Беларускі журналіст, медыяменеджар і блогер Сяргей Прохараў у супрацоўніцтве з «Кіберпартызанамі» зрабіў расследаванне, як пад кіраўніцтвам беларускай амбасады і спецслужбаў у Кіеве псеўдадыяспары працавалі на шкоду Украіне і беларусам.
Відэа выйшла на канале «Рудабельская паказуха». У эфіры «Світанку свабоды» Сяргей распавёў пра працу над расследаваннем і пра супрацоўніцтва з Нобелеўскім лаўрэатам прэміі міру, украінскай праваабарончай арганізацыяй «Цэнтр грамадзянскіх свабод».
З размовы:
- Тэмай псеўдадыяспар у беларускай медыяпрасторы асабліва ніхто не займаўся. Магчыма, яны нікога не цікавілі па прычыне сваёй малой колькасці. Бо яны хутчэй адыгрывалі ролю на ўнутраным дыпламатычным узроўні. Не сакрэт, што пры амбасадах заўсёды ёсць людзі, якія вядуць агентурную работу, а таксама ствараюць медыйныя падзеі.
- Усім вядомыя мітынгі пад беларускай амбасадай у Кіеве, на якія зганялі нейкіх пенсіянераў. Гэты выглядала камічна і бязглузда, але спрацоўвала, як інфападстава для украінскай і беларускай медыя прастораў. Таму стала цікава, што за людзі стаяць за такімі арганізацыямі, як яны прадстаўлены ў сацсетках.
- Прадметам расследавання сталі асобы, якія стаяць за «Усеўкраінскім саюзам беларусаў» і грамадскім аб’яднаннем «Беларусы Украіны». І хоць афіцыйныя старонкі гэтых арганізацый фактычна пустыя, людзі з іх кіраўніцтва ўзгадваюць сваіх партнёраў у асабістых акаунтах.
- Адна з мэтаў гэтага расследавання — паказаць украінцам, што не варта ставіць знак роўнасці паміж лукашыстамі і беларусамі, якія супраць рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна. Шмат беларусаў падтрымліваюць Украіну рознымі шляхамі і змагаюцца разам з ёй, у адрозненне ад такіх лукашыстаў, якія шкодзілі Украіне, а з пачаткам вайны з’ехалі.
Comments are closed.