МЗС Швецыі прызначыла дыпламатычнага прадстаўніка пры беларускай дэмакратычнай супольнасці за мяжой. Гэтая місія ўскладзена на Крысціну Юханэсан, якая раней працавала амбасадаркай Швецыі ў Мінску і пакінула Беларусь у жніўні 2023 году.
Па словах Крысціны Юханэсан, працаваць яна будзе са Стакгольму. Новую пасаду плануе сумяшчаць з пасадай амбасадара Швецыі ў праекце „Усходняе партнёрства”. Сярод задач, якія цяпер ставіць перад сабой, — углыбіцца ў праблемы беларусаў, якія жывуць у Швецыі, інфармаваць жыхароў Швецыі і іншыя міністэрствы аб сітуацыі ў Беларусі.

Я вельмі рада вярнуцца ў беларускі парадак дня, дакладней, я яго не пакідала. Зараз мы будзем працаваць, каб быць больш карыснымі, то бок па канкрэтных накірунках.
Пракаментавала Крысціна Юханэсан гатоўнасць некаторых краін ЕС аднавіць адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам, але ад ацэнкі асобных сябраў ЕС устрымалася.
Пераважае меркаванне, што ў дачыненні да Беларусі трэба прытрымлівацца шляху, які мы вызначылі ў 2020 годзе. Аднавіць? А вакол чаго? Мы, прынамсі, не бачым ініцыятыў ці нейкіх сустрэчных дзеянняў, якія б матывавалі такія дзеянні.
Што тычыцца вызвалення палітвязняў, то па словах спецпасланніка, у Еўрасаюза практычна няма рычагоў для вырашэння праблемы палітзняволеных у Беларусі.
“Прайшло больш за тры гады. Мы ведаем, што некаторыя выходзяць, адседзеўшы свой тэрмін, новых забіраюць. Гэта нейкі канвеер. Выглядае ўсё вельмі несуцяшальна. У межах ЕС мы ўздымаем гэтае пытанне, але рычагоў у нас практычна няма на сёння. Трэба працягваць нагадваць грамадскасці нашых краін, што гэтыя людзі ўсё яшчэ знаходзяцца за кратамі. Пакуль я не бачу іншых канкрэтных магчымасцей”.
Comments are closed.