ўпершыню аштрафавалі, гэта было ў 2015 годзе. І вось толькі зараз прыйшло паведамленне, што мы перамаглі ў гэтым змаганні з дзяржавай Беларусь, якая нас штрафавала і пераследавала за нашу журналісцкую дзейнасць. І таму я лічу, што ўсё ж такі трэба змагацца.

У мяне, дарэчы, зарэгістраваныя ўжо дзве скаргі, прыйшло паведамленне яшчэ ў 2018 годзе пра тое, што зарэгістравана яшчэ адна мая скарга. Яна таксама на тое, што не даюць мне працаваць, аштрафавалі за чарговы сюжет, які я рабіла для Беларускага радыё «Рацыя». І ўсё па тым ж артыкуле, парушэнне закону аб СМІ, незаконнае распаўсюджванне і выраб прадукцыі СМІ – так гэта гучала. Я ведаю, што не адны мы падаліся, зараз шмат журналістаў піша скаргі, гэта файна. Я лічу, што такім чынам улады можна прымусіць заварушыцца.

— Таццяна, а як тэхнічна выглядае гэтая працэдура? З чаго трэба пачынаць?

— Спачатку мы, канешне ж, падавалі скаргу ў абласны суд на наш раён, які нас штрафаваў. Пасля мы падавалі ў Вярхоўны суд, але ўжо далей не пашлі, хоць улады і казалі, што мы маглі, напрыклад, падаваць скаргу ў Генеральную пракуратуру, але было зразумела, што гэта бессэнсоўна. Падаваліся мы ўжо ў камітэт ААН з дапамогай нашых праваабаронцаў. У нас у Віцебскай вобласці быў і ёсць, хоць ён таксама быў вымушаны з’ехаць ад пераследу, файны, разумны і проста суперскі праваабаронца – Павел Левінаў. Зразумела, ён нам дапамагаў складаць усе гэтыя паперы. Напрыклад, другая наша скарга ў камітэт – мы проста з маім калегам Змітром Лупачам напісалі даверанасць на Паўла Левінава і ён ужо прадстаўляў нашыя інтарэсы.

— Я правільна разумею, што вось гэтае станоўчае рашэнне прыйшло па тваёй скарзе, якая была яшчэ ў 2015 годзе пададзена. Амаль 8 гадоў гэтая справа разглядалася?

— Ну так, нам сказалі, што гэта не будзе хутка, што гэта будзе некалькі гадоў, нават шмат гадоў. Вось толькі зараз прыйшоў адказ станоўчы. Разгляд нашай скаргі быў якраз 14 сакавіка, у мяне ў гэты дзень народзіны. Для мяне гэта быў такі падарунак, хоць пра вынікі разгляду я даведалася пазней.

— А нейкіх дадатковых пацверджанняў камітэт ААН не патрабаваў ад вас?

— Не, мы ўсе ж паперы туды адсылалі. І яны пасля патрабавалі ад уладаў іх пункт гледжання, каб яны выклалі сваю версію, чаму яны нас і на якой падставе аштрафавалі. І ўлады, дарэчы, адказалі, што яны карысталіся менавіта ўнутраным законам аб СМІ, што парушае артыкул 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Камітэт адказаў ім, што не было падставы, каб абмяжоўваць доступ да інфармацыі, бо не было пагрозы нацыянальнай бяспецы ці абразы каго-небудзь. Вядома, што ў нас такія матэрыялы былі, што там дакладна бяспецы нічога не пагражала. Напрыклад, мяне ўвогуле першы раз аштрафавалі за артыкул, які называўся «У Глыбокім дарогі стануць пазітыўнымі». Там у сюжэце было пра тое, што вучні школы мастацтваў размалёўвалі люкі на дарогах. Я яшчэ запісала каментар чыноўніцы з «Белага дому», з адзела культуры. Вось гэта мне ўлады і не даравалі, таму што тады чыноўнікі не зусім давалі каментары, напрыклад, незалежным журналістам. І яе прымусілі, хоць яна мяне і добра ведала, яе проста прымусілі быць на судзе сведкай. І было няёмка, канешне, удзельнічаць у гэтым усім, ну, але так адбылося. І Змітра Лупача таксама за нейкае інтэрв’ю аштрафавалі, якое ён проста рабіў у горадзе, пытаўся ў людзей стаўленне, я ўжо не памятаю да чаго, але там нічога не было сур’ёзнага, што магло б пагражаць нацыянальнай бяспецы, напрыклад.

Таццяна Смоткіна і Зміцер Лупач. Крыніца: baj.by

— А яшчэ ўдакладні, вось ты кажаш «мы», а гэта былі індывідуальныя скаргі ці калектыўная?

— Гэта былі асобныя, але я так разумею, што іх у адзін кейс аб’ядналі. Таму што ў мяне быў штраф і скарга за 2015 год, у Змітра Лупача за 2017-ы, наконт Ларысы Шчыраковай і Тамары Шчапёткінай я дакладна не ведаю, якія гады былі. І вось сабралі скаргу, якую падаваў наш праваабаронца Павел Левінаў ад мяне і ад Змітра Лупача, а за Ларысу Шчыракову і Тамару Шчапёткіну падаваў Леанід Судаленка, які зараз дарэчы знаходзіцца ў няволі.

— ААН пастанавіла, што рэжым абавязаны кампенсаваць журналістам штрафы і судовыя расходы. У тваім выпадку, пра якую суму ідзе размова?

— У маім выпадку ідзе размова пра 4,5 мільёны беларускіх рублёў. На той час гэта было 268 еўра, зараз, канешне, мільёнаў у нас няма. У Змітра Лупача, наколькі я ведаю, здаецца на 300 еўра быў штраф. А ў дзяўчат ужо не памятаю.

— І ты разлічваеш атрымаць гэтыя грошы?

— Я не ведаю, калі я атрымаю гэтыя грошы, можа ў Вольнай Беларусі штосьці атрымаю, калі будзе люстрацыя. Я спадзяюся, што тыя суддзі, які неправамерна нам выносілі прысуды, яны ўсё ж такі адкажуць перад законам, калі наша краіна сапраўды стане прававой, калі яна ўвойдзе ў гэтае прававое поле, таму што ўсім вядома, што зараз у нас не да законаў.

Поўную размову з Таццянай Смоткінай слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.