Loading

Суполка Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны, якое ўжо зарэгістравана ў Польшчы з цэнтрам у Лодзі, паўстала ў Беластоку. На яе ўстаноўчым сходзе абраны старшыня – Зміцер Антончык, зяць палітзняволенага палітыка Рыгора Кастусёва.

У беластоцкім хабе «Новая зямля» чатырнаццаць мясцовых адраджальнікаў Таварыства беларускай мовы вырашылі скарыстацца той аўтаноміяй, якую ім прадастаўляе статут новай для Польшчы арганізацыі. Яны цалкам перарабілі рэгламент працы сваёй тэрытарыяльнай адзінкі. Так, беластоцкія ТБМ-аўцы назвалі яе суполкай, а не аддзелам, як ім прапаноўвалася. Кіруючым органам тут з’яўляецца Рада, якая складаецца з пяцёх чалавек, сярод іх старшыня, яго першы намеснік і намеснік. Таксама быў абраны рэвізор для кантролю за фінансавымі сродкамі, калі такія з’явяцца ў суполцы, а таксама выкананнем статутнай дзейнасці.

Галоўным органам суполкі лічыцца агульны сход. Першы быў устаноўчым. Першы старшыня Рады суполкі – супрацоўнік хаба «Новая зямля» Зміцер Антончык падзяліўся сваім меркаваннем адносна дзейнасці беластоцкай арганізацыі на бліжэйшыя два гады, то бок на час яго кадэнцыі.

— З таго, што я ўяўляю, гэта працягнуць дзейнасць па стварэнні беларускай бібліятэкі на базе хаба «Новая зямля». Гэта такі кірунак, які будзе вельмі карысны, і калі прыкласці намаганні, то сапраўды можна зрабіць такім месцам, дзе беларусы Беластока змогуць браць кнігі, абмяркоўваць нейкія новыя творы, якія выходзяць. Гэта адзін з кірункаў. Другі кірунак, я думаю, трэба будзе прэзентаваць новую ініцыятыву ў Беластоку для зацікаўленых розных суполак і арганізацый, якія падтрымліваюць беларускую культуру, беларускую мову, і прапанаваць ім супрацу, разам працягваць дзейнасць.

— З кім вы бачыце магчымасці супрацоўніцтва і наладжвання кантактаў?

— Я думаю, гэта ініцыятыва «Мова нанова», якая вельмі актыўна займаецца папулярызацыяй і прасоўваннем беларускай мовы сярод беларускага насельніцтва Беластока. Ім дакладна трэба прапанаваць супрацу. Гэта фонд «Тутака», фонд, які займаецца беларускай культурай і таксама падтрымлівае беларускую мову. Мы прапануем усім супрацу, а хто адгукнецаа – будзем рады.

— Як вы ацэньваеце стан беларускай мовы сярод тых беларусаў, якія прыехалі з Беларусі за апошнія гады?

— Я бачу дакладна, што ёсць тэндэнцыя, што людзі, якія нават былі вельмі далёка ад беларускай культуры і ўвогуле ад паняцця беларушчыны ў Беларусі да 2020 года, якія з’ехалі зараз больш выкарыстоўваюць беларускую мову. Гэта стала такім модным трэндам. Людзі, якія не могуць нічога зараз зрабіць для Беларусі, калі з’ехалі ў замежжа, яны такім чынам падтрымліваюць свой супраціў і паказваюць, што яны не «перагарнулі старонку», што незалежна, дзе яны знаходзяцца, яны ўсё роўна беларусы.

— То бок атрымліваецца, што беларуская мова гэта больш такі маркер, чым сродак зносін?

— Пакуль што так. І я думаю, што менавіта на гэтым трэба рабіць акцэнт для таго, каб далучыць больш людзей да выкарыстання беларускай мовы ў паўсядзённым жыцці.

Таварыства беларускай мовы афіцыйна распачала сваю дзейнасць у Польшчы ўзімку гэтага года. Яго кіраўніком з’яўляецца былы навуковы супрацоўнік Пастаўскага краязнаўчага музея Вадзім Шышко, які цяпер жыве ў Лодзі. Апошняя кіраўніца разгромленага ў Беларусі ТБМ Алена Анісім вітала паведамленне аб адраджэнні дзейнасці арганізацыі ў Польшчы. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал польскага ТБМ.

Comments are closed.