Loading

15 чэрвеня ва ўсім свеце адзначаецца Дзень абароны людзей сталага ўзросту. У жніўні 2020 менавіта пенсіянеры сталі адным з рухавікоў беларускага пратэсту. Сталыя людзі выходзілі на ўласныя маршы і паказвалі прыклад моладзі.

Пасля таго, як улады жорстка задушылі мірны супраціў, пад рэпрэсіі патрапілі і ўдзельнікі маршаў пенсіянераў. Сталым людзям давялося з’ехаць з дому і пачаць новае жыццё за мяжой.

Пра тое, наколькі складана эміграваць у пенсійным узросце, ці сапраўды старэйшыя людзі больш падатлівыя прапагандзе і як стаць блогерам, калі табе за 70, у эфіры радыё Ўнэт распавяла вядоўца ўласнага youtube-блога Аляксандра Ханевіч.

Сцісла ў размове:

  • У Польшчы я апынулася, бо выбар быў невялікі: альбо турма, альбо эміграцыя. У Беларусі я ўзначальвала ветэранскую арганізацыю ў Гродна, у якой было больш за 1700 чалавек. І я павінна была расказваць, што ў Беларусі ўсё добра, што гэта краіна для жыцця. Аднак пасля затрымання ў нас у горадзе Сяргея Ціханоўскага я так рабіць не магла. У выніку пасля выбараў я сама патрапіла за краты.
  • У мінулыя гады пенсіянеры падтрымлівалі Лукашэнку, бо напярэдадні выбараў ён заўжды падвышаў пенсіі. Хоць на 5 рублёў, але ўсё роўна было прыемна. Але, калі старэйшыя людзі ўбачылі, як пасля фальсіфікацыяў масава выходзіць моладзь, то заставацца ў баку яны ўжо не маглі.
  • Раней старэйшыя людзі баяліся вайны, а цяпер баяцца ўладаў. Пенсіянеры бачаць, што раней на нашых землях былі фашысты нямецкія, а цяпер свае.
  • Нядаўна я давала інтэрв’ю «Белсату» і выказала меркаванне, што цяпер у Беларусі ўлады падтрымліваюць нават 80% насельніцтва. Пасля гэтага мне адразу ж напісала знаёмая: «Саша, мы не зніклі, наша суполка, якая была пры табе, засталася. Толькі цяпер мы ў падполлі і дапамагаем сем’ям палітвязняў».
  • Аднойчы я ўбачыла, youtube-канал расіянкі, якая пераехала ў ЗША і распавядала пра жыццё ў замежжы. Я адразу падумала, што таксама магу цікава распавесці пра свой досвед эміграцыі. Тым больш, па дзяржаўным тэлебачанні пастаянна кажуць, што Польшча пагражае бяспецы Беларусі, але гэта ж няпраўда. І мне важна было казаць пра гэта сваім гледачам.

Comments are closed.