Loading

Дабраахвотніцкае аб’яднанне беларусаў Літвы «Ліцвіны» правяло ў нядзелю дзень адкрытых дзвярэй. Першапачаткова мерапрыемства павінна было прайсці ў Доме афіцэраў у Вільні, але ў апошні момант Літоўскі саюз стралкоў заявіў, што ў памяшканні літоўскай арміі такой прэзентацыі быць не можа і ўвогуле яны спыняюць любую супрацу з беларусамі. Пасля высветліла, што клуб стаў чарговай ахвярай літвінізму. Менавіта ў назве клуба «Ліцвіны» Літоўскі саюз стралкоў угледзеў прэтэнзіі на гісторыю ВКЛ і тэрытарыяльную цэласнасць Літвы.

Беларусы прэзентацыю ўсе ж такі змаглі правесці, на пляцоўцы IMAGURU. Паслухаць пра дзейнасць клуба прыйшло каля 50 чалавек, і гэта ў нядзелю, калі ў Вільні фактычна цэлы дзень ліў дождж. Як прызнаўся ў размове з радыё Ўнэт кіраўнік «Ліцвінаў» Сяргей Шалыгін, чорны піяр спрацаваў і цікавасць да дзейнасці клуба апошнім часам вырасла, як сярод беларусаў, так і сярод літоўцаў.

Сяргей Шалыгін

— Сённяшняе мерапрыемства з якой нагоды праводзіцца? Гэта гадавіна стварэння клубы ці нейкі новы набор сяброў?

— Мэтаў некалькі. Першапачаткова гэта планавалася як дзень адкрытых дзвярэй, каб беларусы больш даведаліся, зацікавіліся і, магчыма, далучыліся да дзейнасці клуба. Але на жаль у грамадстве зараз віруе тэма літвінізму і таму нас абмежавалі па гэтым мерапрыемстве. Раней у нас была дамоўленасць правесці сустрэчу ў іншым памяшканні, планавалі зладзіць там практычныя паказы. Пасля гэтую дамоўленасць без абмеркавання з намі скасавалі.

Яшчэ 26 верасня ў нас гадавіна з даты афіцыйнай рэгістрацыі, мы ўжо год існуем тут, у Літве. І так супала, што ўзнікла неабходнасць тлумачыць людзям, што мы ніяк не звязаны з літвінізмам, мы нават асобныя публікацыі на гэтую тэму рабілі для літоўцаў.

— А па вашых назіраннях, калі тэма літвінізма ўсплыла датычна вашай арганізацыі?

— Першыя накіды пачаліся пасля 9 жніўня. У сацыяльных сетках былі выкладзены асобныя пасты з людзьмі, якія трымаюць сцяг нашай арганізацыі. Тады яшчэ гэта былі толькі фотачкі. Была ўжо тэма літвінізму, але нас нідзе не пазначалі як клуб і ніякіх прэтэнзій да клуба не было. А пасля ўсё нарастала, і зараз ледзь не рускімі агентамі нас лічаць, хоць мы да іх не маем ніякага дачынення. Сёння спрабавалі запэўніць людзей, што мы і літвінізм ніяк не звязаныя. Пытанні гісторыі мы пакідаем гісторыкам.

— А калі Вы называлі клуб «Ліцвіны», Вы маглі меркаваць, што такая праблема ўзнікне?

— Ні ў якім разе, я Вас запэўніваю на сто, на мільёны адсоткаў. Нам шмат літоўцаў выказваюць словы падтрымкі і нават за галаву бяруцца, кажуць прыцягнутая за вушы тэма. Але мы знаходзімся ў такіх умовах, абавязаны паважаць думкі грамадства літоўскага. Таму сёння ладзім адкрытае мерапрыемства. Мне, шчыра кажучы, зараз шчокі гараць.

— Акрамя Саюза стралкоў, які адмовіў вам у памяшканні, якія-небудзь яшчэ перашкоды для вашай дзейнасці на тэрыторыі Літвы былі, з боку іншых арганізацый у сувязі з «літвінізмам»?

— Калі казаць пра сувязі са словам «літвінізім», то не, з большага не было. Я ж акрамя юрыдычнай адказнасці яшчэ нясу і рэпутацыйную адказнасць. І калі штодня прылятае ад сяброў беларускіх і літоўскіх, чаму вы не рэагуеце, то гэта прымушае трошкі рухацца, рэагаваць. А так у плане падрыхтоўкі ці дзеянняў па іншых накірунках, не, не шкодзіць.З паразуменнем усе ставяцца да нашай працы. Падчас аднаго з мерапрыемстваў да нас звярталася літоўскі дэпутат з Еўрапарламента, яна выказвала словы падтрымкі і запэўнівала, што ўсё гэта размываецца на роўным месцы, і давайце спачатку скончым вайну з Расіяй, а пасля будзем глядзець, у які бок хвост–уверх ці ўніз.

— А на гэтай хвалі цікавасць да вашага клуба ўзрасла ці падае?

— Цікавасць узрасла. Гэта чорны піяр, я канешне не хацеў бы такога піяру, але цікавасць узрасла. У Літве, я думаю, мы ўжо сталі больш вядомыя.

— А сярод беларусаў? Вы агучылі мэту – павялічыць колькасць сябраў клуба ўдвая, як Вы гэта збіраецеся рабіць?

— Стаць больш адкрытымі. Магчыма, гэта была адна з нашых памылак, што мы мала былі ў медыя, у вільнюскіх медыя. Як пашыраць? Праз сацыяльны і культурны накірункі. Для мяне важны праект пра Беларускі батальён. Плануем нават да літоўскага грамадства звярнуцца, калі ёсць жадаючыя валанцёры, яны маглі б паўдзельнічаць у гэтым праекце.

Ёсць людзі, якія адмыслова хочуць займацца мілітары. Звяртаўся да нас адзін літоўскі падпісчык, у якога праблемы са здароўем, тым не менш яны ўжо зацікавіліся тэмай, ці можна прайсці ў нас падрыхтоўку. Дзверы адчыненыя для ўсіх. Я думаю, што гэтая медыйная плынь паспрыяе таму, каб колькасць нашых чальцоў павялічылася. Яна ўжо павялічваецца.

Дарэчы, тэма літвінізму ў Літве выйшла ўжо на самы высокі ўзровень: у панядзелак камітэт будучыні Сейма праводзіць круглы стол «Літвінізм: паходжанне, уплыў і выклікі для адносін паміж беларускмі і літоўцамі». Беларускі бок у гэтай дыскусіі будуць прадстаўляць лідарка дэмакратычнай Беларусі Святлана Ціханоўская, дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч, намеснік рэдактара часопіса ARCHE Алесь Пашкевіч і гісторык Павел Церашковіч. Трансляцыя з Сейма будзе весціся на канале LRS і на партале Delfi.

Comments are closed.