Loading

Аналіз кантэнту сербскіх СМІ пасля пачатку поўнамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны ў лютым 2022 года дазваляе зрабіць выснову, што з-за прысутных у інфармацыйнай прасторы прыхільных Расіі або адкрыта прарасійскіх наратываў, медыйны пасыл, адрасаваны сербскаму грамадству, часам адрозніваецца ад таго, што можна ўбачыць у прэсе і тэлебачанні іншых еўрапейскіх краін, якія выразна кажуць пра несправакаваны, агрэсіўны і неправавы характар ​​дзеянняў Расіі супраць Украіны. Вышэйзгаданая спецыфіка была заўважана Еўракамісіяй, якая ў кастрычніку 2022 года заявіла, што «[…] частка сербскіх СМІ ўцягнутая ў адкрытую і прарасійскую дэзінфармацыйную кампанію».

Гэтую думку пацвярджаюць даследаванні сербскіх журналістаў, якія займаюцца тэмай медыйнай дэзінфармацыі. Іх аналіз ахапіў 4 тысячы артыкулаў пра вайну ва Украіне ў папулярных сербскіх газетах у перыяд з лютага па ліпень 2022 г. У выніку даследавання 61% тэкстаў былі вызначаны як нейтральныя (г.зн. іх аўтары «не занялі пазіцыю ніводнага з бакоў»), а 39% тэкстаў артыкулаў былі прызнаныя неаб’ектыўнымі і субʼектыўнымі. У апошняй групе пераважалі публікацыі з прарасійскім, антызаходнім і антыўкраінскім наратывам (66%), і іх было ўдвая больш, чым артыкулаў з антырасійскай, празаходняй і праўкраінскай пазіцыяй (26%).

Дамінуючы медыйны пасыл: ад нейтральнага да прарасійскага наратыву

Шэраг аргументаў дазваляюць сцвярджаць, што палітыка дэклараванага – і, паводле некаторых меркаванняў, неадназначнага – нейтралітэту сербскіх улад у дачыненні да расійскай агрэсіі супраць Украіны знайшла сваё адлюстраванне ў інфармацыйных праграмах сербскіх грамадскіх вяшчальнікаў. Такую падачу інфармацыі можна лічыць збалансаванай, больш-менш сіметрычнай і пэўным чынам нейтральнай. Там прадстаўлены пазіцыі абодвух бакоў і розныя – не заўсёды аб’ектыўныя і абгрунтаваныя – меркаванні і наратывы наконт цяперашняй вайны, але часта не хапае інфармацыі пра неправавы характар ​​расійскай агрэсіі і ваенных злачынстваў расійскай арміі ва Украіне.

У сваю чаргу, кантэнт, прадстаўлены праўладнымі, папулярнымі прыватнымі СМІ можна лічыць адкрыта прарасійскім ці на карысць на карысць расійскіх наратываў. Расказваючы пра падзеі ва Украіне, гэтыя СМІ часта падаюць фэйкавыя, а часам і відавочна абсурдныя, заявы расійскага боку.

Папулярныя сербскія СМІ, якія «сябруюць» з уладамі, распавядаюць пра агрэсію Расіі супраць Украіны часцей за ўсё непрадузята, але ідуць насустрач асобам, што прымаюць рашэнні, і з аднаго боку імкнуцца захаваць нейтралітэт у адносінах да вайны ў Усходняй Еўропе, а з іншага боку, цалкам усведамляюць прарасійскія сімпатыі ў сербскім грамадстве.

І апошняе, але не менш важнае: у Сербіі таксама ёсць СМІ, якія асвятляюць канфлікт на Усходзе такім жа чынам, як і большасць еўрапейскіх вяшчальнікаў (напрыклад, штодзённая газета Danas і тэлестанцыі N1 і Nova S), але іх уплыў на грамадства абмежаваны. У апошнія месяцы гэтыя СМІ надаюць шмат увагі крызісу бежанцаў, цяжкаму становішчу ўкраінскага насельніцтва, ахвярам расійскай агрэсіі і маштабам разбурэнняў ва Украіне.

Паміж нарацыяй і (дэз)інфармацыяй

Аналіз інфармацыі ў сербскіх дзяржаўных і прыватных СМІ пасля пачатку адкрытай агрэсіі Расіі супраць Украіны, дазваляе вылучыць шэраг прыёмаў, тыпаў маніпуляцый і наратыўных дыскурсаў, нейтральных або адназначна падтрымліваючых расійскі бок. Да іх адносяцца, між іншым:

• выкарыстанне нейтральных тэрмінаў і эўфемізмаў у дачыненні да расійскай агрэсіі супраць Украіны. Як вынік у буйных сербскіх СМІ мала гаварылі пра агрэсію, але асабліва на першым этапе, казалі пра «спецыяльную ваенную аперацыю», «ваеннае ўмяшанне» або «ваенныя дзеянні»;

• выбарачнасць у падачы інфармацыі, калі невыгадную для расійскага боку інфармацыю (напрыклад, аб паразах і стратах расійскай арміі, ваенных злачынствах, здзейсненых расіянамі ва Украіне) не публікавалі або давалі ў скарочаным выглядзе без аналітыкі. Выбарачнасць таксама заключаецца ў тым, што змест інфармацыйнага паведамлення грунтуецца на расійскім наратыве (у прыватнасці, цытуюцца навіны, прадстаўленыя расійскімі СМІ, выказванні расійскіх экспертаў і палітыкаў), дапоўненым для захавання аб’ектыўнасці, напрыклад, пазіцыяй украінскага боку ці іншых краін. Такі падыход бачны і ў загалоўках, часта сфармуляваных у спрыяльным для расійскага боку ключы;

• тыражаванне «перавернутых» расійскіх наратываў пра ўмовы і прычыны цяперашняй вайны. У сербскіх СМІ можна знайсці меркаванні, якія апраўдваюць палітыку Расіі ў дачыненні да Украіны. У прыватнасці пішуць пра ваеннае ўмяшанне для абароны насельніцтва Данбаса; пра вымушаную абарону з боку Расіі, якая справакавана і ўцягнута ў вайну шляхам агрэсіўнай палітыкі Захаду і НАТО; пра неапраўданую антырасійскую істэрыку на Захадзе; пра наяўнасць на тэрыторыі Украіны лабараторый па вытворчасці біялагічнай зброі, якія ўяўляюць пагрозу бяспецы Расіі; пра наўмыснае «уцягванне» Украіны краінамі Захаду; пра геапалітычнае суперніцтва паміж Захадам і Расіяй, якое зʼяўляецца сапраўднай прычынай і фонам вайны ва Украіне; пра вайну, якую вядзе Расія супраць НАТА і г. д. Змест, такім чынам, зводзіцца да скрытага або адкрытага сцвярджэння, што сапраўдны агрэсар – гэта Захад і НАТА, а сапраўдная ахвяра – Расія;

• цытаванне расійскіх прапагандысцкіх тэзісаў пра Украіну і ўкраінцаў. У сербскіх СМІ гучаць заявы пра пераслед расіян з боку ўлад у Кіеве; папулярнасць экстрэмісцкіх і неанацысцкіх ідэй ва ўкраінскім грамадстве; ваенныя злачынствы, учыненыя «украінскімі нацыстамі» супраць расійскага насельніцтва Данбаса; пра «вайсковую аперацыю Узброеных сіл Расійскай Фэдэрацыі супраць натаўска-нацысцкага рэжыму ва Украіне»; пра «неафашыстаў»; «дэнацыфікацыю»; або неабходнасць вызвалення Украіны ад «рэжыму» у Кіеве. Такія заявы зʼяўляюцца копіяй антыўкраінскіх наратываў у расійскіх СМІ. Цытаваліся таксама заявы прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, якія ставілі пад сумнеў дзяржаўнасць Украіны;

• утойванне або сумнеў наконт ваенных злачынстваў Расіі ва Украіне. У сербскіх СМІ гучалі меркаванні і наратывы, якія ігнаравалі незаконную і антыцывілізацыйную прычыну агрэсіі Расіі супраць Украіны; стваралі неапраўданую атмасферу двухсэнсоўнасці адносна расійскіх ваенных злачынстваў (расіяне сцвярджаюць, што ўкраінскія спецслужбы сфальсіфікавалі забойства мірных жыхароў»); ці паставілі пад сумнеў відавочныя злачынствы расійскай арміі ва Украіне. У цэлым СМІ пісалі пра нібыта ўчыненыя расійскімі вайскоўцамі злачынствы («верагоднае злачынства»), або цытавалі расійскія пазіцыі аб правакацыях, арганізаваных украінскім бокам («арганізаваная бойня») для дыскрэдытацыі Расіі. Не шмат увагі нададзена пакутам украінскага насельніцтва, што дэманструе ў гэтым плане незразумелую адсутнасць суперажывання ахвярам расійскай агрэсіі;

• перабольшаны ваенны поспехі Расіі на фронце, што прыводзіць да няпоўнага або скажонага ўяўлення аб рэальнай сітуацыі на фронце («Расіяне за адзін дзень акупавалі Украіну»; «Рускія за адзін дзень дайшлі да Кіева! »; «Расіяне прарвалі фронт пад Горлаўкай, ключавая перамога пуцінскай арміі?!»). Такім чынам пісалі пра расійскую армію, якая з пункту гледжання некаторых сербскіх СМІ была моцнай, добра арганізаванай, сучаснай і эфектыўнай ваеннай структурай, што наносіла «высокадакладныя» удары толькі па ваенных абʼектах праціўніка;

• неаднаразовая публікацыя сербскімі таблоідамі спецыяльна падабраных фотаздымкаў прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Гэтыя фатаграфіі, якія часта змяшчаюцца на першай старонцы, у спалучэнні з яркімі загалоўкамі і прарасіскімі нарацыямі, ствараюць падсвядомы пасыл, які павінен сведчыць, што Пуцін зʼяўляецца магутнай і дамінуючай фігурай, моцным і мудрым лідэрам, які эфектыўна супрацьстаіць Захаду і з’яўляецца абаронцам сербскіх інтарэсаў у Косаве.

Такім чынам, змест сербскіх СМІ пра агрэсію Расіі супраць Украіны ў многіх выпадках субʼектыўны, антызаходні і прарасійскі. Няпоўная інфармацыя, паўпраўда, фэйк ньюс і тэорыі змовы зʼяўляюцца ў папулярных медыя. У выніку кантэнт, прадстаўлены некаторымі сербскімі СМІ, утрымлівае элементы дэзінфармацыі і прапаганды, якія спрыяюць падтрыманню антызаходніх і прарасійскіх настрояў у сербскім грамадстве і аддаляюць Сербію ад іншых еўрапейскіх дзяржаў, пазіцыя якіх па вайне ва Украіне адназначная.

У першыя месяцы вайна ва Усходняй Еўропе, несумненна, была адной з самых важных тэм, прадстаўленых у сербскіх СМІ, пазней – верагодна, з-за ўсё больш відавочнай расійскай агрэсіі, шакуючых расійскіх ваенных злачынстваў і наступных паражэнняў узброеных сіл Расіі – цікавасць сербскіх СМІ да тэмы вайны ва Украіне заўважна знізілася. Больш за тое, бравыя паведамленні аб ваенных поспехах Расіі, першапачаткова прадстаўленыя некаторымі СМІ, змяніліся больш узважанымі наратывамі, з’явіліся галасы, якія ставяць пад сумнеў баяздольнасць расійскай арміі, і традыцыйны прарасійскі дыскурс, які яшчэ адчуваецца ў сербскіх СМІ, быў часткова змякчаны.

 

Падпісвайцеся на наш тэлеграм t.me/radiounetfm

Comments are closed.