Loading

Святлана Ціханоўская і прэм’ер-міністр Літвы Інгрыда Шыманітэ ў панядзелак абмеркавалі змякчэнне ўмоваў легалізацыі для беларусаў у Літве. Ціханоўская вітала прапанову працягнуць для беларусаў тэрмін гуманітарных відаў на жыхарства з аднаго да трох гадоў і пашырыць выдачу пашпартоў замежніка. Таксама зайшла размова аб падтрымцы Скарынаўскай гімназіі і беларускіх ініцыятыў у Літве. Вынікі гэтай сустрэчы Святлана Ціханоўская пракаментавала радыё Ўнэт.

— Мы вельмі шчыльна супрацоўнічаем з літоўскім урадам, але я б хацела бачыць больш супрацы паміж беларусамі і літоўцамі на грамадскім узроўні, бо, відавочна, што не заўжды літоўцы разумеюць нас, а мы не спрабуем больш размаўляць тут з грамадскімі ініцыятывамі і простымі людзьмі. Палітыка Літвы ў дачыненні да Беларусі не змяняецца з 2020 года, бо тут разумеюць, наколькі Літве патрэбная дэмакратычная і вольная Беларусь. Палітычны і эканамічны ціск на рэжым – гэта іх прынцыповая пазіцыя. Што тычыцца падтрымкі грамадзянскай супольнасці, то тут спрабуюць зрабіць усё магчымае, каб беларусы сябе адчувалі камфортна.

Я падзякавала прэм’ер-міністарцы за тое, што не зачынілі мяжу з Беларуссю, для людзей перш за ўсё. І нават калі такое пытанне будзе зноў падымацца ў будучым, то «гуманітарны калідор» праз мяжу заўсёды будзе прысутнічаць.

Уздымалі пытанне беларускіх школак, бо мне здаецца, што не зусім відавочная для літоўцаў патрэба ў такіх адукацыйных магчымасцях. Я спадзяюся, што сітуацыя зрушыцца з месца.

Што тычыцца відаў на жыхарства для беларусаў. Мы прапанавалі міграцыйным службам павялічыць тэрмін дзеяння ВНЖ да трох гадоў, гэтае пытанне амаль вырашана. Я спадзяюся, што ў бліжэйшы час будуць прадоўжаны і віды на жыхарства і пашпарты замежніка.

Comments are closed.